Аляксей Гайдукевіч піша пра новы рух «за здаровы лад жыцця», які за некалькі год ахапіў англамоўныя краіны, у чым яго асаблівасць і чаму ён набірае папулярнасць сярод людзей, якія не маюць залежнасцяў ад алкаголю і наркотыкаў.
Для беларусаў сталае развіццё і змяненне грамадскай супольнасці на Захадзе з’яўляецца даволі незразумелым працэсам. Жыхары нашай краіны настолькі прызвычаіліся да пасіўнага і безадказнага існавання, што для большасці грамадскі актывізм з’яўляецца дзіўнай «навіной». Напрыклад, для некаторых нават сапраўды актыўных грамадзянаў Беларусі сапраўдным шокам быў артыкул пра Добраахвотніцкія пажарныя дружыны ў Польшчы.
У Беларусі мала хто можа сабе нават уявіць, што дарослыя людзі могуць бескаштоўна трэніравацца і ў вольны ад асноўнай працы час займацца пажарнай аховай. А гэта адбываецца адразу за нашай заходняй мяжою.
Што ўжо казаць пра Новы свет. Пра ЗША, дзе за новымі ініцыятывамі ў абсалютна розных галінах грамадскага жыцця не паспяваюць сачыць нават адмыслоўцы.
Цвярозая цікаўнасць — новы паспяховы трэнд сярод актыўнай моладзі
Новы рух, які за некалькі год ахапіў усе англамоўныя краіны, можна назваць модай на здаровы лад жыцця 2.0.
Асаблівасцю гэтага кірунку ў грамадскім актывізме з’яўляецца перадусім ягоная магістральная накіраванасць на пабудову супольнасцей. А таксама тое, што
бадай упершыню мода на цвярозасць ахоплівае не людзей з відавочнымі праблемамі са здароўем, залежнасцямі ад алкаголю і наркотыкаў.
Галоўная мэтавая група супольнасцей, якія развіваюцца ў ЗША, Англіі, Аўстраліі і Новай Зеландыі — «шэрая зона» спажыўцоў.
Попыт на цвярозасць і ўцягненне ў актывізм распаўсюджваюцца сярод тых, хто ўжывае час ад часу.
Папулярная з’ява атрымала назву «цвярозая цікаўнасць» (sober curious). Чаму «цікаўнасць»? Бо актывісты першапачаткова не даюць адназначных ацэнак, а запрашаюць людзей задаць сабе толькі некалькі простых пытанняў:
— Калі я п’ю, я раблю гэта таму, што сам хачу, ці можа таму, што лічу гэта патрэбным у кампаніі? — Калі я злоўжываю, калі і чаму? — Няўжо я павінен прачынацца з пахмелля кожны раз, калі цягнуся да шклянкі? — Што я атрымаю, а што страчу, калі адмоўлюся?
І гэтак далей.
Такім чынам, на мерапрыемствах супольнасцей па ўсім свеце могуць апынуцца і людзі, якія не ўжываюць дзесяцігоддзямі, і тыя, хто выпіваюць «на Новы год і дзень нараджэння», але цікавіцца, навошта гэта трэба. І шмат іншых катэгорый людзей, якія задумаліся аб уласным фізічным, ментальным здароўі, сацыяльнай адказнасці.
Фота: angartwork.akamaized.net
Рух sober curious далёкі ад любых забаронаў і абмежаванняў. Гаворка не столькі пра адразу поўную адмову ад алкаголю, колькі перагляд стаўлення да гэтага рэчыва і змена звязаных з ім звычак. Гэтаму дапамагаюць клубы мясцовых цвярозых супольнасцей, мабільныя прылады, кнігі, курсы і даследаванні.
Чытайце яшчэ:Як дабрачыннасць умацоўвае салідарнасць у грамадстве
Адна са стваральніц супольнасці «цікаўных» у Нью-Йорку, а таксама аўтарка адной з найбольш папулярных кніжак па тэме Рубі Уарынгтан (Ruby Warrington) падкрэслівае: «Я супраць забаронаў. Я за праўдзівую інфармацыю і цікаўнасць. Прымаючы рашэнне ўжыць такую субстанцыю, як алкаголь, чалавек мусіць быць праінфармаваны і рэальна ўсведамляць, што гэта наркотык, які выклікае прывыканне. Ведаць, з чым мае справу. едаць, што, напэўна, цяжэй захаваць абсалютна абыякавае стаўленне да алкаголю, чым стаць залежным на нейкім узроўні».
І грамадскі імпэт, і бізнес-разлік
Як амаль заўжды бывае на Захадзе, большасць грамадскіх ініцыятываў маюць цалкам распрацаваныя планы па іх далейшай манетызацыі. І ў гэтым няма ніякай заганы.
Бо для развіцця любой ініцыятывы патрэбныя сродкі, якія не заўжды ў стане забяспечыць дабрачынныя ці дзяржаўныя фонды.
