Допіс Севярына Квяткоўскага з нагоды паказушнага італьянскага святкавання Масленіцы – ад імя і па ініцыятыве “постсавецкай дыяспары” – нечакана зачапіў іншую тэму. Не менш (а можа, і больш) істотную. Севярын разважае пра драму неўміручай савецкасці як першаснага маркера былых грамадзян чырвонай імперыі. І элегантна параўноўвае з тымі эмігрантамі ціхіх суайчыннікаў, што забяспечылі апошнія мясцовыя выбары, – як жыхароў “дыяспары няіснай краіны са штучнай культурай на роднай зямлі”. Як на мяне – чарговы суцяшальны самападман. Бо аўтар зыходзіць з таго, што свядомая беларускасць ёсць натуральнай, а постсавецкасць – хваробай. Аднак значнай частцы суайчыннікаў усё бачыцца дакладна наадварот. І драмай выглядае не захапленне аліўе ды “з лёгкім парам”, а спробы перабіць іх новымі сэнсамі.
Чаму заганна валіць у адзін мех эмігрантаў і тутэйшых? Агульнага тут няшмат, бо ў замежжы спрацоўвае інстынкт самазахавання – архіваванне ідэнтычнасці. Імпарт псіхалагічнага камфорту ў неспрыяльнае асяроддзе. У сінявокай рэй вядзе цалкам іншае: перманентная згода з невідавочнасцю культурнай прапіскі. Звычка заставацца нябачным.
Галоўная рыса савецкасці – не сантымент да былога “брацтва”, а прынцыповая няздольнасць нешта вырашаць і нежаданне за штосьці адказваць. Плюс татальнае непаразуменне з гістарычнай спадчынай – праз дзесяцігоддзі адцэнзураванай адукацыі і апантанага канструявання ідэалагічных міфаў.
Гэта не свядомасць, а яе паслядоўнае адмаўленне. Выдаленне ідэнтычнасці, у выніку якога дагэтуль вырабляецца “пустая” нацыя – народ, размеркаваны згодна са штатным раскладам, але пазбаўлены сэнсу і мэты свайго існавання.
Айчынная большасць жыве ўмоўнае жыццё. Там, дзе бясконцая Вялікая Перамога і “мы” заламалі фашызм. Дзе культура прапісаная выключна ў філармоніях, музеях ды адпаведных палацах. Дзе кіраўнік заўсёды мае рацыю – а калі “не”, дык усё адно робіць, што хоча. Дзе выбары – не пошук лепшага, а жэст абыякавай згоды з наяўным.
Савецкая машына тыражавання кантраляванай супольнасці засталася амаль нязменнай – але цяпер ганяе паветра і агучвае хлуд, абсалютна адэкватны актуальнаму стану дзяржаўнай думкі. Сучасная “постсавецкасць” – не пра нязбыўнае-прамінулае, а пра бязлітаснае наяўнае. Пра інерцыйную харэаграфію грамадства, што даўно ўжо ляціць на аўтапілоце. А іншага сцэнару не ведае – і таму й не чакае.
Скажам шчыра: тут анамалія – не “згодныя”, а “нязгодныя”. Меншасць з іншым стылем мыслення і паводзінаў. Дыяспара – гэта фактычна мы. Людзі з мапамі не той краіны.
“…Але для большасці краіны няма!” – зухавата распяваў колькі гадоў таму Вольскі ў картонна-гераічным кіно “Жыве Беларусь!” У бадзёрай вершаванцы хаваўся пыхлівы мэсідж: “А вось у нас – у нас краіна ёсць!”. Натуральна, не было пытанняў, што рабіць. Як што? Папраўляць жыццё пад нашыя мапы.
Дыяспара застаецца дыяспарай, пакуль жыве ў сваім кіно. А ўсё астатняе лічыць цыркам.
Яе трыумфу замінае… сама краіна. З яе не(да)адфарматаваным жыццём, якое вызначаецца не агітслоганамі, баявымі крычалкамі, дырэктывамі, тэарэтычнымі схемамі і распілам дзяржбюджэту, а структурамі штодзённасці: інтуітыўным светапоглядам, фрагментарнымі побытавымі практыкамі, шматслойным інфармацыйным полем, цьмянымі спажывецкімі прыярытэтамі, спарадычным культурным актывізмам. Натуральным асяроддзем – спантанным міксам трэндаў, моваў, стыляў і традыцыяў. Карацей, вектарам агульных дзеянняў.
Гэты вектар не мае канкрэтнага аўтара і рэжысёра. Таму няма і выразнага ворага “нашай дыяспары” – злачыннай зграі апанентаў светлай справы адраджэння. Важна зразумець: супраць “дыяспары” працуе не (анты)герой, а кантэкст. Ён, дарэчы, і робіць дыяспару дыяспарай – праз разыходжанне густаў большасці з яе стылем ды каштоўнасцямі.
“Пустая” нацыя робіць усіх аднолькава пазбаўленымі алібі. Прыбірае агульную шыльду і ўніверсальныя слоганы. Фарбуе білборды агульнай свядомасці белым.
Тое, што падаецца Севярыну рэхам мінулага, бляклымі паштоўкамі з “няіснай краіны”, мне бачыцца натуральным адбіткам наяўнага стану нашай неданезалежнасці. Дзіўнага грамадства з сарамлівай нацыянал-арыентацыяй, комплексам непераможнага пераможцы, палітыкай у стылі памежнага гандлю, памяркоўным хіпстарызмам ды схільнасцю міксаваць вулічныя графіці з танкавымі парадамі. Дзе на траіх грамадзян – два аўто, чатыры шэнгены, тры канфесіі, дзве с паловай мовы, адна канфіскацыя маёмасці, квіток на Балі і пустое неба для ўсіх.
Што застаецца жыхарам краіны ўмоўнага парадку і рытуальнага адзінства? Хаатычныя пошукі сябе. Не новая вертыкаль, а гарызантальны рух. Практыкі ментальнага самакіравання і суіснавання з іншымі версіямі суайчыннасці. “Свядомыя”, постсавецкія, ліцвіны, крыві, новая Еўропа, low cost і no budget… Гэта выбух дыяспар. Нармальная канкурэнцыя беларускасцяў.
Прабач, Севярыне, іншай радзімы ў нас для цябе няма.
Максім Жбанкоў