Сярод дзясятка самых папулярных і ўжо традыцыйных айчынных нараканняў адно з перадавых месцаў займае, безумоўна, блюз пра русіфікацыю беларускае мовы ў саўку. Што спачатку яна была крынічная, духмяная і чыстая, да кастрычніцкай рэвалюцыі. А пасля навалы страшная бацыла русізму пачала раз’ядаць некрануты белы цалік роднай мовы. Аднак тэксты ХХ стагоддзя наштурхоўваюць на думку, што акурат чырвоныя сцяганосцы істотна “беларусізавалі” беларускую мову.
Фальшыўка, сфабрыкаваная ў Расіі
“Гэта хлусня, што за жах, падробка!” – можа пачаць лаяцца шараговы аматар мовы пры сустрэчы з выпускамі газеты “Наша ніва” першых гадоў або пры чытанні не папраўленых Лёсікамі да Станкевічамі апавяданняў Коласаў ды Гарэцкіх. Бо той ідэалізаваны вобраз нараджэння беларушчыны з расказаў настаўніцы ды эсэістыкі новых адраджэнцаў не вяжацца ў свядомасці з сіняватым перапэцканым немаўлём з выразам крыўды на твары. Да таго ж, неадпаведнасць чаканага і рэальнага, прыпраўлена панічным страхам перад Трасянкай – новым паганскім боствам, якое замяніла сабой у светаглядзе беларуса ліхаманку, трасцу і мару (якая ў некаторых паветах мае рысы кадука).
“Глаўны министр, кажуць, заявиў, што Дума павинна быць паслушна правицельсву” (НН, 1906, №3); “У комнатах Думскаго палацу ходзяць хахлацкие дэпутаты и вядуць вясёлы разгавор аб выбарах” (НН, 1907, №10); “Дума абсудзила и зацьвярдзила даходы казны” (НН, 1908, № 14); “Беларусь ждзе не даждзецца новых законаў, каб палажыць канец крыўдам и несправедливасьци” (НН, 1908, №15); “У перэстрэлцы выбегшых с казармоў салдатоў з уцекачом – Бакурадзе, забіты адзін ефрейтар, ранены паручнік і унцер-афіцэр” (НН, 1913, №4).
Сёння адны за такое перасталі б вітацца пры сустрэчы, каб, крый Божа, не падчапіць заразу, другія прынялі б за праўдзівы хіпстарскі сцёб, а насамрэч – гэта проста і даступна па-беларуску выкладзеная інфармацыя для чытачоў газеты.
З часам на старонках “Нашай нівы” працягвала выпрацоўвацца літаратурная беларуская мова, і паступова на месца правіцельсвтва і гасударства прыйшлі звыклыя сёння ўрад і дзяржава. А назвы месяцаў перасталі дубляваць у дужках звыклымі для народа апрылем-юнем-юлем.
Калі барукаюцца душы
Уласна 1920-30-я гады ў Савецкай Беларусі сталіся перыядам кшталтавання беларускага канцылярскага, публіцыстычнага, навуковага стылю ў тым выглядзе, які яны маюць сёння. Вядома, многім тагачасным дзеячам хацелася вышэй, мацней, чысцей, хаця ў выніку рэакцыі на разбудову літаратурнай мовы чагосьці не ўдалося пралабіраваць у слоўнікі ды граматыкі. А ў маштабах нейкай агульнасусветнай моўнай справядлівасці тое, што ў 1920-я гады ў Коласа выкрэслівалі народны словы настаяшчы і прыятны, замяняючы на “больш беларускія” сапраўдны і прыемны, у нечым апраўдвае з’яўленне “русізмаў”, прасунутых іншымі рэдактарамі праз 10-20 гадоў.
Пра тое, што беларуская літаратурная мова ў раннесавецкі час хілілася на захад і мела ў сваёй аснове “шляхецкі” варыянт і ў галіне фанетыкі, і ў галіне лексікі, расклаў па палічках яшчэ Іосіф Воўк-Левановіч (дарэчы, ён – вораг №2 пасля Трасянкі і яе зямное ўвасабленне, бо, паводле старажытнай легенды, хацеў тую трасянку ўзаконіць – прапаноўваў пашырыць дзеканне з цеканнем на запазычаныя словы, каб быць бліжэй да народа). Ды і Яўхім Карскі выказваўся, што, маўляў, віленская моўная мафія ігнаруе ўсходнія беларускія гаворкі і прасоўвае свае панямонскія штучкі. Так ці іначай, хаця мы сёння ў афіцыйным правапісе не маем выкшталцоных лёгікі з філязофіяй, але засталіся яўна не рабоча-сялянскія тэмы, дыядэмы і піфагоравы тэарэмы. “Моўным сялянам” і ў савецкі час, і цяпер у літаратурную мову можна прыносіць толькі Рэдкія і Адметныя Слоўкі, пажадана, каб безэквівалентныя ў дачыненні да расійскай мовы. Наогул, кожны аматар беларушчыны павінен мець унікальны выбарачны слых, каб недзе на вёсцы не чуць “паганага і сапсаванага”, а толькі зацемліваць у памяці нешта накшталт наўзбацяніцца і ўраспорсткі*.
Пан – бок абадран
У цэлым гэта натуральна для літаратурнай мовы падчас яе фармавання – выбіраць самае прыдатнае і ўнікальнае і ў разумных межах трохі адштурхоўваць агульнае з суседнімі мовамі, асабліва, калі гаворка ідзе пра таго суседа, які дамінуе ў рэгіёне і доўгі час не прызнаваў самастойнасці тваёй мовы. Але з іншага боку, літаратурная мова месцамі адышла даволі далёка ад народнай асновы, і калі школа, праца, тэлевізар вучаць людзей не сваёй літаратурнай, а мове суседа, гэта не на руку беларускай. І сапраўды, навошта і спрабаваць гаварыць мовай, якой за ўсё жыццё не вывучыш (хаця яна твая родная), калі ўсё адно будуць патрасаць трасянкай: тут ты памыліўся, і вось тут, ага, і яшчэ вунь там. Мова, на якой нельга ўзяць і загаварыць, – перад гэтым трэба абавязкова скончыць філфак, прачытаць слоўнік Насовіча, усю класіку з алоўкам, выпісваць фразеалагізмы ў нататнік і толькі пасля дбайнай падрыхтоўкі пачаць размаўляць штодзень.
Неаднаразова даводзілася чуць меркаванне, што, я за беларускую мову, але за такую, простую, як людзі гавораць, во каб яна была дзяржаўнай – то б усе на ёй шпарылі і было б нам шчасце.
Сапраўды, не дужа лагічна казаць пра сялянскасць і звышрусіфікаванасць сучаснай беларускай літаратурнай мовы, якая так ці іначай сфармавалася ў савецкі час, бо карыстаецца ёй пераважна сучасная “шляхта” (пра яе маральныя якасці і праўдзівую шляхетнасць гаворкі не вядзем), якую астатнія скарэй за палякаў прымуць або за настаўнікаў. Таму няма чаго дзіву давацца, што нас “народ” не разумее, бо гарадскія беларускамоўныя – гэтая тыя ж паны, толькі бяз грошай і ўласьці.
__________
* Словы прыдуманы аўтарамі, любыя супадзенні з сапраўднымі дыялектнымі словамі – чыстай вады выпадковасць.
Уладзь Лянкевіч і Алена Пятровіч