Электронны каталог традыцыйнага адзення Беларусі канца ХІХ — пачатка ХХ стагодзяў цяпер дасяжны на розных пляцоўках на 8 мовах свету: англійскай, нямецкай, партугальскай, іспанскай (Kindle), беларускай, польскай, украінскай і рускай (на Lulu).
У папяровым варыянце каталог убачыў свет у сакавіку 2021-га. Строі, у якіх у мінулым красавалі беларускі, не адзін год збіралі, аднаўлялі і рэканструявалі паводле старых фотаздымкаў нашы сучаснікі — спявачка, кінавытворца і прадзюсарка Воля Дземка, якая зараз жыве ў Сіэтле (ЗША) і яе паплечніцы з фальклорнага гурта VOLYA.
У каталогу прадстаўлена адна з буйнейшых замежных калекцый беларускага народнага строю — 16 камлектаў з 79 прадметаў жаночых убораў і аксесуараў, датаваных 1880-1940 гг., якія дагэтуль нідзе не выстаўляліся. Дызайн і аздабленне ўбораў адлюстроўваюць адметнасці пяці з шасці гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі.
Калі спытаць у аўтаркі праекта, навошта гэта ўсё, Воля шчыра адкажа:
— Галоўны адказ — таму што прыгожа. Нам вельмі патрэбна прыгажосць. Другі — гэта паказаць, якія крутыя, ладныя і элегантныя беларускія аўтэнтычныя строі.
— Чаму менавіта народныя строі?
— Яны нарадзіліся на гэтай зямлі, як і песні. Ніводны з іх не мог нарадзіцца ні ў Венецыі, ні на Урале. Ад насення, да ткаўшых-вышываўшых рук. Шляхетны строй мы дзелім мінімум з трыма іншымі краінамі, а традыцыйны, з яго больш чым 30 варыяцыямі — толькі наш. Тым больш, што строі можна і зараз добра так насіць.
За кожным прадметам, прадстаўленым у каталогу, свая гісторыя, спалучэнне шчаслівага выпадку, звычайнага цуду і імпэту людзей, улюбёных у беларускую народную культуру.
Калекцыя пачалася больш як 10 гадоў таму з няглюбскай кашулі, якую Воля Дземка знайшла на eBay як «русское платье». (Для даведкі: неглюбскія тэкстыльныя традыцыі ўваходзяць у дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі). Калісьці гэтую кашулю саткала і расшыла для свайго вяселля сялянка з Веткаўскага раёна Гомельшчыны.
Сёння ж гэты строй — частка важнай працы па захаванні традыцыйнай беларускай культуры.
Гурт VOLYA, які з 2009 года знаёміць слухачоў у ЗША з аўтэнтычнымі беларускімі песнямі (дарэчы, многія з іх сягаюць каранямі ў дахрысціянскія ці сярэднявечныя часы), таксама займаецца і аднаўленнем аўтэнтычных беларускіх строяў. З гэтай мэтай была створаная нават асобная недзяржаўная ўстанова — «Цэнтр па вывучэнні, зборы і аднаўленні матэрыяльнай і нематэрыяльнай беларускай культуры». Некаторыя ўборы спявачкі атрымалі ў спадчыну ад сваякоў, іншыя набылі на міжнародных аўкцыёнах кшталту eBay і Etsy. Колькі строяў падарылі дзяўчатам героі дакументальнага фільма аб знікаючых культурных традыцыях «Песні старой Еўропы — старадаўнія беларускія песні», матэрыял для якога збіраўся ў 2011 годзе ў этнаграфічных экспедыцыях па Гомельшчыне і Берасцейшчыне.
На 50 старонках — не проста традыцыйныя жаночыя ўборы і іх рэгіянальныя адметнасці. Тут ажывае гісторыя краіны, прашытая сімваламі на кашулях, хустках і фартухах, напоўненая ўрачыстым настроем, прасякнутая цеплынёй ўмелых рук беларускіх майстрых.
Сайт праекта: volya.weebly.com/costumes
паводле прэс-рэлізу