Настаўнікі, якія прыніжаюць вучняў, – сапраўдныя няўдачнікі, і гэта ім трэба яшчэ адукоўвацца

20.09.2019 Замежжа

Калі вы лічыце, што толькі ў Беларусі настаўнікі паводзяць сябе некарэктна, то расчаруем вас. Адбываецца гэта па ўсім свеце. Лічым вартым згадаць эмацыйны артыкул калумністкі Кэрал Мэлоўн, які быў апублікаваны ў брытанскім таблоідзе Daily Mirror.



article-2573069-1C08052200000578-76_634x412.jpg

Цяжка паверыць, што ў нашы дні ёсць настаўнікі, якія лічаць, што рытуальнае прыніжэнне  дзяцей – найлепшы спосаб прымусіць іх паводзіць сябе добра.  


Я ўвогуле за дысцыпліну ў школах. За тое, каб яна была. Але абсалютна супраць таго, каб да яе прымушалі праз гвалт і здзек. 

На гэтым тыдні адну настаўніцу ў Сомерсэце абвінавацілі ў тым, што яна загадала дзецям заткнуцца, бо тыя паводзілі сябе шумна. 

У Дэрбі яны прымусілі дзяцей ісці да прыбіральні з надпісам: "Я іду ў туалет".

У Брэдфардзе аўтычнага хлопчыка адправілі дадому з лістом, прылепленым да грудзей, бо напярэдадні ён забыўся аддаць яго маме.

А ў Англсі адміністратарка школы выклікала паліцэйскага афіцэра, бо даведалася, што дзеці плануюць не ўсміхацца на агульным школьным фота. 

Хто, халера, гэтыя людзі і як яны  змаглі падысці да дзяцей  бліжэй за 10 кіламетраў?

Якім чынам людзі, здольныя да жорсткасці, могуць выкладаць, асабліва ўразлівым дзецям, калі яны проста і відавочна непрыдатныя да гэтага?

Адна сказала дзесяцігадовым дзецям заткнуцца, іншая выклікала паліцыю, бо дзеці адмовіліся ўсміхацца. Фактычна, паводзіны настаўнікаў у кожным разе есць прызнаннем сваёй непрафесійнасці, сваёй паразы. Яны не разумелі, як працаваць з дзецьмі і як кантраляваць парадак на занятках. 

Што тычыцца ліста бацькам, адпраўленага такім чынам праз дзіця-аўтыста, то чаму яго проста не адправілі поштай? 

Што тычыцца тых выкладчыкаў, якія  вымушаюць дзяцей насіць на шыі таблічкі пра прыбіральню, то чаму самім настаўнікам не насіць таблічку “няўдалы настаўнік” ці “настаўнік-лузер”? Бо яны такія і ёсць.

Вельмі часта маладыя людзі выходзяць са школы невукамі, ім цяжка звязаць словы і выказаць сваю думку.  Аднак я ведаю, што ёсць і іншыя настаўнікі, і іх шмат. Гэта тыя, хто не прыніжае вучняў, не здзекуецца з іх. Гэта тыя, хто можа прымусіць дзяцей паводзіць сабе добра і вучыцца не праз запалохванне, а праз павагу. Настаўнікі павінныя натхняць, а не буліць.

Я памятаю настаўніка, які не прыніжаў мяне за мае шчокі, за маю стрыжку, а пабачыў ува мне нешта, што нагадвала мозг, і навучыў мяне ім карыстацца, даў мне ўгледзець перспектыву. Яго геній прымушаў дзяцей, якіх ён вучыў, слухаць яго і вучыцца. І я таксама зрабіла гэта, бо не хацела яго расчароўваць. І так робяць сапраўды добрыя настаўнікі.

Так, некаторыя дзеці жудасна непаслухмяныя, бо іх бацькі не ведаюць сэнсу гэтага слова. А часам бацькі хочуць, каб школа ўзяла на сябе абавязак і вучыць і выхоўваць, бо самі не здольныя займацца дзецьмі. 

Але калі настаўнікі пачынаюць прыніжаць дзяцей, то прайграюць бітву не толькі за дысцыпліну, але і за іх сэрца і розум. І пакуль яны не навучацца займацца і тым, і тым, дзеці ніколі не будуць вучыцца, натхняцца імі і паважаць іх.


Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!