У віленскім Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ўвечары 28 сакавіка адбылася прэзентацыя кнігі «Алесь». Імпрэза — адна з шэрагу падзей тыдняў Алеся Бяляцкага ў Варшаве і Вільні.
Кніга «Алесь» з’явілася пад патранажам Беларускага ПЭНа ў выдавецтве «Полацкія лабірынты».
Лідарка Беларускага ПЭНа, каардынатарка рэдакцыйнай групы Таццяна Нядбай звяртае ўвагу на вялікую хуткасць працы над кнігай: «7 кастрычніка стала вядома пра Нобелеўскую прэмію для Алеся Бяляцкага, 20 кастрычніка пачалася праца над кнігай. 20 лістапада мы здавалі кнігу ў друк, каб 8 снежня перад цырымоніяй у Осла паспець атрымаць наклад і даставіць кнігу на ўручэнне».
«Гэта цэласная біяграфія праваабаронцы, культурнага дзеяча, літаратара Алеся Бяляцкага. Тэксты з турмы, артыкулы з «В*с*ы» і незалежных СМІ, расповеды калег і сяброў Бяляцкага, фотаздымкі. Кніга складаецца з дзвюх частак «Маладыя і Дзяды» — да 1996 года, і «Турма і Вясна» — пасля 1996-га і да нашых дзён. Мы паспрабавалі паказаць шматгранную асобу, здаецца, удалося гэта зрабіць», — сказала Таццяна Нядбай.
Наталля Пінчук, жонка Алеся Беляцкага, адкрыла імпрэзу ўрыўкам з кнігі пра Нобелеўскага лаўрэата. І дадала сваё меркаванне:
«Вельмі важна сёння гаварыць не толькі пра Алеся, але і пра ўсіх тых, хто знаходзіцца за кратамі ў Беларусі. Важна, што праваабаронцы, якія знаходзяцца тут у Вільні, не пакідаюць сваю справу, працуюць кожны дзень. Нам важна кожны раз падымаць наш голас, беларускі голас, каб нас чулі за мяжой.
Мы праслухалі тут выступ Алеся на 25-годдзе «В*с*ы» і гэты зварот да міжнароднай супольнасці, хацелася, каб усё гэта было пачута, каб міжнародная супольнасць выказвала сваю салідарнасць беларускаму народу, каб міжнародная супольнасць рабіла ўсе магчымыя захады, каб ціснуць на ўлады Беларусі, каб голас беларусаў быў пачуты. Я думаю, уласнымі сіламі, якія ў нас ёсць, якія дадуць нашыя суседзі, гэтымі супольнымі сіламі і намаганнямі мы здолеем змяніць сітуацыю».
«Беларусь — гэта тое, за што варта змагацца ўсімі сіламі, усімі сродкамі — і хто як можа. І толькі вось гэтымі рознымі магчымымі нашымі дзеяннямі мы можам штосьці змяніць.
Давайце старацца больш, можа быць, са спагадай ставіцца да іншых, можа быць, на наш погляд, не зусім такіх важных і лёсавызначальных падзей ці мерапрыемстваў, якія арганізуюцца. Усе мы — людзі, і кожны ўсё робіць, як умее. І ўмеюць усе па-рознаму. Галоўнае, каб мы працавалі і ішлі ў адным накірунку. Думаю, гэта найбольш істотна», — так адказала Наталля Пінчук на пытанне «ці вартыя беларусы Алеся Бяляцкага».
Было пытанне і ў працяг варшаўскай імпрэзы, на якой палітык, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч сказаў, што на ягоную думку, Алесь Бяляцкі — найлепшы кандыдат на кіраўніка беларускай дзяржавы ў будучым.
«Цікавае пытанне. Але Алесь па нашай Канстытуцыі не можа быць прэзідэнтам, бо нарадзіўся не ў Беларусі, а ў Карэліі. Як бы я да гэтага ставілася? Як толькі мы пачыналі сваё сямейнае жыццё, сын ужо быў, паўстала пытанне ў Алеся, ці выстаўляць яму сваю кандыдатуру на конкурс на пасаду дырэктара музея Максіма Багдановіча. Алесь прыйшоў і раіцца са мной, я кажу: «Ды навошта табе гэта трэба? Не трэба, канечне». Думаю, што калі б ён запытаўся мяне наконт вось гэтага пытання, мой адказ быў такім жа самым.
