У Горадні прайшоў Другі слэм паэтаў. Сярод васьмі паэтаў і паэтак, якія чыталі свае творы на беларускай мове, былі Сяргей Астравец, Анатоль Брусевіч, Святлана Куль, Ганна Аўчыннікава, Ала Петрушкевіч. Тэма слэму была свабодная.
Паэтаў ацэньвала спецыяльнае журы, а ганаровыя госці Аляксей Пяткевіч і Данута Бічэль маглі таксама аддаць голас за аднаго з паэтаў. Аляксей Пяткевіч падтрымаў Ганну Аўчыннікаву, а Данута Бічэль галасавала за Валера Руселіка.
Валер ужо атрымаў перамогу на слэме ў мінулым годзе, а ў гэтым годзе месцы размеркаваліся наступным чынам: Святлана Куль — трэцяе месца, Валер Руселік — другое, а Ганна Аўчыннікава стала пераможцам гэтага свята беларускай паэзіі.
Ганна расказала “Будзьма беларусамі!” пра гэтае мерапрыемства:
— І першы, і гэты раз я ўдзельнічаю ў слэме не таму, што хачу паспаборнічаць і пераканаць гасцей, што я добра пішу ці чытаю вершы. Проста гэта тое месца, дзе можна рабіць што хочаш. Вось табе захацелася намаляваць на ілбе зорку. Куды яшчэ пайсці з гэтай зоркай? А тут яна будзе дарэчы. Таму сёння я рабіла тое, чаго мне хацелася, не думаючы, перамагу я з гэтым, ці не. Прыемна, што творчасць на слэме робіцца свабоднай. Але я думаю, што атрымаць перамогу мне дапамагла зорка на ілбе. Такой зоркі ні ў кога не было.
Падтрымаць гарадзенскіх паэтаў і паэтак прыехаў удзельнік міжнародных слэмаў, беларускі паэт Віталь Рыжкоў. Па словах мінскага госця, гарадзенскі слэм стаў для яго першым за межамі сталіцы мерапрыемствам, дзе слэм стаў невялікім сямейным святам.
Усе паэты атрымалі падарункі ад выдавецкай ініцыятывы “Гарадзенская бібліятэка” і кампаніі “Будзьма беларусамі!”, а таксама кнігу вершаў гарадзенскага паэта Юрыя Гуменюка.
Андрэй Мялешка. Фота Андрэя Мялешкі
Тэгі: Горадня