У Вільні выйшла манаграфія польскага беларусіста Міраслава Янковяка пра сучасныя беларускія гаворкі ў Літве

У Вільні пры падтрымцы Інстытута літоўскай мовы выйшла манаграфія польскага беларусіста Міраслава Янковяка «Сучасныя беларускія гаворкі ў Літве. Том 2: Шальчынінкайскі раён» (на польскай мове), піша reform.news.

«Sučasnyja bielaruskija havorki ŭ Litvie. Tom 2: Šaĺčyninkajski rajon»

У першым томе разглядаліся беларускія дыялекты, якія выкарыстоўваюцца ў паўднёвай частцы краіны (Варэнскі раён). Гэты том знаёміць чытача з Шальчынінкайскім раёнам, у якім разам з Віленскай акругай фіксуецца гістарычна даволі аднастайны і моцна паланізаваны шэраг беларускіх дыялектаў.

З беларускага боку Шальчынінкайскі (або Салечніцкі) раён мяжуе з Воранаўскім, Іўеўскім і Ашмянскім раёнамі Гродзенскай вобласці.

Як і першая манаграфія, прысвечаная Варэнскаму раёну Літвы, новая кніга змяшчае нарыс пра сацыялінгвістычную сітуацыю ў рэгіёне і ўласна характарыстыку мясцовых беларускіх гаворак (фанетыка, марфалогія, сінтаксіс, лексіка). Важныя складнікі выдання — тэматычны слоўнік, свежыя дыялектныя тэксты і фотаздымкі.

Усяго ў гэтай серыі плануецца шэсць тамоў. Манаграфіі пра Варэнскі і Шальчынінкайскі раёны ўжо выйшлі, наперадзе — падобныя даследаванні пра Вільнюскі, Тракайскі, Швянчонскі ды Ігналінскі раёны.

Выданне можна набыць у кнігарні Інстытута літоўскай мовы (P. Vileišio g. 5, Vilnius).

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць