На свабоду выйшлі 25 палітвязняў. Сярод іх журналісты і музыканты гуртоў Tor Band і «Стары Ольса»

16 верасня выйшлі на свабоду 25 палітвязняў. Усе яны вывезеныя ў Літву, паведамляе праваабарончы цэнт «Вясна». На дадзены момант вядома, што ў 4 асобаў няма пашпартоў.

На падтрымку вызваленых палітвязняў адкрыты экстраны збор. Далучыцца можна па спасылцы.

Palitviazni
Фота: «Салідарнасць»

Сярод вызваленых шэраг журналістаў і культурных дзеячаў:

Алесь Чумакоў — музыка, майстар па вырабе гусляў. З 2002 года Чумакоў граў і спяваў у гурце сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса».

Яўген Бурло, Дзмітрый Галавач і Андрэй Ярэмчык — удзельнікі гурта Tor Band, якіх асудзілі на 8, 9 і 7,5 года калоніі адпаведна. Музыкі былі затрыманыя ў Рагачове 28 кастрычніка 2022 года.

Таццяна Кузіна — сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa. Была затрымана ў Мінску ўначы з 28 на 29 чэрвеня 2021 года. Яе асудзілі да 10 гадоў зняволення паводле трох крымінальных артыкулаў.

Павел Белавус — культурніцкі менеджар, заснавальнік і былы дырэктар пляцоўкі «Арт Сядзіба», стваральнік крамы нацыянальнай сімволікі і сувеніраў Symbal.by.

Людміла Чэкіна — былая гендырэктарка TUT.BY. У сакавіку 2023 года Людмілу Чэкіну асудзілі на 12 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама ёй прызначылі штраф у памеры 1000 базавых велічыняў — 37 тысяч рублёў.

Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і яго жонка Ірына Злобіна. Пару затрымалі 12 студзеня 2021 г. па «справе БелаПАН». Злобіну асудзілі на 9 гадоў, свой прысуд яна адбывала ў ПК № 4. Аляксандраў жа быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі, месца зняволення—ПК № 1. Абодва ў тым ліку былі асуджаныя па арт. 356 Крымінальнага кодэкса — Здрада дзяржаве.

Дзмітрый Наважылаў — былы дырэктар «БелаПАН». Быў асуджаны да 6 гадоў калоніі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Наважылава абвінавачвацілі паводле ч. 1 арт. 361-1 (Удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і ч. 2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў).

Кірыл Пазняк — журналіст. Быў затрыманы 4 верасня 2025 г., у дзень прызнання «экстрэмісцкім фарміраваннем» ютуб-канала «Платформа 375». Абвінавачаны ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» і «дыскрэдытацыі Беларусі» і асуджаны да 3,5 гадоў калоніі. У няволі Кірыл трапляў у рэанімацыю турэмнага шпіталя з пнеўманіяй і кавідам. Кірыл быў затрыманы разам з дачкой Янінай, яе таксама вызвалілі.

Зміцер Колас — кнігавыдавец, выбітная постаць у сучасным беларускім кнігавыданні і ўвогуле ў беларускай культуры. Стварыў уласнае выдавецтва «Зміцер Колас», якое спецыялізавалася на перакладах на беларускую мову сусветнай літаратуры — паэзіі, прозы і драматургіі. Асаблівую вядомасць атрымала серыя «Паэты планеты». Быў затрыманы падчас хвалі масавых ператрусаў і затрыманняў кнігароў 17-18 лютага 2026 года ў Беларусі.

Крыніца: фэйсбук Asta Andrijauskienė

BYSOL адкрыў экстранны збор у іх падтрымку

Вызваленне не адмяняе наступстваў — турма працягваецца ў бяссонні, трывозе, падарваным здароўі, немагчымасці знайсці працу і вярнуцца да звычайнага жыцця. Людзі выходзяць на волю з падарваным здароўем, стрэсам, дэзарыентацыяй, страчанымі сувязямі і без разумення, што рабіць.

Амаль усім трэба нанава наладжваць жыццё — аднаўляць дакументы, праходзіць лячэнне, шукаць жыллё і працу, набываць усе неабходныя рэчы.

Мэта — выплаціць як мінімум па €1 000 кожнаму чалавеку ў межах праграмы падтрымкі палітвязняў і вызваленых. Гэтыя сродкі спатрэбяцца на арэнду жылля, медыцынскую дапамогу, аднаўленне дакументаў, побытавыя выдаткі.

Акрамя матэрыяльнай падтрымкі, гэта важны жэст салідарнасці і чалавечага ўдзелу. У зняволенні людзям гадамі ўнушаюць, што пра іх забыліся і нікому не цікавы іх лёс. Наша агульная падтрымка дапаможа вярнуць пачуццё ўласнай годнасці, адчуванне апоры і сувязі з людзьмі, якія іх чакалі.

Збор будзе актыўны да 16 кастрычніка 2026 года.

Сума збора €25 000.

Далучыцца да збору можна па спасылцы.