Музеязнаўца Данута Грынь вучыцца ў магістратуры ў ЗША. Мы пагутарылі з дзяўчынай пра розніцу ў выкладанні музейнай справы ў БДУ і ў Сіракузскім універсітэце, штат Нью-Ёрк. Данута распавяла таксама пра праграму Фулбрайта, дзякуючы якой трапіла ў Амерыку, і пра тое, чаму беларусам варта звярнуць увагу на гэту стыпендыю.
Данута Грынь
Пра вучобу і працу ў Беларусі
Я вучылася на гістфаку БДУ на кірунку «ахова гісторыка-культурнай спадчыны і музейная справа (турызм)». Вельмі хацела на музеязнаўства, але большасць маёй групы, думаючы, што турызм можа прынесці больш грошай, прагаласавала за гэтую спецыялізацыю (мы абіралі яе пасля другога курса). Але і на турыстычным кірунку прадметаў, звязаных з музейнай справай, было шмат. Толькі музейныя курсы былі больш звязаныя з гісторыяй развіцця музеяў, чым з практычнай музейнай дзейнасцю. Зразумела, што на гістарычным факультэце выкладалі шмат пра гісторыю. Але гэта ўсё ж дастаткова аднабока. Да таго ж я адчувала фокус на фондавай працы. Было шмат выкладчыкаў, якія працавалі і на гістфаку, і ў фондах розных музеяў. Канечне, калі фандавіка запрашаюць весці практычны курс па музеязнаўстве, то пра што ён раскажа? Зразумела, пра фонды. У мяне ўзнікла шмат пытанняў да такога падыходу, калі я ўжо пачала працаваць у экспазіцыйным аддзеле музея. Да гэтага я нават не задумвалася, чаму ва ўніверсітэце нам расказвалі толькі пра фонды.
Пасля ўніверсітэта я амаль пяць гадоў працавала ў экспазіцыйным аддзеле Нацыянальнага гістарычнага музея. Калі на гістфаку БДУ адкрылася магістратура па музеязнаўстве, я туды паступіла і пісала працу пра дзейнасць Нацыянальнага гістарычнага музея ў канцы 1940-х — сярэдзіне 1960-х. Гэта слаба вывучаны перыяд. Дакументы ў архіве музея не ўпарадкаваныя. Я проста прыходзіла ў кабінет, дзе яны захоўваліся, і працавала: літаральна перабірала кіпы папер і выходзіла поўнасцю пакрытая папяровым пылам. Паралельна яшчэ займалася экспазіцыямі і іншымі праектамі. Пасля знакамітага артыкула Мукавозчыка (там прапагандыст згадаў работнікаў сферы культуры, якія былі заўважаны ў пратэставай актыўнасці — заўв. рэд.), дзе было і маё прозвішча, мяне звольнілі. Гэта было ў студзені 2022 г., але яшчэ пару месяцаў я хадзіла ў музей, у той самы кабінет, пісала магістарскую, закрывала музейныя праекты. Музей на некаторы час быў маім жыццём, я «гарэла», і мне ўсё роўна было, звольнілі мяне ці не.
Я абараніла магістарскую і пачала думаць, што рабіць далей. Спрабавала ўладкавацца ў розныя культурніцкія ўстановы, але сустракалася з пытаннем «А гэта пра Вас Мукавозчык напісаў?». Працу я так і не знайшла. Сітуацыя вакол мяне накалялася, заставацца ў Беларусі было небяспечна. Можна было, канечне, пайсці працаваць барыстай і весці паўпартызанскі лад жыцця. Але я вырашыла падаць заяўку на праграму Фулбрайта.
