25 лютага Андрэй Хадановіч выступіў у 14-й мінскай гімназіі перад вучнямі другіх класаў.
Паэт чытаў вершы, спяваў песні, разыгрываў прызы ад грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Маленькія слухачы ахвотна ішлі на кантакт, падпявалі, засыпалі выступоўцу пытаннямі, самі чыталі ўлюбёныя беларускія вершы на памяць.
Часам гучаў хор або некалькі галасоў адначасова, так што Андрэю цяжка было перакрычаць захопленую публіку.
Тады ён пачынаў чытаць шэптам – і зноў наставала цішыня. Аўтар чытаў свае “Нататкі таткі”, а напрыканцы сустрэчы адбылося некалькі прэм’ераў. Асабліва добра сустрэлі верш пра хулігана-ката:
Драпежнік
Скача-скача коцік шэры
Па фіранках, па таршэры –
Столькі шуму, быццам леў
У кватэры ашалеў.
Бах! – ушчэнт разбіта пляшка:
“Прыбяруцца, ім не цяжка!”
Бух! – на стол разліў алей,
І шчасліва мчыць далей.
Скача-скача кот драпежны –
Як цунамі, непазбежны,
Гоніць статак антылоп
Проста тату на лэптоп!
Скок на кветку, скок на кніжку,
Скок на лазерную мышку:
Мыш – яна заўсёды мыш…
Не чапляйся, сам ты “кыш”!
Па сукенцы – скок на шыю:
“Мама сцерпіць, не чужыя!
Я парву, яна зашые”.
Коцік, з манітора злезь –
Ён цяпер у кашы ўвесь!
Разумею, нудна, сумна:
Ходзь сюды, ну, будзь разумны!
Я пагладжу, мы ж сябры…
Кіпці толькі прыбяры!
Я з табой пагутару…
Толькі злезь з кампутара!