Два нямецкія анклавы ва Усходняй Балтыі з’явіліся падчас еўрапейскага дэмаграфічнага ўздыму з прамежкам у пару дзесяцігоддзяў. Блізка рубяжа ХІІ—ХІІІ стcт. узнікла першая нямецкая калонія ў Лівоніі (Інфлянты). Нямецкія купцы-гараджане высадзіліся ў вусці Дзвіны ў канцы ХІІ ст., а ўжо ў 1301 г. заклалі горад Рыгу — сталіцу сённяшняй Латвійскай Рэспублікі. Ад канца 20-х гадоў ХІІІ ст. распачала сваю гісторыю нямецкая калонія ў Прусах, створаная рыцарамі-манахамі Тэўтонскага ордэна. Лёс гэтых калоній кардынальна адрозніваецца. Прусія была цалкам асіміляваная немцамі, а з мясцовых плямёнаў Лівоніі выраслі сучасныя латышскі і эстонскі народы. Чаму так склалася, распавядаем у артыкуле.
Немцы былі нібыта такія самыя, часам паходзілі з тых самых мясцовасцей і дзейнічалі падобнымі метадамі, аднак гістарычныя лёсы Лівоніі і Прусіі складаліся істотна па-рознаму.
Уплыў грамадска-палітычнага ладу і геаграфічнага становішча
Галоўнай прычынай быў адрозны ад самага пачатку грамадскі і палітычны лад. Сваю ролю адыграла і геаграфія, бо Прусія мела трывалую сувязь з Нямеччынай сухапутнымі шляхамі праз польскія землі. Да Лівоніі можна было дабрацца адно морам, бо між ёй і Прусіяй ляжала непраезная непакораная Жамойць.
Аб’яднаны Тэўтонскі Ордэн 1260 г.
Адсюль некаторыя гісторыкі выводзяць розніцу ў гістарычным лёсе тубыльцаў. У Прусіі яны былі цалкам асіміляваныя немцамі, бо сюды праз Польшчу цэлымі караванамі ішлі з усім рухомым скарбам нямецкія каланісты: сяляне, гараджане, шляхта. А перавезці караблямі ў Лівонію такую колькасць людзей, ды яшчэ з дабром і хатняй жывёлай, было фізічна немагчыма. Таму немцы ў Лівоніі засталіся ў меншасці, дамінавалі толькі сярод рыцарства і багацейшага мяшчанства. А з мясцовых плямёнаў выраслі сучасныя латышскі і эстонскі народы.
Пра прусаў засталася адно памяць і парэшткі матэрыяльнай культуры — пажыва для археолагаў.
Чытайце па тэме:
Прусія. Краіна без народа
Агульнаеўрапейскі дэмаграфічны крызіс
Напэўна, не менш важнай прычынай няпоўнага анямечвання Лівоніі быў агульнаеўрапейскі дэмаграфічны крызіс сярэдзіны XIV ст., запачаткаваны пандэміяй бубоннай чумы — Чорнай смерцю. Нямецкія землі вылюднелі, хваля каланізацыі апала, не было ўжо каму перасяляцца, ісці ў далеч.
Розныя парадкі ў Прусіі і Лівоніі
Акрамя таго ў Прусіі і Лівоніі ад пачатку нямецкай заваёвы былі розныя парадкі. У Прусах дзейнічала адна магутная арганізацыя — Тэўтонскі ордэн, у Лівоніі — некалькі палітычных суб’ектаў, якія не заўсёды мірна між сабой ужываліся. Гарадская камуна Рыгі з навакольнымі ўладаннямі, біскупствы на чале з рыжскім архібіскупам часта канфліктавалі і нават ваявалі з Лівонскім ордэнам, які самі ж і стварылі.
Нямецкія ўладанні ў Лівоніі
У Прусах усю ўладу трымалі браты-рыцары, сябры Тэўтонскага ордэна, якія былі калектыўным сюзерэнам для свецкай шляхты, не прыналежнай да ордэнскай арганізацыі. Пэўную аўтаномію мела толькі ўладанне вармінскага біскупа (Вармія — гістарычная вобласць на паўднёвым узбярэжжы Балтыйскага мора). А Лівонія была падзеленая паміж ордэнам, горадам Рыгай, рыжскім архібіскупствам і чатырма біскупствамі. Лівонскі ордэн з пачатковай назвай «Ордэн братоў па мечу» (Schwertbrüder), ці «Ордэн мечаносцаў», быў створаны рыжскім архіепіскапам для больш спраўнага змагання з мясцовымі плямёнамі. Рыцары Лівонскага ордэна насілі белыя плашчы з выявай чырвонага крыжа і меча. З новых заваяваных земляў Ордэн атрымліваў толькі адну трэць, астатняе пераходзіла пад уладу біскупаў.
Мечаносцы
Камуна горада Рыгі змагалася з Ордэнам за кантроль над гандлем па Дзвіне і неаднойчы ўступала ў хаўрус з Вялікім Княствам Літоўскім ды наводзіла на рыцараў ліцвінскія войскі. Блізкасць па крыві, мове і веры саступалі жыццёва важным матэрыяльным інтарэсам. Рыжанаў не спынялі нават пагрозы Папаў Рымскіх адлучыць іх ад царквы, што ў Сярэднявеччы было надзвычай суровым пакараннем.
Хаўрус з ВКЛ
Сур’ёзная параза ад жамойтаў падштурхнула братоў па мечу да аб’яднання з Тэўтонскім ордэнам, і ад 1237 г. Лівонскі ордэн афіцыйна стаў філіяй Тэўтонскага, але насамрэч захаваў значную самастойнасць. Лівонскія войскі нават не ўдзельнічалі у лёсаноснай Грунвальдскай бітве, бо, як тлумачыў іх магістр, яшчэ не закончылася перамір’е з Вітаўтам. Калі б харугвы лівонцаў прыйшлі ў Прусію да пачатку бітвы, а не праз месяц, то лёсы некалькіх народаў маглі пайсці інакш.
Лівонская вайна
Лёс самога Лівонскага ордэна склаўся не менш пакручаста, чым у суседзяў. Праз некалькі стагоддзяў справа дайшла да таго, што ён прымірыўся і нават аб’яднаўся з Літвой, каб уратавацца ад яшчэ страшнейшага ворага — Масковіі. Канстанцін Семяновіч, Budzma.org Чытайце яшчэ: Грунвальд разнастайны і нечаканы. Як успрымалі слаўную перамогу цягам стагоддзяў
Чытайце яшчэ:
Грунвальд разнастайны і нечаканы. Як успрымалі слаўную перамогу цягам стагоддзяў