«Экспедыцыя-1928». Ластоўскі вывеў формулу беларускага стылю?

Гэта той рэдкі выпадак, калі спадчына вяртаецца. Насуперак часу. Цудам. Бо па логіцы, не мела застацца нічога: ані людзей, ані фота, ані памяці... А тут — цэлы альбом фотаздымкаў Беларусі, якая ўжо праз гадок-другі — перастала існаваць.

Алесь Кіркевіч піша пра альбом «Экспедыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 году. Захаваная спадчына»

1-lastouski-ekspedycyja.jpgАльбом «Экспедыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 году. Захаваная спадчына»

З вокладкі альбома на нас глядзіць усмешлівы Вацлаў Ластоўскі ў кепцы. Вакол вясёлыя дзеці, мамкі ў белых хустках, у другім шэрагу мужыкі. На тле доўгім калідорам у бясконцасць уцякаюць хаты вёскі Забалоцце, дзе здымкак быў зроблены ўлетку 28-га года. Гэты здымак — нібы брама ў страчаны свет, пра існаванне якога мы нават не здагадваліся. Свет, яшчэ не крануты калектывізацыяй ды іншымі катаклізмамі ХХ ст. За хвіліну да катастрофы.

2-lastouski-ekspedycyja.jpgСтаронкі альбома, які ацалеў — цудам. Яшчэ адзін цуд — яго выданне.

Графічны раман, коштам у жыццё

Сама кніга не проста раскошны альбом, фотасправаздача з рушнікамі і бабулькамі, не. Гэта графічны раман, дзе ёсць некалькі сюжэтных ліній: мастацкая, навукова-гістарычная, урэшце — асабістая, біяграфічная.
А гісторыя такая. Ластоўскі, вярнуўшыся ў Мінск у 1927-м, стае кіраўніком кафедры этнаграфіі Інбелкульта. Ён і сабраў тую экспедыцыю з некалькіх чалавек: Паноў, Гальмаджан, Стася Ластоўская ды — ён сам. Рэгіён, куды сабралася ўся гэтая кампанія, раней чамусьці абміналі этнографы. Гэта памежжа Міншчыны, Магілёўшчыны і Гомельшчыны.

Вынікі былі аформленыя ў некалькі альбомаў, з якіх ацалеў адзін. Ужо падчас чарговай экспедыцыі па Сібіры, у 1930-м, Ластоўскі быў арыштаваны. Гэта быў толькі пачатак шырокіх чыстак. Альбом, як і шматлікія знаходкі, выкупленыя экспедыцыяй, перакачавалі ў... дрывотню пры Беларускім Дзяржаўным Музеі ў Мінску. Ці — знішчаныя. 

Тое, што засталося, павыцягвалі беларускія актывісты ўжо пасля 1941-га года, каб уратаваць. Улетку 44-га адзіны ацалелы альбом пачаў сваё падарожжа на Захад (нашы людзі вывозілі не золата і аблігацыі, а — спадчыну...). Так аказаўся ў Лондане, у «Скарынаўцы», дзе яшчэ доўга чакаў свайго часу. Дачакаўся.

3-lastouski-ekspedycyja.jpgПрыклады царкоўнага мастацтва. Фота з альбома

Пажоўклае лісце зачыненых храмаў 

Мэтай Ластоўскага не быў збор прадметаў побыту ці ўсяго патроху — для справаздачы. Гэта быў пошук беларускага стылю. Каб адказаць на пытанне, а што для нас — беларусаў — прыгожае? Што нас яднае? Лішне казаць, што каб лёс склаўся інакш, такіх экспедыцый мела быць шмат, роўна як і прац на іх аснове.

6-lastouski-ekspedycyja.jpgБеларуская ўсмешка. Фота з альбома

Ужо ў ссылцы, у Саратаве, Ластоўскі пісаў Адаму Багдановічу, што ў яго не было часу на апрацоўку — толькі на збор матэрыялу. Але збор уражвае. Цяжка сабе ўявіць, што ў 1920-х на Случчыне людзі захоўвалі вышыўку сваіх прабабуль ці драўляныя бажніцы і конаўкі, зробленыя пра-прадзядулямі. То бок, напрыканцы 18 стагоддзя!

Роўна як уражвае здымак агромністай брацкай свечкі ў царкве ў Слуцку. Пяць пудоў воску! Тая Уваскрасенская царква была зачыненая ў 1927-м, але побач стаіць чалавек — і моліцца. На сценах — пажоўклае кляновае лісце, прынесенае прыхаджанамі. Лічы, эталон нашай народнай веры.

7-lastouski-ekspedycyja.jpg
Брацкая пяціпудовая свечка ў зачыненым храме

Экспедыцыі пашчасціла ўбачыць шмат зачыненых, але яшчэ не знішчаных святыняў. Таму, маем фота народнага беларускага барока, выяву Кіта, які выкідае Ёну на бераг ці — малюнкі валошак у роспісе храма. Такія самыя, як на слуцкіх паясах! Бо гэта ж Слуцак, дзе Радзівілы і трымалі свае персіярні, а розныя культуры закручваліся дзіўнымі ўзорамі.

