Наш старадаўні герб – афіцыйны сімвал горада Лепеля, таму ён часта трапляецца ў Лепельскім раёне на рэкламных шчытах, а таксама ў мясцовых школах і бібліятэках. У гэтым пераканаўся пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік, які 27 красавіка ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” завітаў да юных чытачоў азёрнага краю.
На Лепельшчыне шмат прыгожых мясцін і старых паселішчаў з адметнымі назвамі. Падчас сустрэчы з вучнямі Баброўскай сярэдняй школы-сада пісьменнік расказваў пра слаўную гісторыю роднай зямлі, пра славутага Францыска Скарыну і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, якое адзначаецца сёлета.
Вёска Камень знаходзіцца сярод маляўнічых пагоркаў, вакол яе рассыпаны 5 азёр ледавіковага паходжання, а на ўскраіне, нібыта крэпасць, узвышаецца гарадзішча, дзе некалькі тысяч гадоў таму, на думку гісторыкаў, гаспадарыла балцкае племя.
Каменская сярэдняя школа-сад была заснавана ў 1863 годзе, сярод яе выпуснікоў – выдатны паэт Анатоль Вярцінскі. Цяпер тут няшмат навучэнцаў, але займаюцца яны па-беларуску. Вучні малодшых класаў добра падрыхтаваліся да сустрэчы з аўтарам кніжак пра беларускую прыроду: расказвалі народныя казкі, адгадвалі загадкі, чыталі вершы. Яны часта наведваецца ў сельскую бібліятэку-музей імя Тодара Кляшторнага. Гэты цудоўны паэт нарадзіўся паблізу ад Каменя і загінуў у сталінскіх засценках.
Усе удзельнікі імпрэзы атрымалі ў падарунак кніжныя закладкі, паштоўкі і памятныя значкі ад грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”