Заняткі Мова Нанова па тэме “Музыка”, якія прайшлі 4 красавікаў ў Бабруйску, пачаліся, па традыцыі, з “хатняга задання”.
На мінулым тыдні мы разбіралі тэму “Ежа”, таму Вольга склала кулінарную азбуку, у якой трэба было адгадаць страву ці харчовы прадукт. Нашы студэнты даволі хутка знайшлі ўсе адказы, то бок, мінулыя заняткі добра адклаліся ў іх памяці)
Алеся правяла дзве музычныя віктарыны. У першым выпадку трэба было адгадаць песню і выканаўцу па невялікіх вершаваных урыўках з беларускамоўных кампазіцый. У другім – здагадацца, аб кім з нашых музычных зорак ідзе размова (з дапамогай цікавых біяграфічных фактаў). Усе пераможцы былі ўзнагароджаныя кнігамі і паштоўкамі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, навічкі, традыцыйна, атрымалі паштоўкі з серыі “Не маўчы па-беларуску”.
Таксама студэнты азнаёміліся з ілюстраваным музычным слоўнікам, даведаліся пра дзеясловы ў 1-ай асобе множнага ліку загаднага ладу. Паглядзелі адну з частак фільма “Старыя інструменты Беларусі”, пра колавую ліру.
Вольга прапанавала студэнтам скласці ўласны хіт-парад беларускіх музычных хітоў, а таксама адзначыць песню-візітоўку. Найбольш папулярным варыянтам стала песня “Касіў Ясь канюшыну” і паланэз “Развітанне з Радзімай” Агінскага, гуртом – “Ляпіс Трубяцкі”.
Дзякуючы нашым цудоўным гасцям – дудару Змітру Мурашку і знаўцы народных традыцый Юліі Літвінавай, мы не толькі пачулі жывую музыку, але і станчылі пад яе. Паспявалі пад беларускую дуду “Ружу кветку”, і развучылі пад кіраўніцтвам Юліі “кракавяк”. Гэтым разам нашы заняткі наведала 18 студэнтаў. Тэмай наступных абралі “Адзенне”. Наступныя заняткі адбудуцца 11 красавіка.
Тэгі: Бабруйск