«Хачу, каб выцінанка стала нашым нацыянальным брэндам!» — сказала 20 гадоў таму Вольга Бабурына. Цяпер яна мае ганаровае званне народнага майстра і загадвае секцыяй выцінанкі ў Беларускім саюзе майстроў народнай творчасці, піша «Культура і мастацтва».
Сёлета Вольга Бабурына ў нованабытай хаце ў вёсцы Лоск Валожынскага раёна адкрыла Музей выцінанкі, які смела можна назваць не толькі першым у Беларусі, а і ўвогуле ўнікальным. З майстрам і мастаком Вольгай Бабурынай пагаварылі і пра музей, і пра адметнасць беларускай выцінанкі, і нават пра нядаўнюю паездку да іркуцкіх беларусаў.
— Ці доўга вы ішлі да гэтай мэты — стварэнне музея? Наколькі даўняя такая мара?
— Пра музей я спачатку і не думала. Але заўсёды не проста сама стварала выцінанкі, але і цікавілася тым, хто што робіць, хацела ведаць, як гэта бывае ў нас, як у іншых краінах. Трэба сказаць, што ўжо каля дзесяці гадоў я загадваю секцыяй выцінанкі ў Беларускім саюзе майстроў народнай творчасці, і праз мяне ідзе многа інфармацыі, збольшага я ведаю пра ўсё, што ў Беларусі ў гэтай галіне адбываецца. Увогуле, на маіх вачах і пры маім удзеле адбывалася адраджэнне выцінанкі, бо я была адной з першых вучаніц Вікторыі Мікітаўны Чырвонцавай: самы моцны штуршок гэтай справе быў дадзены менавіта ў Маладзечне, калі Вікторыя Мікітаўна давяла справу ад курса выцінанкі ў дзіцячай мастацкай школе да цэлага аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы, дзе выцінанка і па сённяшні дзень выкладаецца як асобны прадмет. Канешне, і да таго былі майстры: што адметна, раней выцінанкай займалася многа мужчын, не тое што цяпер, — Вячаслаў Дубінка, Станіслаў Муліца, Алесь Лось, Аляксандр Аўчыннікаў, іншыя. Але справа ў тым, што ніхто не даў такой колькасці вучняў, як Вікторыя Чырвонцава. Яна стварыла маладзечанскую школу выцінанкі.
Дык вось, за гады ў мяне сабралася многа матэрыялу — і выданняў розных, і саміх работ. Калі я бачыла выцінанку, што трапляла мне проста ў душу, то набывала яе для сябе ці абменьвала на сваю работу. А часта мне і дарылі. Падабраліся і цікавыя кнігі пра майстэрства выразання з паперы: напрыклад, ёсць у мяне цэлае выданне з выразкамі паводле твораў Ганса Хрысціяна Андэрсэна, ёсць літоўскія, украінскія, польскія кнігі... Карацей, усё збіралася само сабою, без думкі пра музей.
— І хату ў вёсцы вы набывалі таксама не пад музей?
— Я заўжды марыла мець нешта на зямлі. Сама я нарадзілася і вырасла ў Маладзечне, потым пажыла ў Мінску, у Гродне — там скончыла Гродзенскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «выяўленчае мастацтва і чарчэнне», а да таго ў Міры атрымала спецыяльнасць рэстаўратара. І была ў мяне такая блакітная мара — мець домік у вёсцы. І тут я знайшла цудоўную мясціну, якая мяне проста ўразіла, — вёску Лоск у Валожынскім раёне: з прыгожымі пагоркавымі краявідамі, з замкавай гарой, са старым драўляным касцёлам і святой купеллю каля рэчкі. Мястэчка проста прасякнутае гісторыяй, і мне пашчасціла паўтара года таму набыць у ім вялікую хату. У сваіх марах я ўяўляла, што гэта будзе такое прыемнае месца, дзе я змагу займацца творчасцю і паказваць яе людзям, а цікаўныя будуць прыязджаць глядзець на выцінанкі і самі вучыцца гэтаму мастацтву. І аднойчы раніцай я прачнулася і зразумела, што хачу стварыць менавіта Музей выцінанкі — проста раней сваё жаданне я не называла такім словам. І паўгода таму ў маёй аграсядзібе (такі афіцыйны статус) ён быў зарэгістраваны. У гэтай сферы мяне даўно ведаюць, для ўсіх было натуральна, што музей з’явіўся, мне проста хорам казалі: «А хто, як не ты!» Зразумела, музей робіць толькі першыя крокі, бо і чыста гаспадарчых спраў па аднаўленні старой хаты, якая стаяла без гаспадароў 12 гадоў, яшчэ хапае. Але быў ужо і першы вельмі цікавы досвед з пленэрам — мы правялі Paper-plener, і людзі пачалі прыязджаць.
