Беларуская рэжысёрка, збіральніца беларускага фальклору і нацыянальных строяў Воля Дземка паведаміла пра ўдзел яе калекцыі ў Тыдні моды Паўночнай Амерыкі. На шоу былі прэзентаваныя ўкраінскія аўтэнтычныя строі канца XIX — пачатку XX стагоддзя, піша reform.news.
Фота: сацсеткі Волі Дземка
«Сёння быў вельмі доўгі, але вельмі прыгожы дзень. Так ганаруся сваёй камандай. І таксама ёй моцна ўдзячная», — напісала Воля пасля паказу, які адбыўся 1 чэрвеня ў Сіэтле.
Нагадаем, што Воля Дземка — складальніца вялікай калекцыі беларускіх нацыянальных строяў, якую збірала на працягу 10 гадоў, купляючы элементы аддзення ў розных людзей. Яна стваральніца каталогу «Беларускі строй» і вялікага альбома «Традыцыйныя строі Беларусі». У яе калекцыю таксама ўключаны і ўкраінскія строі.
Але дзейнасць музыкі і даследчыцы не спыняецца на папулярызацыі толькі нацыянальных строяў. Воля збірае беларускі фальклор і добра вядомая як рэжысёрка дакументальнай стужкі «Песні старой Еўропы» пра беларускія народныя песні — у фільм яна ўклала, у тым ліку, уласныя сродкі. Падзвіжніца з’яўляецца і кіраўнічкай фолк-гурта VOLYA, які выконвае беларускі старажытныя спевы. У даробку калектыву тры альбомы.
Нядаўна гурт VOLYA выпусціў свой новы альбом «На новае лета», у якім спалучаюцца традыцыйныя беларускія і ўкраінскія вакалы з пранізлівымі мелодыямі ліры і скрыпкі.
Вокладка альбому
Некаторыя з песень на плытцы Воля Дземка сабрала і запісала падчас сваіх этнаграфічных экспедыцый у Беларусі. Яны апісваюць унікальныя вясельныя рытуалы, складаныя шлюбныя справы, тут ёсць калыханкі, песні пра жывёл з казак і... у сапраўдным духу PNW — песні пра піваварства! У зборнік уключаны таксама беларускія народныя танцы — напрыклад, «Лявоніха», «Полька-матылёк».
Матэрыял плыткі прайшоў іспыт глядацкай увагай. І з назапашанага матэрыялу музыка адабрала ў альбом тыя кампазіцыі, якія больш за ўсё прымае публіка.
23 траўня «На новае лета» быў прэзэнтаваны на прэстыжным Northwest Folklife Festival — адным з найбуйнейшых фальклорных фэстываляў у Амэрыцы.
Але неўзабаве ў Сіэтле адбудзецца асобная прэзентацыя зборніка — на пляцоўцы The Growler Guys 19 чэрвеня. Трапіць на прэзентацыю можна абсалютна бясплатна.
Слухаць новы альбом фолк-калектыву VOLYA можна тут.
Больш падрабязна пра прэзентацыю альбома тут.