Краіны-пераможцы ў Другой сусветнай вайне былі моцна ўражаныя маштабам і напружаннем нацыянальных канфліктаў у краінах Цэнтральна-Усходняй Еўропы пад нямецкай акупацыяй. Нават з улікам таго, што іх распальвала гітлераўская акупацыйная адміністрацыя, не было пэўнасці, што тыя канфлікты не працягнуцца пасля вызвалення. Таму было вырашана прыняць прафілактычныя меры, а менавіта пераўтварыць шматнацыянальныя краіны ЦУЕ ў нацыянальна адналітыя (гамагенныя) шляхам масавага перамяшчэння нацыянальных меншасцяў. Якім чынам гэта адбывалася, распавядаем у артыкуле.
Чытайце па тэме: Нацыянальныя меншасці, ад нелюбові да спагады. Частка 1: Усе супраць усіх
Прымусовае перасяленне немцаў
Пачалі з немцаў. Вялікая тройка (ЗША — Вялікабрытанія — СССР) не прыдумала нічога лепшага, як санкцыянаваць масавыя перасяленні немцаў на «гістарычную радзіму» (немцы ў краінах ЦУЕ жылі шмат стагоддзяў ад часоў Сярэднявечча).
Патсдамская дамова ад 2 жніўня 1945 г. уключала адмысловы пункт ХІІ: «Тры ўрады, разгледзеўшы праблему ва ўсіх аспектах, прызнаюць, што павінна адбыцца перамяшчэнне ў Германію нямецкага насельніцтва ці яго часткі, якое засталося ў Польшчы, Чэхаславакіі і Венгрыі. Яны згодныя ў тым, што любое перамяшчэнне, якое адбудзецца, павінна праводзіцца арганізаваным і людскім спосабам».
Агулам да 1948 г. з краінаў ЦУЕ было выселена каля 11,5 мільёнаў немцаў (па нямецкіх даных — ад 12 да 15 мільёнаў), акрамя тых, якія пад канец вайны паўцякалі перад пагрозай савецкага наступу. Нярэдка перасяленне прымала форму выгнання/дэпартацыі: людзям давалі пару гадзін на зборы, саджалі ў таварныя вагоны, перавозілі праз мяжу і высаджвалі часта ў чыстае поле. Колькасць ахвяраў сярод пераселеных гісторыкі ацэньваюць у 500–600 тыс. чалавек.
Перасяленне палякаў, украінцаў, венграў
Але то быў толькі пачатак. Пасля немцаў больш за ўсіх выехала, добраахвотна ці пад прымусам, палякаў, украінцаў і венграў. Найбольшыя па маштабах перасяленні адбываліся ў Польшчы. СССР і ПНР падпісалі дамову аб г. зв. рэпатрыяцыі — абмене насельніцвам. У 1944–1948 гадах з СССР у Польшчу выехала больш за паўтара мільёна палякаў ці тых, хто назваўся палякам, абы апынуцца далей ад сталінскага рэжыму. У наступнай фазе рэпатрыяцыі ў 1958–1959 гадах краіну Саветаў пакінулі яшчэ каля 248 тыс. чалавек. З адной Беларусі выехала агулам каля 350 тысяч палякаў. Усіх іх планава сялілі на заходніх г. зв. вернутых землях на месца выгнаных немцаў.
З пасляваеннай Польшчы нярэдка пад прымусам выязджалі ўкраінцы і беларусы, першыя больш, другія — нашмат менш. Усяго з паўднёва-ўсходніх земляў ПНР ва УССР было пераселена каля 480 тыс. украінцаў. У 1947 г. польскія ўлады правялі аперацыю «Вісла» — гвалтам перасялілі каля 200 тыс. украінцаў і русінаў з Падкарпацця на землі, ачышчаныя ад немцаў.
Прычынай аб’явілі неабходнасць ліквідацыі базы падтрымкі для Украінскай Паўстанцкай Арміі, якая вяла партызанскую вайну ў тых раёнах. Пераселеных украінцаў рассялілі па «вернутых землях» такім чынам, каб ні ў адным павеце яны не склалі больш за 10% насельніцтва.
З Польшчы выехала ўсяго каля 36 тыс. беларусаў (з больш чым 300 тыс. на Падляшшы), пераважна з раёнаў блізка этнічнай польска-беларускай мяжы, дзе беларусы знаходзіліся пад пагрозай рэпрэсій з боку польскага падполля. Аказалася, што ў справе выгнання беларусаў намеры новых уладаў і варожага ім падполля супадалі. Вядомыя выпадкі знішчэння вёсак і групавых забойстваў беларусаў Падляшша польскімі партызанскімі аддзеламі пад камандай «Бурага» і «Лупашкі».
Пад бетоннай плітой таталітарызму
У выніку масавых перасяленняў коштам вялікага людскога цярпення мэта была дасягнутая — краіны ЦУЕ са шматнацыянальных пераўтварыліся ў амаль цалкам монаэтнічныя.
Аднак «чужыя» выехалі не ўсе. Нацыянальныя меншасці засталіся, хоць далёка не такія буйныя колькасна, як перад вайной. Камуністычныя ўлады не бачылі ў іх пагрозы для пануючага народа і паступова пачалі дазваляць некаторым этнічным групам кантраляваную школьную і культурніцкую дзейнасць.
Пасляваенныя камуністычныя рэжымы выкаранялі ўсе праявы самастойнага грамадскага жыцця. Пад бетоннай плітой таталітарызму заціхлі «прыдушаныя» нацыянальныя канфлікты. Аднак здаралася, што камуністы адмыслова такія канфлікты «ажыўлялі» дзеля дасягення ўласных палітычных мэтаў...
(працяг будзе)
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org
Чытайце яшчэ: Чаму немцы не асімілявалі латышоў і эстонцаў?