Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра тыя меры, якія былі ўдзевены еўрапейскімі краінамі для барацьбы з распаўсюдам каранавіруса.
Чарговы вірус, які крочыць па планеце, не столькі нясе небяспеку для фізічнага здароўя (хаця да яго нельга ставіцца бесклапотна), колькі адмоўна адбіваецца на маральным становішчы супольнасцяў, што ўжо прыносіць фінансавыя страты.
Нельга не адзначыць ролю прэсы, якая робіць пэўны ўплыў на дзеянні грамадзянаў у розных краінах свету. Апошні ажыятаж у крамах і павышаны попыт на тавары першай неабходнасці — яскравае таму сведчанне.
Шматлікія СМІ паспелі паведаміць пра ўвядзенне суседняй Латвіяй надзвычайнага становішча ў сувязі з распаўсюдам каранавіруса ў краіне. Але як вынікае з дакумента, апублікаванага на сайце Міністэрства аховы здароўя Латвійскай Рэспублікі, у краіне прымаюцца шырокія меры. Яны ў першую чаргу тычацца масавых мерапрыемстваў, працы устаноў адукацыі, а таксама грамадзян, што прыбываюць у Латвію з краін, ахопленых эпідэміяй.
Гэтыя меры таксама прадугледжаныя надзвычайным становішчам, але іх прыняцце не значыць яго ўвядзенне. Бо гэта вельмі адказны і сур’ёзны крок для кожнай дзяржавы. А такая блытаніна ў прэсе не толькі можа ўвесці ў зман асобных грамадзян, але і выклікаць панічныя настроі. Што сапраўды вельмі небяспечна.
Варта разабрацца з тым, якія абмежаванні ўжо ўвялі нашы суседзі.
Самыя суровыя захады на момант публікацыі, на якія ідуць краіны нашага рэгіёна, — гэта блакаванне межаў для іншаземных грамадзян. За выняткам кіроўцаў транспарту. Перамяшчэнне тавараў праз межы не блакуецца, супрацоўнікі транспартных кампаній маюць права перасякаць дзяржаўныя межы.
Польшча абвясціла становішча пагрозы эпідэміі і закрыла межы краіны для іншаземцаў на 10 дзён, абмежавала дзейнасць гандлёвых пляцовак, бараў і рэстаранаў; прыпыніла адукацыйны працэс у школах, ВНУ.
У Чэхіі прынятыя падобныя меры, але ўлады таксама пазбягаюць карыстацца тэрмінам надзвычайнае становішча. Афіцыйна захады маюць назву становішча пагрозы эпідэміі, хаця і ўключаюць ў сябе элементы надзвычайнага.
Сітуацыя адрозніваецца ад мінулага досведу чэшскіх уладаў, калі такія захады рабіліся ў сувязі з прыроднымі катаклізмамі: вайскоўцы ратавалі грамадзян пад час паводак, забяспечвалі абарону ад магчымых марадзёрстваў, дастаўлялі і размяркоўвалі пітную ваду і прадукты харчавання.
На гэты момант асноўныя абмежаванні тычацца асабістых свабодаў грамадзян. У першую чаргу гэта абавязковы каранцін для ўсіх чэхаў, якія прыязджаюць з-за мяжы, для іншаземцаў межы закрытыя. Забароненая праца пунктаў грамадскага харчавання, гандлёвых цэнтраў (працуюць толькі асобныя прадуктовыя крамы) і інш.
Такія меры законныя і іх прыняцце і рэалізацыя прадугледжаныя канстытуцыямі краін. У беларускім асноўным законе (артыкул 63) адзначана:
«Ажыццяўленне прадугледжаных гэтай Канстытуцыяй правоў і свабод асобы можа быць прыпынена толькі ва ўмовах надзвычайнага або ваеннага становішча».
Пастановай беларускага ўрада каранавірус унесены ў спіс асабліва небяспечных хваробаў. Што прадугледжвае, згодна з законам Беларусі аб ахове здароўя, абавязак грамадзян падпарадкоўвацца захадам дзяржавы па супрацьстаянні распаўсюду віруса. А таксама адказнасць у выпадку ўхілення, напрыклад, ад прымусовай шпіталізацыі.
Пакуль што ў суседніх з Беларуссю краінах рэалізуецца некалькі надзвычайных захадаў, якія прапісаныя і ў беларускім законе. А менавіта:
— каранцін і санітарна-эпідэміялагічныя меры,
— закрыццё межаў для іншаземцаў,
— абмежаванне ці забарона масавых мерапрыемстваў,
— абмежаванне фінансава-эканамічнай, вытворчай і іншай дзейнасці прадпрыемстваў.
Але галоўным абмежаваннем правоў, якое ўсведамляецца намі як элемент надзвычайнага становішча пры надзвычайных сітуацыях ёсць:
— забарона вольнага перасоўвання грамадзян, блакаванне тэрыторый,
— перадача лакальнай улады вайсковым адміністрацыям,
— асаблівы парадак размеркавання прадметаў першай неабходнасці,
— абмежаванне перасоўвання транспартных сродкаў, іх кантроль.
Гэтыя меры прымалі кітайскія ўлады ў пачатку распаўсюду эпідэміі. Прынамсі, уводзілася забарона пакідаць некаторыя гарады, што, на думку кітайцаў, мела спыніць распаўсюд вірусу па краіне. Часткова абмяжоўвалася права на вольнае перасоўванне грамадзян, забараняліся эканамічная дзейнасць і праца прадпрыемстваў.
Пакуль у Беларусі не ўведзеныя абмежаванні, якія ўжо дзейнічаюць у суседзяў і былі ўведзеныя ў адпаведнасці з інструкцыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і ўласнымі законамі. Беларускія ўлады часткова абмежавалі правядзенне масавых мерапрыемстваў з міжнародным удзелам.
На якія яшчэ меры пойдуць беларускія ўлады, ці будзе ўлічаны досвед Італіі, КНР і краін-суседак?
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!