Выйшла кніга пра музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі

У выдавецтве Skaryna Press выйшла кніга даследчыцы фальклору Беларусі Вольгі Барышнікавай — «І даўней так пелі. Музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі». Навіной пра выхад кнігі падзялілася аўтарка на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

«I daŭniej tak pieli. Muzyčny faĺklor staravieraŭ paŭnočna-zachodniaj Bielarusi»

Кніга з’яўляецца вынікам мэтанакіраванага і шматгадовага даследавання музычнага фальклору старавераў заходняга Падзвіння. 

Яна складаецца з трох раздзелаў: «Валачобныя песні», «Крутухі, хараводы, пахадушкі», «Лірычныя песні». 

Кожны з раздзелаў мае грунтоўны этнамузыкалагічны каментар на трох мовах — беларускай, рускай і ангельскай. Расшыфроўкі экспедыцыйных гутарак і песенна-паэтычных тэкстаў песень выкананыя на мясцовай гаворцы старавераў.

У зборніку змешчаны 45 нотных і тэкставых транскрыпцый народных песень (публікуюцца ўпершыню), кожную з якіх можна паслухаць у аўтэнтычным выкананні. Самы ранні аўдыязапіс датуецца 1963 годам, а самая старая спявачка, голас якой можна пачуць у выданні — 1890-х гадоў нараджэння. Кніга праілюстравана фотаздымкамі, сабранымі альбо зробленымі падчас фальклорна-этнаграфічных экспедыцый.

«I daŭniej tak pieli. Muzyčny faĺklor staravieraŭ paŭnočna-zachodniaj Bielarusi»

Фрагменты можна пагартаць на Google Books. 

Як набыць кнігу?

1) Напісаць непасрэдна аўтарцы Вользе Барышнікавай:
— volha.baryshnikava@gmail.com
Інстаграм 
Фэйсбук 

2) Падчас аўтарскіх прэзентацый (даты ўдакладняюцца)
— Латвія: Даўгаўпілс, Рыга,
— Літва: Вільня, Клайпеда
— Польшча: Беласток, Варшава, Кракаў, Гданьск

3) На сайце выдавецтва Skaryna Press

4) На кніжных кірмашах і сустрэчах з выдавецтвам:
— 27 красавіка на Беластоцкім кніжным кірмашы
— 4 траўня на сустрэчы з выдавецтвам Skaryna Press у Ніцы (Францыя)
— 9-10 траўня на беларусазнаўчай канфэрэнцыі ў Лондане
— 16-18 траўня на Варшаўскім кніжным кірмашы
— 5 чэрвеня ў Падуанскім універсітэце
— 14 чэрвеня на сустрэчы з выдавецтвам Skaryna Press у Мілане.