Некалі нямецкі серыял «Нашыя маці, нашыя бацькі» выклікаў шквал крытыкі з розных бакоў. Рэжысёр паспрабаваў паказаць тыя падзеі з нямецкага (не нацысцкага) боку на прыкладах лёсаў звычайных людзей. Але гэтага хапіла...
Умомант спрацавалі старыя клішэ. Згодна з імі, праўда пра тыя трагічныя падзеі даўно перадвызначаная. Падаваць яе можна нават не згодна з рашэннямі Нюрнбергу, але — згодна з масівам мастацкай і прапагандысцкай прадукцыі, вырабленай пераможцамі. Пераможаны бок — не мае права на сваю праўду. На «апраўданні». Няхай памаўчыць.
А сэнс у тым, што паняцце «пераможаны бок» у той вайне распаўсюджвалася не толькі на немцаў. Насельнікі любой тэрыторыі, занятай любой арміяй — пераможаны бок. Разбірацца ў тым, дзе «вызваленне», а дзе «акупацыя» — асобная тэма. Насельніцтва ўмоўна «вызваленых тэрыторыяў» заўжды нясло на сабе цяжар прысутнасці чужога войска.
Нямецкая санітарка, якая перажыла згвалтаванне, адна з гераінь серыяла
Як Генуэфа Пякарская стае... Генуэфай Сакаловай?
Працуючы з запісам успамінаў сталых людзей у Заходняй Беларусі ды іх прыватнымі архівамі, немагчыма на заўважыць дзіўныя тэндэнцыі. Большасць дажылых да нашых часоў сведкаў перадваеннай Польшчы — жанчыны. Большасць захаваных архіваў — іхныя. А яшчэ гэта гісторыя дзіўных імёнаў і прозвішчаў: Генуэфа Сакалова, Юстына Саўчанка, Крыстына Осіпава.
Як магло стацца, што жанчыны са старых мясцовых каталіцкіх сем’яў раптам сталі сакаловымі, саўчанкамі ды осіпавымі? Чаму тыя, хто прыйшоў з Усходу, бралі іх у жонкі? А дзе падзеліся мясцовыя мужчыны? Дзе іх успаміны, імянныя гадзіннікі, пыльныя фотаальбомы і архівы?..
Усё проста. Кожная вайна выбівае найперш мужчын. Не толькі тых, хто служыць у войску ці партызаніць. Таксама тых, хто мог/можа ўзяць у рукі зброю. Супраціўляцца. Непадпарадкавацца. Паглядзець ворагу ў вочы. Так гэта працуе. Таму мясцовае мужчынскае насельніцтва знікае першым. І толькі ўдовы ці сваякі могуць захоўваць фотаздымкі сваіх палеглых ці зніклых у лагерах мужоў.
Чырвонаармейцы і немцы на вуліцах Берліна
Далей — цікавей. Армія, якая заходзіць і застаецца на тэрыторыі, бачыць карціну: шмат маладых жанчын. Самотных і безабаронных. Ды яшчэ часта з жылплошчай. Таму ўмоўны Васілій Сакалоў бярэ ў жонкі Генуэфу Пякарскую, якая прымае яго прозвішча і вымушаная забыцца на паходжанне і лёс колішняга мужа з мясцовых.
«Девку — в бабу, бабу — в труп»
Гэта не гісторыя пра мараль: хто пагаджаецца, а хто гераічна адмаўляецца і праз пакуты застаецца сабой. Магчыма, гэта гісторыя пра доўгія ночы ў слязах. Гісторыя пра лёсы дзяцей ад першага шлюбу. Гісторыя пра банальнае выжыванне. І той Сакалоў не абавязкова бестыя і гвалтаўнік. Проста «так вышло»...
Гісторыя пра «ўмыканне» жанчын чужога племені больш старажытная за Траянскую вайну. Такая ж старажытная, як і ўся архаіка, якая ўсплывае ў часе вайны. Кожнай вайны. Калі пра Другую сусветную, то такая ж карціна з сакаловымі і осіпавымі была ў «вызваленым» Львове або Вільні. Мужчыны былі пазабіваныя, уцяклі на Захад ці — партызанілі па лясах. Жанчыны ж — «широкое поле для деятельности»...
Маладыя дзяўчаты з Гродна, Вільні ці Львова часта ставалі здабычай
Такая ж карціна была ў Заходняй Польшчы — ва ўчорашняй Сілезіі, Гданьску, Ольштыне і Уроцлаве. Там надалей заставалася шмат немцаў, але збольшага — немак. Спачатку там прайшла Чырвоная армія. Працэс добра апісаў Салжаніцын у «Прускіх начах»:
...Дом не жжен, но трепан, граблен.
Чей-то стон, стеной ослаблен —
Мать — не на смерть. На матрасе —
Рота? взвод ли побывал?
Дочь-девчонка наповал.
Сведено к словам простым:
Не забудем! Не простим!
«Кровь за кровь, и зуб за зуб».
Девку — в бабу, бабу — в труп...
Знакаміты здымак, на якім савецкі жаўнер забірае ў немкі ровар
А пасля прыйшлі палякі. Са сваімі крыўдамі і злосцю. Усё паўтарылася, але паколькі тэрыторыі засталіся за Польшчай — стабілізавалася.
Палякі толькі зараз асмельваюцца пісаць на гэтую тэму. Раней — табу. Рэдкія кнігі-расследаванні, якія выходзяць на тэму, стаюць адкрыццём. Аказалася, што памятаючы Катынь ці Варшаўскае паўстанне, варта памятаць і факты гвалту супраць нямецкага цывільнага насельніцтва. Наўпрост быць шчырымі з самімі сабой.
«Ясыр» — здабыча, трафей
Здаецца, што нам сёння да гэтай гісторыі? Справа ў сучаснасці. Большасць палітычных эмігрантаў з Беларусі, якіх сустракаю ў тым польскім горадзе, дзе жыву, мужчыны. Абсалютная большасць эмігрантаў з Украіны — жанчыны. Чаму?
Калі краіна ваюе, то гэта нармальна — высылаць у тылы жанчын і дзяцей. Калі краіна ці нейкі рух прайграў — едуць найперш мужчыны. І справа не ў тым, які гендар прымаў найбольш актыўны ўдзел у беларускіх пратэстах — гэта не важна. Справа ў бачанні тых, хто па іншы бок. І яно максімальна архаічнае. Калі мужчыны адступілі ці ў турмах, адсутныя, то ўсе, хто застаюцца — гэта «ясыр». То-бок здабыча, трафей.
Знакамітае фота жанчын у счэпцы ў жніўні 2020-га. Фотаздымак Вольгі Шукайла
«Жаночы пратэст» 2020-га быў для ІХ усяго толькі рэкламай гэтага «ясыру». Каляровай і прыгожай карцінкай. Архаіка нікуды не знікае: яна толькі абрастае тонкім слоем сучаснай культуры, які з лёгкасцю здымаецца ў крытычнай сітуацыі. Не варта казаць пра «амаральнасць». Варта казаць пра архаічную мараль, згодна з якой пэўныя шаблоны паводзінаў — норма.
Сілавік і пратэстоўцы-жанчыны ў Беларусі 2020-га. Фота Ірыны Арахоўскай
Вельмі верагодна, што дадзены тэкст будзе непрыемна чытаць і беларускім мужчынам, і жанчынам. Спачуваю.
Але ў перспектыве чорнай хмары «рускага міру» і «неасавецкасці», якая навісла над Беларуссю, варта было б задумацца.
Алесь Кіркевіч, budzma.org
Фота ў шапцы: commons.com.ua