Традыцыйнае, беларускае вяселле паказалі ў філіяле Веткаўскага музею народнай творчасці. Наведвальнікі пабачылі цэлы комплекс абрадавых дзеянняў: сватанне (заручыны), выпяканне караваю, падрыхтоўка пасагу нявесты, упрыгожванне адмысловай вясельнай ялінкі. Падчас абраду маладую апранулі ў традыцыйны строй в. Неглюбкі, што на Веткаўшчыне. Яе ставілі на дзежку і садзілі на кажух. Госці, якія прыйшлі на вяселле дарылі падарункі і зычылі ўсяго найлепшага маладым. Наўзамен яны атрымлівалі кавалак караваю.
Кожнае абрадавае дзеянне суправаджалася спевамі, якія былі запісаны падчас этнаграфічных экспедыцый на Гомельшчыне.
Ну і якое ж вяселле можа абысціся без гармоніка і энергічных скокаў гасцей і маладых.
Рэканструкцыя народнага, беларускага вяселля стала ўжо традыцыяй у філіяле Веткаўскага музею.