Людміла Крылова выкладае беларускую мову і літаратуру ў школе № 34. Ідэя рабіць настольныя гульні ў яе з’явілася, калі заўважыла цяжкасці засваення прадмета вучнямі. Сёння бабруйчанка мае восем дыдактычных гульняў, якімі можна карыстацца на занятках у малодшых і старэйшых класах. І распрацоўвае вялікую, сюжэтную настолку разам з калегамі з іншых гарадоў. «У каманду шукаем мастака-дызайнера, які здолее аформіць гульню так, каб яна выглядала актуальна для сучасных падлеткаў», — кажа Людміла ў інтэрв'ю Бабруйскаму інтэрнет парталу.
— Упершыню думка рабіць дыдактычныя гульні для школьнікаў у мяне з’явілася тры гады таму, у часы працы ў цэнтры дзіцячай творчасці, — распавядае Людміла Крылова. — Я была намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы і займалася праектам беларускамоўнай змены летніка для сотні дзяцей. Спачатку педагогі напалохаліся, бо мала хто валодае мовай. Я прапанавала такі варыянт: буду сама размаўляць па-беларуску, прыдумляць заданні, а ў вас ужо як атрымаецца. І паступова калегі самі запаліліся гэтай ідэяй і мы паспяхова зладзілі такую змену на 18 дзён.
Адным з заданняў лагера было «Гуляем па-беларуску». Напрыклад, дзецям трэба было зрабіць сэлфі на фоне беларускамоўных надпісаў у Бабруйску. І яны хадзілі, квэсцілі, шукалі іх. Таксама былі сустрэчы з цікавымі беларускамоўнымі людзьмі, майстар-класы па народных танцах. З прэзентацыяй гэтага праекта я з’ездзіла ў «Зубрёнок».
Калі Людміла прыйшла працаваць у школу, задумалася над пытаннем: як заахвоціць васьмікласнікаў на шосты навучальны дзень? Бо дзецям патрэбная матывацыя, разуменне «для чаго я гэта раблю?»
— Гэта нам, настаўнікам, трэба падладжвацца пад сучасных дзяцей. Я ім прапанавала ствараць гульні для малодшых школьнікаў, быць карыснымі. Формы я ім прапаноўвала сама, напрыклад — лато. А яны самастойна падбіралі лексічны матэрыял, цікавыя, на іх позірк, словы. Рабілі гульні ў электронным выглядзе, напрыклад, можна было пачуць птушыныя галасы праз QR-код. Ім было дужа цікава прыходзіць да меншых дзяцей, выступаць у якасці настаўнікаў.
Для старэйшых класаў патрэбныя гульні з падвышанай складанасцю, але не ўсе яны праходзяць. Таму нам так важна тэставаць іх на розных класах, каб знаходзіць хібы, ці цалкам адмаўляцца ад настолкі. Важна, каб гульня была гульнёй, з інтрыгай, а не проста дыдактычным матэрыялам.
Зараз Людміла Крылова распрацоўвае сюжэтную гульню. Ідэя ўзнікла на бізнес-інтэнсіве «Включи себя». Ёй сказалі: «Гульні, якія маеце, будуць набываць толькі настаўнікі. А каб уключыць больш дзяцей, трэба стварыць нешта маштабнае». Настаўніца кажа, што адной ёй было б цяжка прыдумаць актуальную настолку.
— Трэба часцей пытаць у дзяцей: «А што цікава вам?» І даць ім магчымасць паўдзельнічаць. Нядаўна я ездзіла на «Eduton» у Мінск, дзе сабраліся настаўнікі з розных куткоў Беларусі. І там я знайшла аднадумцаў, з якімі зараз распрацоўваю сюжэтную гульню. Гэта настаўнікі з Мінска, Іванава і Брожы (Бабруйскі раён). Мы стасуемся з імі праз інтэрнэт. Спадзяюся, ужо ў верасні зможам абкатаць гульню на дзецях. Бо перад тым, як трапіць у друк, настолка павінна быць добра пратэставаная і даведзеная да дасканаласці.
На фота: Лато для малодшых класаў. Трэба закрываць словамі карцінкі, якія аб’яднаныя рознымі тэмамі. Словы для гэтай гульні падабралі вучні Людмілы.
— Слова «кілішак» сустракаецца ў 8-м класе ў «Магіле Льва». У малодшых класах дзеці з ім не сутыкаюцца. Але гэта не значыць, што яго не трэба ведаць. Назапашванне словаў спатрэбіцца ў старэйшых класах. Каб не давялося доўга шукаць яго значэнне. Таму я пастаянна падкідаю дзецям рэдкія словы. Бо з разуменнем тэкстаў у некаторых вучняў катастрофа, — кажа настаўніца.
На фота: «Трохкутнік з сінонімамі і антонімамі. Гэтая гульня паскладаней, для старэйшых класаў. Па другой адукацыі я дэфектолаг, і ўзяла гатовую ідэю з матэрыялаў. Вельмі добра па такой настолцы рыхтавацца алімпіяднікам, словы лягчэй запамінаюцца. Зараз раблю па такой жа форме літаратурны трохкутнік — пісьменнік і твор».
На фота: Рэбусы. Складаем словы па першых літарах словаў на малюнках. Людміла паказвае, што на адной картцы ёсць памылка — «лук» замест «цыбуля». Настаўніца спецыяльна не прыбірае хібу, бо дзеці знаходзяць яе самастойна.
На фота: Распрацоўкі для сюжэтнай гульні. У ёй будуць тры ўзроўні пытанняў, якія каманда плануе тэставаць на падлетках. Зараз яны шукаюць мастака-дызайнера, які адчувае сучаснае пакаленне, і здолее аформіць настолку ў актуальным стылі. Гульня будзе прыгодніцкая, з міфічнымі істотамі і цікавымі выпрабаваннямі. Будзе ў гульні і магчымасць зарабіць грошы — талеры, і набыць на іх скарб.
Людміла Крылова прапанавала нам сустрэцца ў парку. Яна тлумачыць, чаму гэтае месца адно з самых улюбёных у горадзе:
— Я з Бабруйскага раёна, вёска Цялуша, — кажа Людміла. — Трапіла сюды па размеркаванні. Працавала ў школе, атрымала другую вышэйшую адукацыю, якая зараз вельмі дапамагае ў маіх пачынаннях. У горадзе больш за ўсё люблю гэты парк, бо прывыкла звязваць месцы з успамінамі пра нейкія важныя падзеі. Тут пачалася мая другая работа, тут былі квэсты, сустрэчы, танцавальныя майстар-класы з Юліяй Літвінавай і Сяргеем Выскваркам.
У Бабруйску не такое вірлівае жыццё, як у Мінску. Таму я люблю месцы, у якіх ёсць рух.
— Я б раіла наведаць азёры за кінатэатрам. Гэта гістарычныя мясціны. Кажуць, там былі габрэйскія могілкі. І мы з вучнямі знаходзілі там разенбергаўскую цэглу, цікавыя камяні. Я тады акурат працавала ў клубе «Лотас», і гэта быў раён нашых даследаванняў.
Ведаю, што для карэнных бабруйчан гэта адметная лакацыя, з якой звязана нямала прыемных успамінаў. А я тут часта гуляла з маленькай дачкой — яна спіць, а я чытаю. У гэтых мясцінах яна вырасла. Прыемна, што зараз каля азёраў прыбіраюць, зараз тут прыемна прайсціся, падумаць.
Для таго, каб атрымаць у карыстанне адну з дыдактычных гульняў Людмілы Крыловай, звяртайцеся праз яе Instagram.