Пісьменніца, блогерка і папулярызатарка літаратуры Надзея Ясмінска прыдумала “Кнігаполію”, каб давесці, што кнігі – гэта нястрашна.
“Я не толькі пісьменніца, я яшчэ актыўная чытачка і аматарка настольных гульняў. Такое злучэнне мусіла аднойчы прывесці да стварэння ўласнай гульні”, – распавяла Надзея.
Мэта гульні – сабраць поўную палічку кніг, падзеленых колерамі па літаратурных жанрах. Іх можна набываць ці мяняць, прыдбаць праз бук-кросінг. Гульню можна ўскладняць па жаданні ўдзельнікаў дадатковымі пытаннямі пра кнігі, дадаваць цытаты ці пытанні пра змест. Праўда, гэта больш пасуе дарослай аўдыторыі.
Надзея адзначыла, што папулярызацыя чытання можа быць як доўгай справай, так і імгненнай: “Я сустракалася з дзяўчатамі, што ладзяць літаратурныя вечары. Адна з іх пабачыла картку і сказала: “О, трэба Мележа перачытаць”. Часам у нас з аматарамі кніг завязваюцца такія спрэчкі, што даводзіцца нагадваць, каму хадзіць. Бо гульня перацякае ў гутарку. А калі людзі менш захапляюцца чытаннем, я проста праводжу гульню, каб яны прызвычаіліся да механікі. Пасля можна раздаваць дадатковыя заданні кшталту “прачытаць кнігу, што засталася на полі бук-кросінгу”.
На беларускія палічкі Ясмінска абірала кнігі рознага напрамку і не дазволіла сабе раскошы змясціць толькі ўлюбёныя творы. У прозе можна пабачыць і старога фантастычнага Баршчэўскага, і прадстаўніка ХІХ стагоддзя Лучыну. Праўда, некаторыя сімпатыі ў падборцы можна заўважыць: “Так можна было шмат якіх паэтак узяць, яны ўсе розныя і выбітныя, але я абрала Веру Вярбу, бо яна мне вельмі даспадобы, а яе верш “У суботу Янка ехаў ля ракі” некаторыя нават лічаць народнай песняй”.
Тут вы можаце збіраць жахі, фантастыку ці вышукваць творы беларускіх паэтаў. Так, асобна ёсць паэзія і проза. “Будзе выдатна, калі дзіця пагуляецца ў такую настолку, будзе шукаць таго ж Караткевіча, а пасля ў школе, калі пачуе гэтае прозвішча, ужо будзе яго ведаць і не разгубіцца. Таксама ў “Кнігаполіі” можна праводзіць розныя дадатковыя заняткі ці даваць заданне кшталту знайсці кнігі з гэтай гульні ў хатняй бібліятэцы”, – мяркуе аўтарка.
Для Надзеі папяровая кніга – тэма для доўгіх размоваў. Каб і іншыя атрымлівалі такую ж асалоду ад тамоў літаратуры, яна ладзіць сустрэчы, а цяпер і гульнятэкі. Спачатку яна не разлічвала, што маленькія ўдзельнікі будуць натоўпам атачаць яе, аднак усё было менавіта так: “Калі я прэзентавала гульню на фестывалі “Горад і кнігі”, за стол прыйшлі дзеці, што мяне здзівіла. Яны хутка разабраліся з правіламі, і практычна два дні я праводзіла гульню сярод дзяцей, бо яны не давалі дарослым магчымасці ўзяцца за карткі і запісваліся на некалькі гадзін наперад. Бацькі былі гэтым вельмі ўсцешаныя. Натуральна, дзеці першы раз успрымаюць карткі з кнігамі як забаву, звяртаюць увагу толькі на колер. Пасля яны пачынаюць разбірацца, што ў іх руках. Нехта кажа, што яны гэта праходзілі ў школе, а іншую кнігу бачылі дома. Я бачыла, як дзяўчынка гадоў шасці прасіла брата паказаць ёй Брэдберы і Толкіна. Мяне нават зацікавіла, ці ўпершыню яна гэта чула.
За сталом гульні бываюць касмічна розныя дзеткі. Так, аднойчы маленькі шахматыст некалькі гадзін спрабаваў розныя тактыкі, каб перамагчы. А потым за гульню ўзяўся хлопец, чыя маці адразу скептычна паставілася да ідэі, бо, па яе словах, малы не любіць чытаць. Але той разабраўся і нават зацікавіўся кнігай, што была ў яго руцэ. Мажліва, з гэтага пачнецца ягоны раман з літаратурай”.
Марыя Грыц