М. Дж. Готліб (M. J. Gottlieb), кіраўнік праекта адной з папулярных мабільных прыладаў Loosid для sober curious, адзначае: «Па апошніх даных, 47% дарослых жыхароў ЗША спрабуюць скараціць спажыванне алкаголю ў гэтым годзе. І 66% амерыканскіх мелініялаў... Больш за 50% назвалі здароўе асноўным фактарам матывацыі... У любой сацыяльнай групе знаходзіцца шмат людзей, зацікаўленых цвярозасцю. Амерыканцы не ўсведамляюць, што больш за траціну насельніцтва не п’е».
У кампаніі Loosid своечасова ацанілі памеры попыту сярод жыхароў Нью-Йорка. І аб’ядналі амаль 80 000 карыстальнікаў сваёй мабільнай прылады. Для іх ладзяцца спартыўныя, культурніцкія мерапрыемствы, сямейныя святы. Нават у гэтай невялікай сацыяльнай сетцы карыстальнікі адразу падзяліліся па сацыяльных катэгорыях. З’явіліся групы актывістаў-хрысціянаў, спартоўцаў, мастакоў, падзелы па расавай і нацыянальнай прыналежнасці.
Такія рэсурсы і групы ў папулярных сацмедыя, з падобнай сегментацыяй і разнастайнасцю адразу прыцягнулі ўвагу рэкламадаўцаў. Бо калі ёсць попыт — узнікае прапанова. Дробныя бровары прапануюць свае безалкагольныя напоі, мясцовыя рэстараны запрашаюць у безалкаголныя зоны. Асабліва пад час тэматычных «цвярозых месяцаў» — акцый у сацыяльных сетках, якія праводзяць актывісты і супольнасці, напрыклад, «Цвярозы студзень» (Dry January) .
Фота: img.particlenews.com
Нельга адкідаць і зацікаўленасць буйных эканамічных і палітычных гульцоў на Захадзе, якія могуць бачыць пазітыў у пашырэнні ідэяў sober curious. Яны таксама ўмеюць планаваць манетызацыю. Улічваючы дэмаграфічнае становішча, цалкам верагодна, што істэблішмент можа рабіць стаўку на паступовае аздараўленне грамадства. Бо цвярозы, маральна ўраўнаважаны грамадзянін безумоўна лепшы спажывец і падаткаплацельшчык, чым выпівоха з падарванай алкаголем і наркотыкамі псіхікай, няхай нават і не да канца.
Пабудова супольнасцей і экспансія
Нягледзячы на даволі лаяльнае стаўленне да спажывання алкаголю ў асяродках sober curious, лідары меркаванняў руху заўжды падкрэсліваюць неабходнасць імкнення да абсалютнага пазбаўлення ад шкоднай звычкі сярод сваіх прыхільнікаў.
Часта прыводзяць прыклад палення цыгарэтаў. Колькасць тытунёвазалежных дарослых у ЗША з 2005 года скарацілася на траціну, і тэндэнцыя працягваецца. А ўявіць чалавека з цыгарэтай у рэстаране ці бары ўжо немагчыма.
Актывісты новага руху добра ўсведамляюць, што нягледзячы на стэрэатыпы аб «сацыяльнай функцыі наркотыкаў», насамрэч іх ужыванне толькі раз’ядноўвае грамадства, разбурае сацыяльныя сувязі. Асабліва ў сітуацыі пандэміі і ва ўмовах тэхнічнага прагрэсу. Бо пасля момантаў эйфарыі прыходзіць немінучая дэпрэсія.
Чытайце па тэме: Алкагалізацыя і грамадская актыўнасць
Таму супрацьпастаўляюць ужыванню алкаголю і іншых псіхаактыўных рэчываў стварэнне супольнасцей: M. J. Gottlieb устрымліваецца ад выкарыстання слова «тэндэнцыя» для апісання з’явы sober curious. Разглядае яе як рух з працяглым уздзеяннем на грамадства.
«Амерыка аздараўляецца, — кажа ён, — і людзі разумеюць, што ім не патрэбныя сацыяльныя лубрыканты ў выглядзе наркотыкаў для стварэння сацыяльных сувязей. Мы ствараем бяспечную прастору для зносін і ўзаемадзеяння людзей».
Праект Loosid пачынаўся як звычайная мабільная прылада падобнага кшталту. Са стандартным наборам функцый — лічыльнік цвярозых дзён карыстальніка, матывацыя ад спецыялістаў і іншых удзельнікаў. З часам ён трансфармаваўся ў сапраўдную медыясетку.
Уласнікі акаўнтаў не толькі абменьваюцца досведам і аб’ядноўваюцца ў суполкі, але арганізуюць сустрэчы ў Нью-Йорку, Нью-Джэрсі, Філадэльфіі, прыцягваючы да ўдзелу мясцовыя рэстараны і кавярні, спартыўныя клубы і вытворцаў безалкагольных напояў.
Кіраўнік кампаніі запэўнівае, што праект будзе ахопліваць і іншыя штаты. Таксама ў планах перасячы акіян.
Колькасць публікацыяў па тэме цвярозай цікаўнасці ў еўрапейскіх выданнях дае падставы такім кампаніям, як Loosid, разлічваць на поспех экспансіі на Старым кантыненце. Яны і не хаваюць гэтых планаў. І распрацоўваюць варыянты заходу і на гэты рынак.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org
Ілюстрацыя ў шапцы: thelily.com