– Мая гісторыя пераходу да беларускасці можа здацца даволі простай і банальнай для ўсіх тых, хто ўжо зрабіў гэты крок. Проста аднойчы я прачнулася і зразумела, што больш так не магу і што я пачынаю размаўляць па-беларуску. Мне тады было 16 гадоў, я вучылася ў адзінаццатым класе.
З таго часу мінула амаль сем гадоў. Сем беларускамоўных гадоў. І я дзякую ўсім, хто быў са мною побач гэты час.
У маёй сям’і беларускай мовы ніколі не гучала, бо продкі мае з Расіі. Але я нарадзілася тут, і так сталася, што яшчэ ніколі ў жыцці не была ў «великой и могучей России».
Кажуць, што радзіму не выбіраюць. Яна, як маці, адна. Але я ўсё ж такі мусіла зрабіць гэты выбар. З дзяцінства я чула толькі рускую мову, ні-ко-лі не была на вёсцы, не бачыла тыповага беларускага побыту, не ела сапраўдных беларускіх страваў, не чула беларускіх песняў… Таму выхаваць любоў да беларускай мовы і культуры ў маёй сям’і не было каму. Я жыла як жывецца, не пераймаючыся пытаннямі нацыянальнага самавызначэння.
Пакуль у маім жыцці не з’явіліся два настаўнікі. Настаўніца гісторыі Святлана Мікалаеўна і настаўніца беларускай мовы Галіна Антонаўна. Іх урокі абуджалі маё ўяўленне пра цудоўную краіну Беларусь. Мне вельмі цікава было іх слухаць, думаць з імі, разважаць… Але ўрокі заканчваліся, і я забывалася пра Беларусь і беларускую мову, вяртаючыся да сваіх дзіцячых праблем.
А аднойчы зерне, кінутае выдатнымі настаўнікамі, прарасло. І я зразумела, што ніякая я не руская, а самая сапраўдная беларуска. І загаварыла. І змянілася ўсё жыццё.
І я зразумела галоўнае: побач абавязкова павінен быць чалавек, які цябе падтрымае. Чалавек, які будзе для цябе прыкладам.
Магчыма, таму я і стала настаўнікам. Адчула, што я павінная аддаць грамадству свой доўг. І як калісьці мяне прывялі да беларускай мовы, так і я павінная дапамагчы сучасным дзецям зразумець іх месца ў свеце, іх прызначэнне і лёс – быць беларусамі. Ведаць і паважаць сваю мову, культуру і свой народ.
Я выкладаю беларускую мову з пятага па восьмы клас. Працую ў самай звычайнай сярэдняй школе, дзе для большасці вучняў я адзіны чалавек, які размаўляе па-беларуску.
І гэта адказнасць. Бо я прадстаўляю не толькі сябе, але і ўсіх свядомых беларусаў.
І я працую над тым, каб для сённяшніх дзяцей беларуская мова не была «нудной обязаловкой», а стала сучаснай, цікавай і патрэбнай.
Неяк адзін з маіх вучняў зрабіў мне камплімент: “Ну, вы самый продвинутый учитель белорусского языка!». І я намагаюся сапраўды быць такой. З сённяшнімі дзецьмі трэба размаўляць на іх мове, быць з імі побач, на роўных, калі хочаш, каб яны цябе не толькі пачулі, але і ўсвядомілі, асэнсавалі сказанае табою.
На жаль, аднаго майго жадання для з’яўлення сапраўдных беларусаў недастаткова. «А вы по-русски хоть умеете разговаривать?», «Как?! Вы всегда-всегда говорите по-белорусски?! Ну ничего себе…» Такія каментары мне даводзіцца чуць ад дзяцей даволі часта (напэўна, як і любому іншаму беларускамоўнаму чалавеку ў наш час). Я не ствараю сабе ілюзій наконт сваёй асобы і магчымасцяў у беларусізацыі і ні ў якім разе не раблю з сябе звышчалавека (бо выдатна разумею, у якім грамадстве мы жывем). Але я веру, што шлях у тысячу міляў пачынаецца з першага кроку. І гэты крок я імкнуся рабіць штодня.
Я ведаю, што ў той дзень, калі адзін з маіх вучняў свядома пачне трымацца беларускай мовы, я стану самым шчаслівым чалавекам на зямлі. Бо тады я зразумею, што мая праца прынесла вынікі.
Наталля Залеская, настаўнік беларускай мовы, Мінск – Ліда