Праграма Фулбрайта
Сіракузы, штат Нью-Ёрк
Стыпендыяльная праграма, у якой я цяпер удзельнічаю, была створана ў 1946 г. па праекце сенатара Уільяма Фулбрайта. Гэта магчымасць для выпускнікоў універсітэтаў, аспірантаў, маладых спецыялістаў і творцаў рознага профілю вучыцца ў магістратуры альбо аспірантуры, праводзіць даследаванні, або выкладаць англійскую мову за мяжой. Грамадзяне больш чым 140 краін свету могуць прыехаць у ЗША, а амерыканцы — павучыцца за мяжой. Па афіцыйных звестках, на праграму штогод прымаюць каля 8000 удзельнікаў. У ёй некалькі галін. Я вучуся на Fulbright Foreign Student Program (праграма Фулбрайта для замежных студэнтаў).
Працэс адбору на стыпендыю
Дэдлайн падачы дакументаў быў на пачатку верасня 2022 г. (сёлета ён 1 жніўня), а ў сакавіку 2023 г. я даведалася, што прынятая. Але пра ўсё па парадку.
Гэта была мая трэцяя спроба трапіць на праграму Фулбрайта, але першая, да якой я сур’ёзна паставілася, добра прадумала змест дакументаў на падачу (пісала іх каля двух тыдняў). Недзе праз месяц мне паведамілі, што мая заяўка прынятая, і запрасілі на сумоўе. Яно было анлайн, дакладна менш за паўгадзіны. Былі прадстаўнікі праграмы з амерыканскага боку, а таксама ад амбасады ЗША ў Беларусі (якая цяпер знаходзіцца ў Літве).
Калі кандыдат паспяхова праходзіць сумоўе, яму аплачваюць здачу моўнага іспыту TOEFL. Ён таксама адбываецца анлайн. Няма мінімальнай колькасці балаў, якую трэба набраць, але чым больш — тым большыя твае шанцы. Лічыцца, што калі ўжо запрасілі на TOEFL, то, лічы, прынялі на праграму, але гэта яшчэ далёка не канец працэсу адбору.
Пасля моўнага іспыту праграма Фулбрайта шукае для кандыдата ўніверсітэт. Я не ўдзельнічала ў адборы ўніверсітэтаў. Наколькі я разумею, каардынатары праграмы на нейкім сімвалічным рынку міжнародных студэнтаў даюць інфармацыю пра кандыдатаў. Вельмі істотна ў навучальным плане, які кандыдат далучае да заяўкі разам з усімі дакументамі, улічыць, што выкладаюць па спецыяльнасці, якую ты хочаш вывучаць, у амерыканскіх універсітэтах. Але дакладных патрабаванняў, як складаць гэты дакумент ці іншыя, няма. Універсітэты, калі зацікаўленыя, запрашаюць на сумоўі, на якіх прадстаўнікі навучальнай установы і кандыдат спрабуюць зразумець, наколькі яны цікавыя адно аднаму. Потым універсітэты паведамляюць офісу праграмы Фулбрайта, каго яны гатовы ўзяць. У мяне было некалькі сумоўяў, і ў выніку маёй кандыдатурай зацікавіліся два ўніверсітэты — у Сіракузах (штат Нью-Ёрк) і ў Чыкага. У некаторых з маёй групы было больш прапаноў. У большасці з нас двухгадовыя праграмы магістратуры, але ёсць і гадавыя.
Навошта амерыканскім універсітэтам стыпендыяты
Само сабой, універсітэт атрымлівае грошы, бо праграма Фулбрайта аплачвае адукацыю, а яна каштуе дорага. У астатніх пунктах я не ўпэўненая, але магу сабе ўявіць, што для ўніверсітэта прэстыжна мець Фулбрайт-студэнтаў. Універсітэты і асобныя кафедры шукаюць сабе фінансаванне, гэта ўсё ідзе ім у плюс. Куратары маёй музейнай праграмы казалі, што ім цікавы міжнародны досвед, цікава слухаць студэнтаў, якія прыязджаюць з іншых краін, прадстаўляюць іншыя культуры. «Міжнародны культурны абмен» можа гучаць для нас абстрактна, але ў ЗША гэта важна.
