Аганізатары фестывалю гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд» паведамілі пра тое, што ў запланаваныя даты фестываль сёлета не адбудзецца. Цягам 16 гадоў, пачынаючы ад 2008 года, фэст ладзіўся ў ліпені ў музейным комплексе «Дудуткі». Прычыны сёлетняй адмены не называюцца.
Фестываль "Наш Грунвальд". Фота з Вікіпедыі
Як пішуць арганізатары, была праведзена вялізная работа па падрыхтоўцы фестывалю, якая доўжылася некалькі месяцаў, аднак, на жаль, у запланаваныя даты правесці фестываль не атрымаецца. Каманда шукае магчымасць перанесці правядзенне фестывалю на іншы месяц. Калі гэта не атрымаецца, арганізатары пачнуць рыхтавацца да наступнага года з надзеяй, што «звон мячоў абавязкова вернецца ў Дудуткі».
Нагадаем, сёлета ў Беларусі ўжо адмянілі шэраг фестываляў: FestiWOW, Wostrau, свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы», прарасійскі фэст «Сонцастаянне».
Адмену фестываляў звязваюць з увядзеннем больш жорсткіх патрабаванняў да арганізатараў. Цяпер у Беларусі праводзіць фестывалі і канцэрты могуць толькі кампаніі са спісу, які зацвярджаюць чыноўнікі.