Цяжка нават уявіць, што палохае больш тых, хто не сутыкнуўся ці не сутыкаўся з вайною раней — уласна баявыя дзеянні і кроў альбо санкцыі?
На сённяшні момант можна сказаць, што санкцыі ёсць элементам вядзення вайны. Толькі менш жудасным і крывавым.
Наколькі яны эфектыўныя, ці маюць уласціваць дзейнічаць толькі з адтэрміноўкай, ці кропкава і хутка — даволі спрэчнае пытанне.
Не варта вызначаць трапнасць абмежавальных эканамічных мераў толькі па курсах у абменніках. Бо падчас геапалітычных і фінансавых штормаў валютныя спекуляцыі — ёсць адным з галоўных напрамкаў атрымання прыбыткаў. Разам з гандлем сыравінай і металамі.
І таму змены курсаў валют не заўжды могуць быць вынікам рэакцый рынкаў і звычайных грамадзян на ўвядзенне санкцыяў.
Выходзячы з наступстваў, якія ўжо выклікалі заходнія санкцыі супраць РФ, варта канстатаваць, што іх распрацоўшчыкі вельмі ювелірна выканалі сваю працу. І гаворка не пра абвал рынкаў і рост курсаў. А пра рашэнне адразу некалькіх буйных энергетычных і аўтамабільных гігантаў выйсці з сумесных праектаў з расійскімі партнёрамі:
«Брытанская BP заявіла аб намерах пазбавіцца акцый "Роснефть" (20%). Таксама адмаўляюцца ад супрацоўніцтва Shell і нарвежская Equinor. Шведская Volvo і нямецкая Daimler спыняюць пастаўкі і працу ў РФ».
Наўрад ці рашэнні на такім узроўні могуць прымацца пад уплывам эмоцыяў. Хутчэй за ўсё гэтыя фірмы і шмат іншых убачылі небяспеку для сваіх капіталаў.
Тым больш, што еўрапейцы разам з амерыканцамі абяцаюць замарозіць рэзервы цэнтрабанка РФ, і ўжо фактычна паралізавалі дзейнасць некалькіх буйных банкаў (у тым ліку адключылі ад SWIFT — сусветнай міжбанкаўскай сістэмы каналаў сувязі), пазбавілі магчымасці працаваць на заходніх фінансавых рынках. Гэтыя меры істотна абмяжуюць магчымасці па пераводзе сродкаў і ўзаемадзеянне бізнесу РФ з партнёрамі на Захадзе.
Безумоўна, такія захады паўплываюць на эканоміку не толькі РФ, але і Беларусі (нават без дадатковых абмежаванняў уласна для нашай краіны). Наперадзе інфляцыя, зніжэнне даходаў, а таксама макраэканамічныя праблемы — заняпад вытворчасці, сыход інвестараў і высокатэхналагічных кампаніяў. Што яшчэ больш паскорыць працэсы збяднення беларусаў.
З улікам таго, што на Захадзе мінскую камандна-адміністратыўную сістэму зараз разглядаюць фактычна як частку крамлёўскай, нас дакладна чакаюць новыя сюрпрызы.
І з вялікай доляй верагоднасці не толькі ў абменніках.
Справа ў тым, што і Украіна, і Расія з’яўляюцца аднымі з найбуйнейшых у свеце пастаўшчыкоў збожжа (пшаніцы, кукурузы і інш.).
Галоўныя базы для імпарту гэтых краінаў знаходзяцца ў чарнаморскіх партах. І ўжо зараз, хаця пакуль пара выканання паставак леташняй прадукцыі, кошты на біржах на харчаванне пайшлі ўгару.
У матэрыяле Bloomberg адзначаецца:
«Ф’ючэрсы на пшаніцу ў Чыкага падскочылі ў панядзелак амаль на 9% да самай высокай цаны за больш чым 13 гадоў пасля таго, як Захад узмацніў санкцыі ў мінулыя выходныя».
Трэба адзначыць, што вайна ва Украіне пачалася на фоне агульнага падвышэння коштаў на харчовыя тавары ў свеце.
А калі ўкраінскія пастаўкі з-за вайны ў бліжэйшы час не будуць адноўленыя, ёсць верагоднасць далейшага росту коштаў. Тым больш, што трэйдары звязаныя з адным з галоўным спажыўцоў «чарнаморскай пшаніцы» — Егіптам, пасля заяваў пра санкцыі супраць РФ пачалі з недаверам ставіцца да супрацы з расійцамі :
«Трэйдары трымаюцца далей ад расійскага збожжа, а экспарцёры на дадзены момант не могуць пагадзіцца на кантракты, бо не ведаюць, ці змогуць іх выканаць па меры развіцця сітуацыі».
Па некаторых звестках, у краінах Паўночнай Афрыкі кошты на збожжавыя прадукты ўжо ўзняліся на 20–30%. Што, прыгадваючы падзеі «арабскай вясны», якая пачалася з-за роста коштаў на хлеб, выглядае вельмі выбухованебяспечнай тэндэнцыяй.
А калі ўлічваць цьмяныя перспектывы наконт правядзення сельскагаспарадарчай кампаніі ва Украіне сёлета, можна зрабіць высновы, падобныя да меркавання аўтара артыкула Bloomberg:
«Перабоі адбываюцца ў той час, калі сусветныя цэны на збожжа ўжо ўзляцелі да рэкордаў, што спрыяе росту інфляцыі і небяспекі голаду».
Цалкам верагодна, што вайна на ўсходзе Еўропы можа выклікаць не толькі значны рост коштаў на прадукты харчавання, але і дэфіцыт у рэгіёне і па ўсім свеце. Улічваючы немінучае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, у тым ліку і ў Беларусі, а таксама з-за санкцыяў цалкам магчымыя абмежаванні паставак неабходнай сыравіны з Захаду для жывёла- і птушкагадоўлі. Што выкліча дэфіцыт не толькі збожжа, але і іншага харчавання. І калі еўрапейцы могуць не адчуць значных праблемаў, арабскі свет і Усходняя Еўропа відавочна знаходзяцца пад пагрозай істотнага пагаршэння не толькі дабрабыту, але і якасці харчавання.
З такой праблемай наш рэгіён не сутыкаўся з часоў пасляваеннага голаду пад канец 1940-х. У такой сітуацыі кожная краіна будзе вымушана ўлічваць толькі свае інтарэсы. Тым больш еўрапейцам будзе абыякава на верагодныя праблемы за «новай жалезнай заслонай». Цалкам верагодна, што падобнае развіццё падзеяў можа прывесці да гуманітарнай катастрофы сур’ёзных маштабаў.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org