Сталічныя ўлады адмовіліся ад плянаў пераезду Нацыянальнага гістарычнага музэя ў Пішчалаўскі замак на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе да нядаўняга часу разьмяшчаўся сьледчы ізалятар № 1, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на «Минск новости».

Пра гэта паведаміў старшыня камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Віктар Гуцько. На пытаньне вядоўцы праграмы «Говорит и показывает Минск», ці праўда гэта, што, паводле неафіцыйнай інфармацыі, у Пішчалаўскім замку плянуюць разьмясьціць Нацыянальны гістарычны музэй, ён адказаў:
«Так, сапраўды разглядалася такая магчымасьць, але ад гэтай ідэі адмовіліся, разьмяшчэньне Нацыянальнага гістарычнага музэя ў гэтым комплексе не плянуецца», — узаявіў Гуцько.
Паводле яго, сёньня гарадзкія службы «вядуць працу над тым, каб прыстасаваць гістарычны аб’ект пад іншыя функцыі». Пад якія менавіта — чыноўнік не ўдакладніў.
Пішчалаўскі замак (больш вядомы як «Валадарка») у 2025 годзе адзначыць 200-годзьдзе. Нядаўна ўсіх вязьняў адтуль перавялі ў новы сьледчы ізалятар у прыгарадзе.
- Пішчалаўскі замак зьявіўся ў Менску ў 1825 годзе, архітэктар Казімер Хрышчановіч спраектаваў яго на замову памешчыка Рудольфа Пішчалы як каменную фартэцыю-замак.
-
Раней у вязьніцы ўтрымлівалі ўдзельнікаў паўстаньняў 1831 і 1863 гадоў. На турэмнай браме за замах на генэрал-губэрнатара Паўла Курлова ў 1906 годзе быў павешаны Іван Пуліхаў. За свае перакананьні ў розныя гады тут сядзелі клясыкі беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Алесь Дудар. Якуб Колас адседзеў за ўдзел у несанкцыянаваным зьезьдзе радыкальна настроеных настаўнікаў, Максім Танк — за нелегальны пераход савецка-польскай мяжы. Памятаюць сьцены Пішчалаўскага замку і Фэлікса Дзяржынскага, Юзэфа Пілсудзкага, Барыса Савінкава.
-
Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі турэмны астрог атрымаў негалосную назву «Валадарка» (вуліцу Серпухаўскую тады перайменавалі ў вуліцу Валадарскага). Замак перажыў і Другую ўсясьветную: немцы яго таксама выкарыстоўвалі як турму.
-
Да пачатку 2024 году ў будынку было СІЗА № 1. У канцы красавіка вязьняў «Валадаркі» перасялілі ў новыя карпусы ў прыгарадзе Менску.Пасьля зьявілася інфармацыя, што на месцы знакамітага СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага разьмесьціцца Нацыянальны гістарычны музэй.
-
З 1994 і да 2024 году празь СІЗА на Валадарскага прайшлі сотні палітвязьняў.
-
Прыкладна з 1998 году ў Менску вяліся размовы пра тое, каб збудаваць новае СІЗА і перадаць замак гораду. Толькі ў 2008-м, пасьля таго як адна зь вежаў замка абвалілася, пастанавілі збудаваць новы сьледчы ізалятар у Калядзічах. Будоўля новага СІЗА пачалася ў 2010-м, але зацягнулася амаль на паўтара дзясятка гадоў.
-
За гэты час было шмат прапановаў, што далей рабіць зь Пішчалаўскім замкам. Былі прапановы зрабіць нешта кшталту музэю тэрору і нават ідэі ператварыць былую вязьніцу ў экзатычны гатэль з нумарамі-камэрамі. У 2017 годзе на хакатоне «Будучыня Пішчалаўскага замку», арганізаваным грамадзкай ініцыятывай «Менская ўрбаністычная плятформа», перамагла прапанова стварыць там грамадзка-культурны цэнтар (дзе будзе музэй, выставачны комплекс, «інстытут» для працы навукоўцаў, адкрытая прастора, рэстаран, бібліятэка і нават пякарня) і максымальна захаваць аўтэнтычнае аблічча комплексу.
-
Гісторык Захар Шыбека ў камэнтары Свабодзе дапусьціў, што Пішчалаўскі замак могуць і разбурыць, бо «гэта такі „смачны“ кавалак зямлі ў цэнтры гораду».