Не «бабулькі» і «дзяды», а — жанчыны і мужчыны

Людзі на фота таксама асаблівыя. Мы звыкліся, што этнаграфічныя здымкі часоў Расійскай імперыі прыгнятаюць. Нібы вяскоўцаў туды сагналі для фотафіксацыі, як туземцаў. Яны і стаяць — злыя, замкнёныя. І толькі пасля доўгай паўзы — здымкі Міхася Раманюка 1980-х з бабулькамі.

4-lastouski-ekspedycyja.jpgМаладзіца. Фота з альбома.

Тут усё па-іншаму. Героі ўсміхаюцца, жартуюць, яны — разняволеныя. Да іх прыйшлі такія ж людзі, як яны самі. Шмат моладзі і дзяцей: іх не прывозілі і не апраналі для фотасэта — яны ў сваім сусвеце, дома. Маладзіца з вёскі Ламавічы — проста беларуская мадонна.

8-lastouski-ekspedycyja.jpgМаладзіца з вёскі Ламавічы — беларуская мадонна

А да фота ўсмешлівай цётачкі-вартаўніцы з могілак ёсць прыпіска: мае прыгаворку «Дык вы кажаце». Тры словы — а ты нібы чуеш, як жанчына гэта вымаўляе.

9-lastouski-ekspedycyja.jpg
75-гадовая вартаўніца на могілках у в. Таль, мае прыгаворку «Дык вы кажаце»

На позніх этнаграфічных фота амаль няма мужчын. Чаму? Бо не дажывалі. Рэпрэсіі, цяжкая праца, вайна, алкагалізм... Мужыкоў выбілі з вёскі, што і стала прычынай яе хуткага скону. А тут — ёсць. Нават старыя з бародамі выглядаюць годна: высокія, шырокія плечы, рука на поясе. Ёсць нават фота ветэрана Крымскай вайны 1850-х. Яму пад сотню гадоў, а не скажаш, што «дзед». Наадварот — вікінг!

10-lastouski-ekspedycyja.jpg
Беларускі вікінг — ветэран Севастопальскай бітвы (1854-55) з вёскі Азарычы

Бажніца, конаўка і — крэсіва, як 1000 год таму

Асобны раздзел — прадметы, здабытыя і набытыя ў экспедыцыі. Не толькі ручнікі і сарочкі, але — напрыклад — трапкач. Што гэта?.. Гаршчок ды плеценая сетка, каб насіць кашу для парадзіхі ці на хаўтуры. Ці вось набор крэсіваў канца ХІХ ст. — іх насілі з сабой на рамні, як 500-700-1000 гадоў! Тое, што для нас дзіва, для Случчыны сто год таму — норма.

Але Ластоўскі падкрэсліваў, што шукае не столькі побыт, колькі стыль. Бо катэгорыі «прыгожае/непрыгожае» адпавядаюць маркерам «сваё/чужое». Калі нам калектыўна нешта падабаецца, то мы маем між сабой нешта агульнае, супольнасць. Уласна, мы — беларусы.

І ён шукаў гэтыя маркеры ў прадметах народнай творчасці. Напрыклад — бажніцы. Гэта драўляныя скрыначкі, дзе ў хаце трымалі іконку, свечы, свянцоную ваду і хлеб, крыжыкі-медальёны. Маленькі сямейны алтар, відаць, яшчэ дахрысціянская традыцыя. Такія бажніцы экспедыцыя купляла па 1-3-5 рублёў.

11-lastouski-ekspedycyja.jpg Набыткі экспедыцыі

Тое самае з калекцыяй конавак.

Конаўка або карэц — рытуальная драўляная чарка. У яе не налівалі, не. Ёй — зачэрпвалі: мёд, піва, гарэлку. На хрэсьбінах, вяселлях, хаўтурах. Гэта больш, чым посуд — гэта традыцыя.

Таму на конаўках сімвалы сонца, коней, качак і так далей. Той самы набор і сімволіка, што на амулетах часоў Полацкага княства. У габрэяў, напрыклад, былі срэбныя кедушныя чаркі. У нас — конаўкі. Гатовы беларускі брэнд!

12-lastouski-ekspedycyja.jpgКонаўка або карэц — гатовы беларускі брэнд з даўняй гісторыяй

Галоўны скарб экспедыцыі...

Праз фота з альбома на нас глядзіць сапраўдны беларускі космас. Не ты глядзіш туды, а ён таксама — зазірае ў цябе. Апраменьвае. Ці адгукнецца?.. Калі адгукаецца — значыць, свой. Нездарма крытыкі з чырвонымі зоркамі на рукавах падкрэслівалі: Ластоўскі, як «нацдэм», акцэнтаваў увагу на «кулацкім побыце», на ўсім класава-чужым.

Прызнаць, што так і выглядае сапраўдная Беларусь, што гэта і ёсць наша норма, яны, канешне, не маглі. Бо гэта б значыла прызнаць саміх сябе тут — лішнімі. Таму і даводзілася прыдумляць «савецкіх беларусаў». 

То бок, маркер выведзены Ластоўскім працуе?.. Тое, што нам прыгожае, ім — брыдкае, кулацкае і фашысцкае. І наадварот. Магчыма, гэтая лаканічная формула і складае галоўны скарб той экспедыцыі.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org