У рэдакцыю «Будзьма беларусамі» прыйшоў ліст, які мы не можам не апублікаваць, хоць і павінны зазначыць, што меркаванне рэдакцыі можа не супадаць з аўтарскім. Рэдакцыя далучаецца да віншаванняў і зычыць усім беларусам шчодрага на радасныя падзеі года.
Шаноўная суайчынніца
(каб пазбегнуць дыскрымінацыі — бо не ўсе грамадзяне падзяляюць пашану да фемінітываў у найменнях службовых асоб, — скажам таксама: шаноўны суайчыннік),
памятаючы, што ўлада ў нашай рэспубліцы належыць народу, мы звяртаемся да цябе з навагодняй прамовай, і будзе справядліва, калі гэта стане традыцыяй.
Сыходзяць апошнія хвіліны года. У такія імгненні мы наноў перажываем мінулае і з надзеяй углядваемся ў будучыню. Мінулы год быў цяжкім. Не сказаць, каб мы чакалі, што ён будзе годам поспехаў і дасягненняў, здзяйснення жаданняў і ўвасаблення амбіцыйных планаў у імя міру і росквіту нашай краіны. Наша беларуская гісторыя рэдка цешыла нас спакоем і шчасцем, але ж неяк мы навучыліся нягледзячы ні на што працягваць.
Не сказаць таксама, што мы надта спадзяемся на цуды ў надыходзячым годзе: зашмат у ім двоек, якія ў нашых школах лічацца пачаткам чалавечай трагедыі. Але ж дазволь узгадаць, чым жа так здзівіў і які досвед даў нам год, які мы — дзякуй нашай спрадвечнай упартасці — усё ж такі пераадолелі.
Дык вось, год гэты быў нібы п’яны бацька, чый настрой малыя ягоныя дзеткі пазнаюць па кроках. Ён пазбавіў нас сну і спакою, надзяліў нас чуйным слыхам і нервовым цікам, але мы навучыліся яднацца і дапамагаць адно аднаму.
Гэты год быў нібы шалёны сабака, які носіцца па вуліцах і кідаецца на людзей. От мы ўжо нацярпеліся, але ж навучыліся, плануючы шлях, прадчуваць і траекторыі шалёных сабак.
Яшчэ гэты год быў нібыта суседскі перфаратар. Здаецца, нам прасвідравалі ўсю галаву, але ж мы навучыліся чуць у тым свідраванні рытм і танчыць пад яго свае танцы.
Добра, гэты год быў як каробка шакаладных цукерак, што засталася з мінулага года. Дакладна ж ведаеш, што там за цукеркі і што ўсе смачныя ўжо з’едзеныя, а астатнія пасівелі і зачарсцвелі, але не пакідаць жа. Мы навучыліся не злоўжываць салодкім.
Так, гэты год быў як бутэлька «Яблыкаў на снезе». Мы навучыліся як след закусваць, а некаторыя — увогуле не піць.
Год быў паганы, як паганыя вершы. Ён бязлітасна нагадваў нам, што мы дзьмухаўцы на краі бездані, мурашы пад імператарскімі падэшвамі, касіножкі з адарванымі лапкамі. Мы знайшлі іншыя вобразы.
Гэты год быў як перадавіца «Праўды». Мы нарэшце навучыліся не чытаць савецкіх газет ні зранку, ні днём, ні ўвечары.
Год быў падобны да фільма катэгорыі «В». Мы перапытвалі адно аднаго, што гэта ўвогуле зараз адбываецца і пры чым тут разумныя васьміногі і чувак з чалесам на лбе, і нам ніхто не даў адказу, але ж, прынамсі, падчас бясконцага сеансу мы няблага зблізіліся.
І яшчэ год быў нібыта цягнік, які адыходзіць бясконца. Слёзы растання ўжо выплаканыя, кветкі падораны, вэнджаная кураня распакаванае, а ён усё паўзе ўздоўж станцыі і выцягвае нервы. Мы навучыліся развітвацца каротка.
Нарэшце, год быў як бандыт у чорным. Ён ламіўся ў нашыя дамы і забіраў нашых блізкіх. Мы навучыліся... А халера, мы яшчэ не настолькі звар’яцелі, каб вучыцца ў бандытаў.
Праводзьма ж гэты год з усмешкай і праклёнамі. Падзякуем яму — няважна за што, абы адчапіўся. І смела пойдзем наперад, у новенькі год.
Загартаваныя ягоным папярэднікам, давай у гэтыя чароўныя імгненні разам з нашымі роднымі памарым аб будучыні, якую мы, грамадзяне краіны, будуем для нашчадкаў.
У гэтай будучыні крыніцай улады з’яўляецца народ, і ўсе разумеюць, што гэта значыць. А значыць яно толькі тое, што значыць, а не штосьці іншае. І няма патрэбы перапісваць законы, бо іх — выконваюць усе.
У ёй права варыць баршчы ёсць ва ўсіх людзей незалежна ад іх полу, гендэру, узросту і палітычных поглядаў, і ніхто не можа быць пазбаўлены гэтага права ці падвяргацца дыскрымінацыі за жаданне ці нежаданне варыць боршч.
Там няма патрэбы круціцца, каб забяспечыць сям’ю. Там для гэтага хапае сумленнай працы на адным працоўным месцы, і кожнаму, незалежна ад полу, гендэру, узросту і іншага, гарантуецца права займаць пасаду не праз лаяльнасць, а праз кампетэнцыі.
Таксама людзі сталага веку там маюць досыць сродкаў для жыцця і не вымушаны выбіраць паміж таннай і самай таннай каўбасой, таксама як і паміж таннымі лекамі і самымі таннымі лекамі.
