Гурт «Мутнаевока» прэзентуе на Ultra-Music сінгл «Апантаны», які, па словах музыкаў, адлюстроўвае свежае гучанне гурта. Рэліз змяшчае два трэкі: аднайменны «Апантаны», а таксама песню «Восьмая восень».
— Песня «Апантаны» — гэта шчырая споведзь пра любоў без лішніх словаў і прэлюдый, — кажа лідар гурта Яўген Змушка. — Цыклічнае паўтарэнне фразы «я плыву» ахарактэрызоўвае ўтапічны кругаварот пошукаў адказаў на спрадвечнаыя пытанні, пастаўленныя чалавекам самому сабе: Што ёсць свабода? Што ёсць любоў? У ва што я веру? Наколькі я здольны да канца праплыць па вытоках сваёй крыніцы?
Запіс будучага альбому гурта ладзіўся ўласнымі сіламі. У якасці саўндпрадусараў выступалі самі музыкі, а таксама гукарэжысёр Анатоль Шманай.
— Кампазіцыя «Апантаны» у яксці прэм’еры была адабрана невыпадкова: па-першае, яна адлюстроўвае свежае гучанне ансамбля, тым самым крыху зазіраючы у будучы кірунак гурта, а па-другое, гэта ёсць канстатацыя формы сацыяльнай нязгоды як адно з выяўленняў панк-року, — кажа Яўген.
Прэзентацыя новага альбома гурта адбудзецца на наступным тыдні на Ultra-Music. Канцэртная прэзентацыя другога альбома «Мутнаевока» адбудзецца ў мінскім клубе Re:Public 22 траўня. Таксама музыкі плануюць зняць кліп на адну з кампазіцый.
Гурт «Мутнаевока» актыўна дзейнічае з 2009 года. Дэбютны паўнафарматнік гурта «Пошлы гламур» выйшаў у 2010 годзе. Музыкі прымалі ўдзел у буйных фестывалях «Рок за бобров», «Соседний мир», «Рок-млын».
Аляксандр Чарнуха, Ultra-Music