«З усіх мастацтваў для нас найважнейшым з'яўляецца кіно».
Беларускія кінематаграфісты сталага веку любяць згадваць знакамітую цытату Леніна. У ёй бацька Кастрычніцкай рэвалюцыі падкрэсліваў ідэалагічны патэнцыял візуальнага мастацтва – агітацыю і прапаганду сярод неадукаваных народных мас. Трэба зазначыць, што нават праз сто гадоў бальшавіцкая максіма не страціла актуальнасці. Больш за тое – зноў звонка адгукнулася ў беларускай прасторы сярод ужо адукаваных мас.
Учора адзін з найбуйнейшых тэлеграм-каналаў краіны “Беларусь галаўнога мозгу” і шэраг іншых распаўсюдзілі ў сеціве біяграфічную драму “Купала”. Так, той самы фільм пра знакамітага беларускага паэта, які рэжысёр Уладзімір Янкоўскі паўтара года сумесна здымаў з вялікай камандай дзяржстудыі “Беларусьфільм” пры актыўным ўдзеле амаль усёй мінскай інтэлігенцыі. Навіне можна было б радавацца, калі б не важная акалічнасць: гэта аказалася не афіцыйная прэм’ера і нават не анлайн-рэліз, а трывіяльны пірацкі зліў недапрацаванай версіі стужкі.
Калі вы адразу падумалі пра злачынства, то не памыліліся: гэта менавіта яно і ёсць. Адны ананімы з “Беларусьфільма” скралі лічбавую копію фільма, другія яе беспадстаўна апублікавалі, праігнараваўшы грамадскую мараль і існаванне закона аб аўтарскім праве.
Можна доўга разважаць, чаму так адбылося і навошта было прапаноўваць беларусам паўсыры культурны прадукт на прагляд. Помста гэта дырэктару “Беларусьфільма” Уладзіміру Карачэўскаму і Мінкульту з боку супрацоўнікаў дзяржстудыі, большасць якіх сёлета звольнілі ці вывелі па-за штат, ці праява партызанскай барацьбы з рэжымам Лукашэнкі – ужо не мае сэнсу. Важна, што самі адміны тэлеграм-каналаў назвалі ўласны ўчынак справядлівым, бо стужка нібыта пацярпела ад цэнзуры, паўгода праляжала на палічцы і ўвогуле не магла быць паказаная пры цяперашняй уладзе. Толькі вось ўсё гэта суцэльная хлусня, недарэчныя спробы апраўдаць відавочны крадзеж пад інфашум рэвалюцыі, якая ўжо месяц бушуе ў Беларусі.
Насамрэч з боку уладаў “Купалу” ніхто не забараняў і нават не збіраўся цэнзураваць. Ва ўсялякім разе пакуль што. Як ні смешна, дзяржава сама замовіла вытворчасць стужкі і ўзгадніла яе фінальны варыянт на самым высокім узроўні. Усе дзеля таго, каб мець патрыятычны інструмент для кансалідацыі грамадства перад пагрозай з боку пуцінскай Расіі. Тое, што рыторыка афіцыйнага Мінска адносна ўсходняга суседа цяпер змянілася, аргументам быць не можа. Падзеі так хутка змяняюцца, а ўлада імгненна “пераабуваецца”, што анансаваная прэм’ера стужкі ў лістападзе цалкам магла адбыцца.
І тое, што “Купалу” не паказалі адразу пасля здымак, – таксама не змова, а нармальны цывілізаваны працэс прасоўвання, па якім жыве кінаіндустрыя па ўсім свеце. Схема тут якая: спачатку гатовы фільм удзельнічае ў фестывалях, дзе заваёўвае ўзнагароды і шукае замежных пакупнікоў-дыстрыб’ютараў, а потым трапляе на радзіму – таксама на фестывалі і ў камерцыйны пракат. І так рабіць трэба, бо кіно – не толькі мастацтва, а яшчэ і вельмі складаны бізнес, зарабіць грошы ў якім – вялікае выпрабаванне. Гэты доўгі шлях павінен быў прайсці і “Купала”, калі б яму не зламаў планы каранавірус, адмяніўшы большасць фестываляў і закрыўшы кінатэатры. А цяпер – нематываваны зліў.
Ну і на салодкае – аргумент, што “Купала” належыць народу, бо стужку знялі на бюджэтныя сродкі. А калі ты плаціш падаткі, то і маеш правы на фільм. У гэтым есць зерне сэнсу, але калі паспрабаваць разгарнуць марксісцкую логіку далей, то можна дайсці да абсурду. Беларусь фактычна існуе за народны кошт. Дык што, цяпер кожны можа прыйсці ў музей і забраць прыгожы экспанат, у храм – і зняць ікону, зайсці у дзяржаўную краму – і забраць палку каўбасы бясплатна? Не, бо гэта рабаванне. Тады і нелегальная публікацыя чужой інтэлектуальнай уласнасці нічым не лепшая.
Але што зроблена, тое зроблена. Нічога страшнага, што шматгадовыя высілкі аўтараў “Купалы” трапілі ў смеццевае вядро, а замежныя гледачы яго наўрад ці пабачаць. Цяпер галоўнае – гэта распальванне рэвалюцыі, маральная падтрымка пратэсту, барацьба з лукашызмам. На вайне, як усе мы добра ведаем, усе сродкі добрыя. Улады ж парушаюць закон, чаму б і нам яго не ігнараваць.
Вось толькі такая “партызаншчына” не столькі аб’ядноўвае, колькі разд’яноўвае людзей, ствараючы муры там, дзе іх не мусіць быць. Беларусь паступова пагружаецца ў прастору прававога нігілізму, калі не толькі дзяржава, а нават і грамадства больш не хоча выконваць законы. Да чаго ўсё гэта можа прывесці, нават уявіць страшна.
Тарас Тарналіцкі, budzma.by