Дарэчы, у той будучыні шпіталі і школы добра абсталяваныя для ўсіх, а не толькі для лаяльных. З бацькоў там не спаганяюць падушны падатак на дзіця ў выглядзе адлічэнняў на рамонт і паперу. З хворых не спаганяюць падатак на хваробу, у выглядзе ўласна набытых лекаў і інструментаў. Там зарэгістраваныя рэдкія лекі ад рэдкіх хвароб, і няма патрэбы талакой збіраць грошы на лекаванне дзетак, бо дзяржава не манкіруе абавязкамі.
А, ды і дактары там забяспечаныя ўсім неабходным, у тым ліку неабходным адпачынкам і неабходным заробкам. Тое ж і пра настаўнікаў, якія...
Ды што казаць, у той будучыні нават прафсаюзы абараняюць правы працоўных, а не проста збіраюць даніну.
Да таго ж, там паўсюль сучасныя дзіцячыя пляцоўкі ў крокавай даступнасці, а яшчэ музычных школ там столькі ж, колькі спартовых секцый, калі не больш.
Яшчэ там шмат дрэў.
Дарэчы, наконт дрэў. Кожны незалежна ад полу, гендэру, узросту і іншага мае права на экалагічна бяспечнае жыццё. У той будучыні дзяржава і яе інстытуты гэтаксама празрыстыя, як вада ў Блакітных азёрах, і бяскрыўдныя для асяроддзя, як сонечныя батарэі.
Так-так, і людзі з абмежаваннямі там жывуць поўным жыццём і нават напоўніцу працуюць і тусяць, калі ім дазваляе фізічны стан. Бо, не паверыш, замест другой АЭС там уклаліся ў безбар’ерны асяродак. У той будучыні няма патрэбы прыдумляць знешніх і унутраных ворагаў, бо ніхто там не трымаецца за ўладу. Так, і гісторыю вучаць не па савецкіх падручніках.
Вось што яшчэ будзе ў той будучыні: навука ў ёй будзе забяспечана лепей за хакейныя клубы, а культура... Выбачай, але там не будзе міністэрства культуры, бо культура не мае патрэбы ў цэлых міністэрствах.
Пісьменнікі там — а ты ж ведаеш, там будзе шмат пісьменнікаў, — пішуць коміксы, а не толькі «Вайну і мір», і іх не выключаюць з падручнікаў.
Яшчэ ў той будучыні, хочаш ты гэтага ці не, нікога не пазбаўляюць грамадзянства. Настаўнікі там не здзекуюцца з вучняў, кіраўнікі з падначаленых, наглядчыкі з вязняў. Там можна — падрыхтуйся — не выконваць любы загад. І не баяцца за гэта адхапіць.
Увогуле там — о матка боска — пануе свабода слова, і нават калі-нікалі па тэлебачанні ідзе штосьці цікавае і карыснае, а не толькі дзяржаўны серыял пра ўсю каралеўскую раць. І службовым асобам там і на розум не прыйдзе тэрарызаваць суайчыннікаў. Бо крыніцай улады з’яўляецца, не пабаюся гэтага слоўца, народ.
Уяві сабе, там кайфова жыць не ў сталіцы. То бок жыць і не баяцца, што хуткая не даедзе, што не знойдзеш працы, што дзіця атрымае кепскую адукацыю і гэтак далей. Там ёсць, дзе бавіць час, апроч вінных крамаў.
Цяпер у цябе дастаткова падрыхтоўкі, каб пачуць, што там не зачыняюць некамерцыйныя арганізацыі па загадзе зверху. Больш за тое, там не ўламваюцца ў дамы, а па законе адказваюць віноўныя ў гвалце, а не тыя, хто выступае супраць гвалту. Там паважаюць суд, бо ён незалежны. Неверагодна, так? А што ты скажаш пра тое, што людзі там не знікаюць бясследна?
Там не баяцца міліцыянтаў, а усебеларускі сход абдываецца толькі вакол навагодняй елкі ды яшчэ на гуканне вясны — і то па добрай ахвоце і ў радасць.
Там не бяруць міжнародныя крэдыты, каб закрыць іншыя міжнародныя крэдыты. Збольшага хапае і заробленага.
І гэта адбываецца не праз мудрае кіраўніцтва партыі і найвялікшага стырніка, а дзякуючы нашай сумленнай працы ды яшчэ таму, што там можна збірацца больш за трое і не прасіць на гэта дазволу.
Ды й увогуле, там як старыя зачынаюць свае байкі пра мінулае, маладыя кажуць: «Ой, бабця, зноў твае страшылкі».
І ўсё гэтае шчасце адбываецца на тэрыторыі Беларусі, уяві. І — неверагодна — у грамадзян няма патрэбы з’язджаць з радзімы.
Калі на шляху да гэтай будучыні, такой звычайнай і будзённай, гарантаванай у Канстытуцыі даўным-даўно, нам наканавана было пражыць мінулы сабачы год, уздымем жа келіхі за тое, каб будучы сабачы год наблізіў нас да яе з меншымі ахвярамі. І ў памяць аб тых, каго мы не здолелі ўратаваць.
Да новага году засталіся літаральна секунды. Гэтае імгненне дазваляе нам адчуць сябе часткай адной вялікай сям’і. Дык няхай жа ў нас больш не торгаецца вока ад прапановы адчуваць сябе адной вялікай сям’ёй. Каб наш чуйны слых перастаў чуць у гэтых словах абяцанне тэрору і вайны.
З Новым годам! Няхай ён стане першым годам нашай годнай сучаснасці.