Гародня (летапісны Горадзен) некалькі разоў згадвалася ў кіеўскім летапісе ў запісах з ХІІ ст., а потым надоўга прапала — на некалькі дзесяцігоддзяў, амаль ніякіх згадак ва ўсходнеславянскім летапісанні. Свае ж летапісы — гарадзенскія, полацкія, наваградскія — не захаваліся. Калі і з якой прычыны пра Горадню зноў напісалі ў летапісах? Пры чым тут эмігранты-прусы? Гісторыя амаль дэтэктыўная. Распавядаем усё па парадку.
Гродна на нямецкай гравюры канца XVI стагоддзя
Пра Гародню зноў пачалі пісаць толькі з сярэдзіны ХІІІ ст. у сувязі з узнікненнем Вялікага Княства Літоўскага і ягоным змаганнем за выжыванне. Гэтым разам у летапісе Галіцка-Валынскай дзяржавы, якая больш за ўсё тады з Літвой ваявала.
Пасля буйнога паходу на Літву галіцка-валынскіх, іншых рускіх князёў і татараў у 1275 г., захопу і знішчэння галоўнага гарадскога пасаду ліцвінскай сталіцы — горада Наваградка, вайна працягвалася, але ўжо без ранейшага імпэту. Ворагі абменьваліся кароткімі рабаўнічымі нападамі найперш на памежныя землі. У 1276 г. галіцка-валынскія войскі дайшлі да Слоніма і захапілі горад Турыйск. Брат вялікага князя літоўскага Трайдэна Сірпуцій кіраваў нападам на Валынь, ваяваў у ваколіцах Каменя. Валыняне ў адказ зноў падыйшлі пад Турыйск і г. д. Урэшце ў тым самым 1276 ці 1277 г. варожыя бакі прыйшлі да паразумення і замірыліся.
Эмір Нагай вырашае заняцца Літвой
Нечакана ў адносіны галіцка-валынскіх князёў з Літвой умяшалася знешняя сіла — татары, менавіта эмір Нагай.
Хан Нагай
У сярэдзіне 60-х гадоў ХІІІ ст. Нагай раскалоў Залатую Арду на дзве часткі, стварыўшы фактычна самастойную дзяржаву на яе заходніх землях — Дунайскі, ці Прычарнаморскі ўлус. Нагай вёў вялікую міжнародную палітыку, між іншым прымусіў да васальнай залежнасці Галіцка-Валынскую дзяржаву, Сербію, Балгарыю, ваяваў з Візантыяй.
Каля 1277 г. Нагай вырашыў заняцца Літвой. Ягонае пасольства (летапісец нават называе імёны яго кіраўнікоў: Цегічага, Кутлубуг і Ешымут), прывезла пісьмовае пасланне, фактычна загад сюзерэна сваім васалам галіцка-валынскім князям Ільву Данілавічу і Уладзіміру Васількавічу. Маўляў, вы ўвесь час мне скардзіцеся на Літву, дык вось, даю вам войска з ваяводай Мамшэем, «пойдзеце з ім на ворагаў сваіх». Тыя і пайшлі зімой 1277 г.: Уладзімір, малодшы брат Ільва Мсціслаў, а Леў замест сябе выправіў сына Юрыя.
Планы мяняюцца: выправа на Гародню
Чалавек, які напісаў пра гэтую выправу ў летапісе, верагодна, сам быў яе ўдзельнікам, настолькі жывое апісанне ён пакінуў, з дэталямі, імёнамі, эмоцыямі. Для гісторыкаў у ім найбольш каштоўныя падрабязныя звесткі пра штурм Гародні. Зноў жа, як і ў аповедзе пра выправу на Наваградак у 1275 г., вельмі дакладна пададзеныя геаграфічныя дэталі. Ліцвінская сталіца і на гэты раз была галоўнай мэтай паходу, але ўжо на маршы пад Берасцем князі даведаліся, што татарскае войска іх апярэдзіла. Спадзяванняў на здабычу ў зямлі, спустошанай татарамі, не было, і кіраўнікі паходу вырашылі павярнуць на Гародню.
Галіцка-валынскі дружыннік 13 стагоддзя
Па дарозе сталі на начлег, далёка абмінуўшы Ваўкавыск. І вось тут, падобна як бацька ў папярэднім паходзе, сын Ільва Юрый з дзядзькам Мсціславам без ведама Уладзіміра Васількавіча па-ціхаму паслалі сваіх баяраў наперад пустошыць гарадзенскую ваколіцу
Эмігранты-прусы абараняюць Гародню
Баявыя баяры трымаліся вельмі бяспечна, і «паваяваўшы» ўдосталь, спыніліся на адпачынак ужо блізка ад горада: «ляглі на ноч, не вярнуўшыся да раці сваёй, без варты і паздымаўшы з сябе даспехі». Нехта з мясцовых людзей збег ад іх і папярэдзіў гарадзенцаў. З горада выйшла дружына эмігрантаў-прусаў, заспела ворагаў у сне, каго пасекла, а іншых забрала ў палон, у тым ліку нейкага Цюіму, напэўна, галоўнага, павезлі на санях, бо быў моцна зранены. А да галіцка-валынскага войска прыбег з весткай пра няшчасце «Раціслаўка Мсціслававіч нагі і босы», які здолеў уратавацца.
Уладзімір гневаўся на сваякоў, але ўсё ж пайшлі разам здабываць Гародню.
Гарадзенскі стоўп
З захопам горада нападнікі мелі праблему, бо замкавую браму прыкрывала мураваная вежа, па ўсёй верагоднасці, падобная да знакамітага Камянецкага стаўпа: «То бо слуп каменны высокі стаяў перад варотамі горада, і ў ім закрыліся прусы, і нельга было міма іх прайсці да горада, бо білі з таго слупа; і так прыступілі да яго і ўзялі, і страх вялікі і жах упалі на горад, і стаялі на забаролах як мёртвыя, пасля ўзяцця слупа, бо гэта было ўпаванне іхняе». Тым не менш замак не быў здабыты, і нападнікі адышлі, дамовіўшыся пра вяртанне сваіх палонных.
Гарадзенскі замак 13 стагоддзя. Малюнак Паўла Татарнікава
Несумненная дакладнасць інфармацыі летапісца пацвярджаецца іншымі незалежнымі крыніцамі. Пра прусаў-уцекачоў з прускай зямлі Пагезаніі, асеўшых у ваколіцы Гародні, паведаміў пад 1276 г. храніст Тэўтонскага ордэна Пётра Дусбург. А высокая мураваная вежа на замку паказаная на знакамітай гравюры Гародні 1568 г.
Гарадзенскі замак на гравюры 1568 г
Гарадзенскі стоўп — адзін з першых помнікаў готыкі ў Беларусі, у адрозненне ад Камянецкага, не дажыў да нашага часу, а яго падмуркі археолагі ніяк не могуць знайсці. Тым больш, што трывае дыскусія, дзе дакладна ён стаяў: ці то на самым замку каля брамы, ці на процілеглым баку рова перад замкавым мостам.
Канстанцін Семяновіч, budzma.org