— Звычайна музей — установа даволі рэгламентаваная. Ці можна ваш Музей выцінанкі назваць класічным, традыцыйным?
— Я хачу, каб гэта было жывое, вольнае месца. Не так, каб экспанаты за шклом і ўсе маўчаць, а строгі экскурсавод з указкай водзіць і расказвае. Я планую інтэрактыўны музей, так скажам. Амаль усё можна памацаць, патрымаць у руках — напрыклад, розныя старадаўнія інструменты для выразання, усё можна паспрабаваць зрабіць самім, я буду праводзіць майстар-класы, ладзіць пленэры... Я хачу, каб быў музей, які захапляе. І ўсё гэта вельмі добра супадае з мажлівасцямі менавіта аграсядзібы. Многае пакуль у планах, як ужо будзе да канца скончаны рамонт, але і зараз усім цікаўным я магу арганізаваць змястоўную экскурсію. Музей пачынае жыць.
— А ці многа экспанатаў у вашым музеі і што гэта за экспанаты?
— Колькі іх усяго, я дакладна і не адкажу — больш за паўтысячы. Аснову калекцыі выцінанак, зразумела, складаюць мае работы. Але нямала твораў і іншых майстроў — Ніны Шурак, Наталлі Клімко, Наталлі Сухой, Станіслава Муліцы, Галіны Жураўлёвай, Наталлі Гамаюнавай... Усіх не пералічыць. Ёсць папяровыя выразанкі з іншых краін — кітайскія, японскія, украінскія, амерыканскія і іншыя. Ёсць кнігі, нажніцы, розныя прылады, прадметы, зробленыя пад выцінанку, — напрыклад, драўляны гадзіннік. Ёсць выразанае з дуба Дрэва жыцця паводле маёй выцінанкі. Шмат рознага.
— У Беларусі такі музей першы, а ці ёсць у свеце нешта падобнае?
— І ў свеце такога няшмат. Ведаю, што ў амерыканскім Пітсбургу працуе музей папяровага выразання, у кітайскім Янчжоў: гэтым элітарным, я б сказала, мастацтвам займаюцца паўсюдна. Звычайна да яго пранікаюцца людзі, якія маюць эстэтычны густ, а чалавек без густу і фантазіі бачыць што — толькі паперу. Адметна тое, што гэты від народнай творчасці беларусы самі ў сабе ўзрасцілі, самі выгадавалі стаўленне да выцінанкі як да мастацтва, — гэта не мода, якая прыйшла з Захаду ці з Усходу. Зноў такі паўтаруся, што на маіх вачах адбывалася адраджэнне выцінанкі, я бачыла, як яна выйшла з небыцця і стала нацыянальным брэндам. Хаця яшчэ 20 гадоў таму было так, што калі ў межах фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» праходзіў традыцыйны міжнародны фестываль народнага мастацтва, то ў конкурсе я была адзіным майстрам па выцінанцы, мяне нават не было з кім параўноўваць! І тады я сказала сабе — хачу, каб калі-небудзь выцінанка стала нашым нацыянальным брэндам! Так і адбылося.
