Наталля Шырокава: “Гісторыя Беларусі расплюшчыла мне вочы”

natalia-shyrokava

– Быць беларусам – гэта стаць носьбітам гэтай нацыянальнасці. Само паняцце нацыянальнасці для мяне існуе ў шырокім і вузкім сэнсе. Згодна з першым, беларускай я стала 11 кастрычніка 1987 году, калі мае бацькі першы раз пачулі мой чароўны крык. Мае бацькі былі беларусамі (бо так запісана ў пашпарце) і я, адпаведна, таксама стала беларускай. Нацыянальнасць у шырокім сэнсе – гэта проста факт прыналежнасці цябе ДАКУМЕНТАЛЬНА, а не свядома… У вузкім сэнсе гэта ўсведамленне сябе прыналежным да канкрэтнай нацыянальнасці, гэта знаходзіцца глыбока ўнутры і мае своеасаблівую, сакральную каштоўнасць. Важна тое, што ў дакументах ты можаш быць запісаны як паляк, рускі, немец і г.д., але быць беларусам. Гэта своеасаблівы стан душы, калі ты добра разумееш, хто ты, дзе ты, чаму ты тут і чаму ты такі, а не іншы. Гэта цяжка выказаць словамі, мне здаецца, гэта можна толькі адчуць.

Ёсць тры фактары, якія зрабілі мяне сапраўднай беларускай:

1) Любоў да таго, што знаходзіцца вакол, і асаблівае захапленне ад прыроды. Безумоўна, вельмі важную ролю адыгрывае тое, дзе ты жыў, на чым вырас, хто жыў побач, у якой сям’і – гэта своеасаблівае фармаванне асобы. У маім жыцці два такіх месцы – гэта Віцебск і в.Прудняні, дзе жыла мая бабуля. Менавіта ў вёсцы я набыла гэтую любоў. Я палюбіла Беларусь, нават не разумеючы яшчэ, за што і што я палюбіла. З маленькай любові пачынаецца вялікая.

2) Канкрэтныя веды пра Радзіму (праўдзівыя!). Сярод родных і блізкіх людзей большая частка была “таталітарнага” крою, якая адчувала сябе народам беларуска-савецкім, а не асобным. Іх праблема была толькі ў тым, што яны проста не ведалі праўды, але і гэта не іх віна (200 гадоў палону і ганьбы ўсяго беларускага). У школе ў мяне былі такія ж настаўнікі. Сапраўдныя веды я атрымала, калі пачала рыхтавацца да паступлення на гістарычны факультэт. Я вельмі шмат чытала па гісторыі Беларусі, і ў нейкі момант прыйшло “прасвятленне”. Ад універа я не атрымала жаданага, там мала разумных, вельмі мала. Усё, што я ведаю, – у большай частцы кнігі-кнігі-кнігі разумных людзей! Я атрымала шмат ведаў па гісторыі, культуры, традыцыях сваіх продкаў і зразумела, што ўсё гэта яны перадалі мне, і я з гонарам бяру сваю спадчыну!

3) Мова, родная, а не чужая! Што за народ без мовы? У вёсцы я размаўляла больш на беларускай (трасянка, у якой зберагаюцца моўныя асаблівасці), у горадзе – на расійскай. З першага курсу універа я стала носьбітам “беларускіх адраджэнскіх ідэй”, але мне не хапала аднаго – перайсці канчаткова на беларускую мову, бо я ведала , што жадаю гэтага. Мне яна вельмі падабалася, яна такая мяккая, і я на ёй вырасла, але былі цяжкасці: я дзіка баялася, я была адна, я разумела адказнасць, з мяне здзекваліся, не разумелі нават блізкія. І я баялася… Але аднойчы я зрабіла сабе падарунак: у дзень нараджэння я сустрэла ўсіх сяброў беларускай мовай і з гэтага моманту стала самай шчаслівай, я перамагла… я стала сапраўднай беларускай. Я лічу, што народа без мовы не існуе. І я яе ніколі не кіну, “каб не ўмерці”!

Да ўсведамлення таго, што я беларуска (у вузкім сэнсе), мне давялося прайсці пэўны шлях. Важным фактарам былі людзі, якія могуць дапамагчы, растлумачыць, падтрымаць, дзякуй ім вялікі. І дзякуй тым, хто супраць, з іх дапамогай я стала мацнейшай. Але галоўнае месца ў маім “прасвятленні” заняла гісторыя Беларусі, яна расплюшчыла мне вочы. Я веру, што любы чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі, не можа не любіць сваю Радзіму. Я вельмі шчаслівая, што я беларуска! І я веру, што людзі, якія столькі стагоддзяў змагаліся за тое, каб называць сябе беларусамі, рабілі гэта не дарма! Я мару стаць добрым выкладчыкам гісторыі Беларусі (буду рыхтаваць свядомых і расказваць праўду!); мару, каб наш народ даведаўся праўду і пачаў любіць сябе, сваю культуру, свае традыцыі, сваю гісторыю… так будзе правільна. Я нарадзілася ў Беларусі, вырасла і да труны не пакіну свой любімы “клёнік”! Я ганаруся, што нарадзілася на гэтай зямлі.

Наталля Шырокава, гісторык, Віцебск

Аб праекце “Як я стаў беларусам”