Пра памер стыпендыі
Стыпендыя па праграме Фулбрайта немалая. Яна разлічваецца ў залежнасці ад сярэдніх коштаў на жытло ў горадзе, дзе вучыцца ўдзельнік. Розніца можа даходзіць да некалькіх сотняў даляраў. Універсітэты вельмі рэдка прапаноўваюць інтэрнат стыпендыятам Фулбрайта (прынамсі, так падалося мне ў працэсе абмеркавання з іншымі студэнтамі-магістрантамі), і ў большасці выпадкаў чалавек сам шукае сабе жытло. Можна зняць аднапакаёўку, а можна — месца ў пакоі яшчэ з некалькімі студэнтамі. Кожны сам выбірае, як яму зручней. Можна амаль не траціць грошай на харчаванне, бо ёсць сэрвісы дармовай ежы кшталту Pantry Food. Да таго ж для студэнтаў ва ўніверсітэтах звычайна ёсць дармовыя магчымасці заняцца спортам, інфраструктура, рэкрэацыйныя прасторы.
Прастора School of Design, дзе праходзяць заняткі па праграме Museum Studies
То-бок грошай хапае і можна не падпрацоўваць, засяродзіцца на вучобе (да таго ж тым, хто знаходзіцца ў ЗША па студэнцкай візе, нельга афіцыйна працаваць). У той жа час нельга сказаць, што стыпендыят на праграме Фулбрайта можа дазволіць сабе ўсё, што хоча, напрыклад, падарожжы. Гэта не нізкі, але і не самы высокі прыбытак, які можа быць у студэнта ў Амерыцы.
Пра розніцу ў выкладанні музейнай справы ў БДУ і ва ўніверсітэце ў Сіракузах
Галоўны корпус Сіракузскага ўніверсітэта
Вучоба пачыналася ў верасні 2023 г., але ў Амерыку я прыляцела 1 ліпеня. У нас быў шасцітыднёвы інтэнсіўны курс па англійскай мове, акадэмічным пісанні, амерыканскай культуры. Потым стыпендыяты раз’ехаліся па месцах вучобы.
Свой універсітэт я абрала таму, што «іх музейная праграма створана не на базе антрапалагічнага ці гістарычнага факультэта» (цытата куратара), гэта самастойная праграма, накіраваная не на вывучэнне гісторыі і спосабы яе паказу ў музейнай прасторы, а на музей як сацыяльны інстытут і практычныя аспекты музейнай дзейнасці. А яшчэ мяне падкупіла тое, што не трэба будзе пісаць тэзісы (магістарскую дысертацыю). Замест іх я зраблю вялікі фінальны праект. Спадзяюся, атрымаецца файная выстава пра Беларусь. Я ўжо рабіла тут праект пра саломапляценне: распавяла пра гэта рамяство, вучыла людзей плесці павукоў.
Зона Дануты Грынь на выставе пра нематэрыяльныю спадчыну, дзе яна прадстаўляла беларускую практыку саломапляцення
Агаваруся, што кажу за свой універсітэт, бо Амерыка вялікая і можа быць па-рознаму. У маёй праграме вельмі шмат практыкі. Напрыклад, курс Digital Tools for Museums («Лічбавыя інструменты для музеяў»). На ім мы размаўлялі ў т. л. пра экспазіцыю, і я як экспазіцыянерка з 5-гадовым досведам разумею, што гэта абсалютная база. Але прыйшоўшы працаваць пасля ўніверсітэта, гэтай базы я не ведала. Вось напрыклад, мы абмяркоўвалі розніцу між фарматамі файлаў rgb i cmyk. Першае пашырэнне ставяць, калі рыхтуюць файлы для паказу на лічбавым экране, а другое — для друку. Наступствам таго, што ніхто мне пра гэта не сказаў за часамі бакалаўрыята БДУ, было тое, што я высылала ў друкарню файлы rgb і атрымлівала зусім не тыя адценні, што на экране. А потым з іншага прынтара — яшчэ іншыя адценні. І не магла зразумець, чаму так адбываецца. Распадалася дызайнерская канцэпцыя выставы, а дызайну я надавала шмат увагі. У выпадковай размове ў першы год працы музейная дызайнерка спытала мяне: дык у якім жа фармаце мне рыхтаваць файлы? І толькі тады я даведалася, што ёсць розніца.
