Творчая сустрэча з Народным паэтам Рыгорам Барадуліным адбылася 21 траўня ў Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культураў у Полацку. У сустрэчы ўзялі ўдзел бард Алесь Камоцкі і паэт і эсэіст Міхась Скобла.
“Такой цёплай, такой добрай сустрэчы я ўжо і не памятаю, хаця апошнім часам на сустрэчах выступаю шмат, – падзяліўся ўражаннямі Рыгор Барадулін. – Вельмі ўдзячны Міхасю Скоблу і Алесю Камоцкаму за тое, што яны наўпрост выцягнулі мяне за вушы, каб я выступіў сёння ў Полацку. Я-та думаў, што ўжо нікому не патрэбны, а тут – такі цёплы прыём! Я еду дамоў, быццам пабыўшы на курорце”.
Падчас сустрэчы Рыгор Барадулін чытаў свае вершы і адказваў на пытанні публікі пра сваё жыццё і творчасць, пра сяброўства з іншым славутым беларусам – пісьменнікам Васілём Быкавым. Паводле словаў аднаго са слухачоў, які прысутнічаў на сустрэчы, у асобе Рыгора Барадуліна ён змог пабачыць і постаць Васіля Быкава, з якім асабіста яму, на жаль, не давялося сустрэцца.
“Сёння мы былі сведкамі бясконца ўдзячнай народнай любові да народнага паэта. І пабачыць такое – шмат значыць, – паведаміў іншы ўдзельнік мерапрыемства – паэт Міхась Скобла. – І калі расійцы першымі выйшлі ў космас, калі кітайцы першымі вынайшлі паперу, калі амерыканцы першымі высадзіліся на Месяцы, то беларусы павінны ганарыцца тым, што маюць такога паэта, як Рыгор Барадулін”.
Пры канцы Рыгор Барадулін зазначыў, што быў бы рады выступаць з творчымі сустрэчамі і надалей.
Сустрэча з Рыгорам Барадуліным ладзілася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Тэгі: Полацк