Так, кансалідаваць грамадства неабходна, але будуць, спадзяюся, свабодныя выбары і прэзідэнт у нас будзе выбраны дастойны. Але ж дырэктарам музея Алесь усё ж такі стаў — не паслухаў мяне», — сказала Наталля Пінчук.
«Трэба, каб кожны рабіў тое, што ён умее найлепшым чынам. Трэба рабіць нават самыя добрыя дробныя справы, рана ці позна гэта ўсё перамелецца. Між іншым, гэта прэмія Алесю Бяляцкаму — гэта якраз тое, што нам найлепшым чынам даказвае змены да лепшага, таму што Нобелеўская прэмія — найбольш аўтарытэтная ў свеце — даецца чалавеку ці арганізацыі, але пасля такімі прэміямі мераюцца краіны і народы. Для Беларусі — гэта найвышэйшая адзнака ў свеце, і тое, што як да яе паставіліся сённяшнія «рэжымнікі» ў Беларусі, — грэбліва, з замоўчваннем, з абразамі — сведчыць пра тое, што ёсць часовае, а што ёсць вечнае, што будзе цаніцца заўсёды, а што сыдзе, як нейкае бервяно на шляху да цывілізацыі. (...) Гэта будзе працаваць на ўсю наступную перспектыву», — сказаў журналіст і літаратар, паплечнік Бяляцкага Сяргей Дубавец.
Вінцук Вячорка, палітык, філолаг, паплечнкік Бяляцкага, задае «сабе пытанне: дзе крыніца духоўнай моцы, апірышча Алеся?» «Безумоўна, гэта найперш Наталля. Але гэта таксама і ўсе тыя, хто падзяляе ягоныя ідэі, усе тыя мільёны, а цяпер я смела магу пра гэта казаць пасля 2020 года — мільёны беларусаў, якія нікуды пасля 2020 года не падзеліся. Хтосьці з іх гэтыя ідэі падзяляў дзесяцігоддзямі, хтосьці да іх прыйшоў у 2020-м, хтосьці да іх прыйшоў учора. І дзякуй Богу, бо гэта азначае, што тая ідэя, якой прысвяціў жыццё Алесь з самага маладога ўзросту пачынаючы, мае перспектыву, бо яна развілася так, як нам у 1980 годзе, можа быць, нават не мроілася», — зазначыў Вінцук Вячорка.
Што да апошняга слова Алеся Бяляцкага на судзе, то яно «нечакана для мяне і прыкра для мяне раптам стала прадметам нейкага расцягвання на выхапленыя з кантэксту цытаты, спрэчак вакол палітычнай тактыкі, ледзьве не на згодніцтва таго Алеся пачалі ўжо намякаць...». «Слухайце, чалавек, які знаходзіцца ў турме, у вязніцы, ён уздымаецца высока над усімі тактыкамі і абыдзёншчынай. Ён думае стратэгічна, ён думае на перспектыву. І, натуральна, не ўдзельнічае ў гэтых як бы прыземленых дыскусіях. Ён што — там Лукашэнку памінаў, гаворачы пра патрэбу паяднання нацыі? Ён глядзіць на некалькі крокаў наперад, ён глядзіць на тое, што нечысць адыдзе, і трэба будзе нешта рабіць з тымі, хто сёння гэтай нечысці служыць. Ён пасылае сігнал тым, хто дагэтуль служыць: «вы ж падумайце, што пройдзе нейкі, зусім кароткі час і вам давядзецца назад рэінтэгроўвацца ў беларускі народ.
Вось гэтая вера ў будучыню і ёсць ягонае галоўнае пасланне з-за цяперашніх кратаў. Ёсць Бяляцкі, ёсць будучыня, будзе Беларусь», — падкрэсліў Вінцук Вячорка.
Паводле Таццяны Нядбай, рэдакцыйная група кнігі «Алесь» плануе яе пераклад.
«У нас яшчэ няма канкрэтных дамоўленасцяў, але зараз мы працуем над польскім перакладам перадусім, над англійскім перакладам, — распавяла яна Budzma.org — Думаю, будзем на іншыя мовы таксама перакладаць, як толькі будуць з’яўляцца зацікаўленыя бакі, таму што тут вельмі важна ў выпадку з перакладам зрабіць так, каб гэтая кніга выдавалася мясцовымі замежнымі выдавецтвамі, каб яны мелі разуменне сваіх чытацкіх рынкаў для таго, каб гэтая кніга распаўсюджвалася, каб яна была выдадзеная пад замежныя аўдыторыі і мела распаўсюд, а не проста ляжала дзесьці на складах».
Рыгор Сапежынскі, budzma.org