Студэнцкі цэнтр Сіракузскага ўніверсітэта
На тым жа курсе мы размаўлялі, як з дапамогай электронных інструментаў музей можа камунікаваць з наведвальнікамі, як можна ствараць музейную навігацыю, як працаваць у Indesign i Photoshop... І пра шрыфты мы размаўлялі, і шмат пра што яшчэ. Калі б я прыйшла на працу з такімі ведамі, мне было б нашмат прасцей. Канечне, калі ёсць імпэт і здольнасці, можна зрабіць выставу з чаго заўгодна, і зрабіць вельмі добра, але калі валодаеш адпаведнымі ўменнямі, то праца пойдзе значна хутчэй, прасцей, прыемней і цікавей.
Маім фінальным заданнем па гэтым курсе было стварыць 3D-мадэль студэнцкай галерэі нашага ўніверсітэта ў праграме SketchUp. Гадзін 20 я патраціла на тое, каб абмераць гэтую галерэю, бо ў яе крывая падлога. І я цяпер умею гэта рабіць! Мне цяпер не трэба маляваць асадкай план памяшкання, потым сканаваць яго і даваць усім, каму я хачу распавесці пра свой праект.
Адрозніваюцца і канцэптуальныя падыходы, вось адзін з яркіх прыкладаў: адна з маіх выкладчыц лічыць, што этнаграфічныя музеі — гэта спадчына эпохі каланіялізму, калі прывозілі артэфакты «дзікіх» народаў у метраполію, часта не разумеючы іх месца ў культуры «тубыльцаў». Мне здаецца, дэкаланіяльны падыход не зусім працуе для Усходняй Еўропы: у нашых музеях захоўваюцца прадметы, якія расказваюць пра нашу ж культуру.
Чаму беларусам варта звярнуць увагу на стыпендыю Фулбрайта
Для розных краін на праграме Фулбрайта розныя квоты. Гэта залежыць ад агульнага запыту на стыпендыі, колькасці заявак з гэтай краіны.
Мне здаецца, што ў Беларусі недастаткова ведаюць пра праграму. У мае студэнцкія гады, прынамсі, сярод маіх знаёмых на гістфаку БДУ мала хто пра яе чуў. А праграма вельмі файная, цэніцца ва ўсім свеце. У Грузіі, напрыклад, пра яе ведае кожны другі, абсалютна іншая канкурэнцыя. Для беларусаў канкурэнцыя таксама высокая, але ўсё ж не настолькі. Таму паступіць на праграму — цалкам рэальна.
Ці ёсць жыццё па-за вучобай?
Не сказаць, што я займаюся толькі вучобай: застаюся ў беларускай тэматыцы, вяду некалькі праектаў. Адзін з іх, пра які я магу сказаць публічна — «Гісторыя беларускага сэксу». Я не магу сабе дазволіць усё кінуць і сканцэнтравацца толькі на вучобе, бо трэба думаць, што рабіць пасля яе, хаця наперадзе — яшчэ адзін год. Праграма Фулбрайта — гэта не пра магчымасць іміграваць у ЗША. У кантракце, які стыпендыят падпісвае, ён абавязваецца з’ехаць з Амерыкі як мінімум на два гады пасля сканчэння вучобы. Мэта праграмы — каб набыты досвед студэнт выкарыстаў у сваёй краіне паходжання. Беларусы не абавязаны вяртацца ў Беларусь, але мусяць з’ехаць з ЗША.
Данута Грынь на пароме на экскурсіі ў Пітсбургу
Фота з асабістага архіва гераіні
Алена Ляшкевіч, budzma.org