На курсах “Мова Нанова” ў Гродне можна было навучыцца хадзіць па шкле

Нефармальныя курсы беларускай мовы ўжо другі месяц працуюць у Гродне. На сустрэчах можна не толькі падвучыць мову, але і паўдзельнічаць у конкурсах з прызамі або вывучыць новыя песні. А на апошнім занятку можна было навучыцца хадзіць па шкле. Занятак у мінулы панядзелак, 21 красавіка, меў тэму “Часткі цела”. Вядучыя Вольга Астроўская і Антось Янкоўскі, апроч лексічнага матэрыялу, пазнаёмілі слухачоў з “назвамі рухаў па-гарадзенску” праз народныя танцы. Таксама не абыйшлося без гульняў з вялікоднымі яйкамі.

Заняткі “Мова Нанова” адбываюцца кожны панядзелак у 19.00. Каб даведацца месца правядзення наступных сустрэч, сачыце за навінамі ў сацыяльных сетках facebook.com/movananovaharodnia і vk.com/mova_nanova_harodnia, а таксама ў афішы “Твайго стылю”.  Гродна стаў чацвёртым горадам пасля Мінска, Кракава і Бабруйска, дзе людзі любога ўзросту маюць магчымасць узгадаць раней набытыя веды па роднай мове. На сённяшні дзень “Мова нанова” таксама дзейнічае ў Баранавічах, Брэсце і Нясвіжі. У Гродне заняткі арганізуе грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці Сектар””.   Здымкі Паўла Бальшакова і Алены Кавальчук

 

© Твой стыль

Тэгі: