На фестывалі «Камяніца» з’явіцца інтэрактыўная сцэна «Традыцыя»

21.08.2018 Афіша

1 верасня на юбілейным фестывалі «Камяніца з Банкам БелВЭБ» упершыню з’явіцца інтэрактыўная сцэна з традыцыйнымі спевамі, танцамі і забавамі. А таксама выступамі аўтэнтычных бабуль і дзядуль з Палесся.

kamianica-afisha-tradycyja

Інтэрактыўная сцэна размесціцца на пагорку насупраць галоўнай. Яе ідэя ў адсутнасці бар’ера паміж артыстамі і гледачамі.

– Можна слухаць і глядзець, а можна спяваць і танчыць разам з выступоўцамі, якія знаходзяцца на мінімальнай дыстанцыі ад вас. Гэта будзе адначасова і канцэрт, і майстар-клас, і імерсіўнае шоў традыцыйнай беларускай культуры на фоне ўнікальных дэкарацый музея, – кажа куратар сцэны Сяргей Доўгушаў, кіраўнік праекта «Спеўны сход» і лідар гурта Vuraj.

Фестывальная пляцоўка адчыніцца ў 11:00 адначасова з кропкамі харчавання, дзіцячай пляцоўкай, забавамі. Інтэрактыўная сцэна «Традыцыя» пачне працу ў 12:00.

Тут выступяць фолк-гурт «Чарот», капэла «Любанскія музыкі» і Сяргей Выскварка, этна-студыя Кetri, Патрыцыя Свіціна, праект «Спеўны сход», фолк-гурт «Гаманіна», капэла «Коліснія», мужчынскі гурт «Кудмень», а таксама «Дударскі клуб».

Важнымі эмацыйнымі момантамі праграмы стануць спевы ад сапраўдных бабуль і дзядуль з Палесся: дуэта  Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі з вёскі Вулька (Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці) і гурта «Таняжанка» з вёскі Тонеж (Лельчыцкі раён Гомельскай вобласці). Побач з інтэрактыўнай сцэнай з 12:00 да 15:00 будуць адбывацца майстар-класы па пляценні пасталоў, тканні на кроснах, традыцыйных гарбатах, выцінанцы, вырабленні традыцыйных лялек-абярэгаў.

На галоўнай сцэне фестываля сёлета выступяць этна-трыа «Троіца», «Стары Ольса», Лявон Вольскі & Павел Аракелян, Зміцер Вайцюшкевіч & WZ-Orkiestra, Trollwald, а таксама замежныя госці: гурт Joryj Kloc (Україна) і гурт «Тесто» (Расія). Генеральны партнёр фестывалю – ААТ «Банк БелВЭБ».

Квіткі на «Камяніцу» ў папярэднім продажы і ў першую гадзіну фестывалю  каштуюць: 15 рублёў (дарослыя), 10,5 рублёў (школьнікі і студэнты). Пасля 13:00 1 верасня кошты складуць: 20 рублёў (дарослы) і 15 рублёў (школьнікі і студэнты). Продаж на сайце і ў касах Kvitki.by. Гледачам у поўных версіях нацыянальных строяў (ад галаўных убораў да пасуючага абутку) – уваход бясплатны. Інфалінія: (033) 661-14-32, (017) 209‑41-63.

Паводле арганізатараў