29 жніўня 2017 г. ва ўтульнай быхаўскай кавярні “Нікалас”, што ў будынку былой сінагогі на Вакзальным завулку, у межах акцыі “Пяцісотгоднасць” грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” прайшла вечарына альтэрнатыўнай музыкі і паэзіі “Музычная аблога-2017”. Паэтычная частка імпрэзы была прадстаўленая вершамі сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў Насты Кудасавай (Рагачоў) і Віктара Сямашкі (Мінск), агучаных імі пры падтрымцы музычных імправізацый праекту “Віктар Сямашка і Кумпанія”. Спеўная частка праграмы складалася з выступаў блюзмэна і літаратара Юрыя Несцярэнкі (Бялынічы), барда і перакладчыка Рамана Яраша (Бярэзынь) і мінскай фолк-блюз фармацыі “Балцкі Субстрат”. Прыемным сюрпрызам для наведнікаў імпрэзы сталася правядзенне сярод публікі літаратурна-краязнаўчай віктарыны на прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Завершылася “музычная аблога” Быхава імправізацыйным сэтам сталічнага гурта інтуіцыйнай імправізацыі “Князь Мышкін”.
Фота Алеся Сабалеўскага