— Вы лічыце, што яна ўжо стала прызнаным нацыянальным брэндам?
— Вы ж паглядзіце, колькі ў апошнія гады вакол нас выцінанкі! Можна згадаць тыя ж Еўрапейскія гульні ў Мінску, дзе гэтая стылістыка шырока выкарыстоўвалася. Жырандолі на новай станцыі метро «Кавальская слабада» зроблены па матывах маіх і Лізаветы Чырвонцавай твораў. Перад Новым годам на вокнах ужо нямала прыгожых выцінанак, а не проста сняжынак, — яшчэ 20 гадоў таму падобнага не было. Узоры на паліграфічных выданнях, на вулічных інсталяцыях... Своеасаблівы паказальнік папулярнасці — плагіят, і нават з замежжа: беларускія майстры цяпер з гэтым нярэдка сутыкаюцца. А ў Расіі, гледзячы на тое, як выцінанка развіваецца ў Беларусі, таксама сталі больш цікавіцца папяровым выразаннем. У сярэдзіне 2000-х у Дамадзедаве і ў Маскве праходзілі першыя міжнародныя сімпозіумы па выразанні з паперы, а апошні такі міжнародны сімпозіум праходзіў ужо ў Маладзечне як у прызнанай сталіцы выцінанкі.
— Якія асаблівасці вашага аўтарскага стылю, якія ў вас як у творцы любімыя вобразы, якія адметныя творы?
— Я выкарыстоўваю паперу розных колераў, хаця больш традыцыйнымі лічацца выцінанкі з аднаго, максімум з двух колераў. Увогуле ў кожнага мастака, кожнага сапраўднага майстра выцінанкі ёсць свой почырк, свой пазнавальны стыль. Тут да слова яшчэ хочацца сказаць, што хоць выцінанка і лічыцца народным мастацтвам і мае сваю традыцыйную сістэму вобразаў і выяў, але адроджаная яна была прафесійнымі мастакамі, і на сёння атрымлівацца так, што любая выцінанка — мы гаворым, канешне, пра прафесійны ўзровень — мае свайго аўтара. Кожная кветачка і птушачка, кожны ўзорчык — аўтарскія, няхай нават і заснаваныя на традыцыйных вобразах. У секцыі выцінанкі ў нашым Саюзе каля 30 майстроў, і іх творы не зблытаеш. Я ў сваіх выцінанках нярэдка адыходжу ад традыцыі і спрабую нават самае нечаканае. Гадоў дзесяць таму я стварыла, напрыклад, серыю паводле «Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека» — такім чынам мне захацелася прадэманстраваць магчымасці гэтай тэхнікі, 30 артыкулаў дэкларацыі — 30 выцінанак. Рабіла я калекцыю і на экалагічную тэму, і калекцыю з уладарамі Вялікага Княства Літоўскага...
— Зусім нядаўна вы пабывалі ў Іркуцку па запрашэнні Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Атрымалася здзівіць выцінанкай?
— Сапраўды, цікавасць да гэтага майстэрства была вялікай. Ездзілі мы з гуртом «Вербніца», і гэта былі такія традыцыйныя Дні беларускай культуры ў Іркуцку, якія падтрымлівае мясцовая ўлада. Гэтак жа, як падтрымлівае і іншыя нацыянальнасці, што там жывуць: за многія гады іркуцкія беларусы мелі магчымасць сустрэцца з вялікім мноствам знакамітых творцаў з Беларусі, мяне такая ініцыятыва вельмі радуе. І парадавала ўвага да маёй справы. Я ладзіла майстар-класы, міні-выставы, пра выцінанку знялі цэлы фільм. Была і праграма на іркуцкім тэлебачанні, якую глядзелі не толькі мясцовыя беларусы. Так што з пункту гледжання папулярызацыі беларускай выцінанкі паездка атрымалася вельмі ўдалай.