Мядляк падвальны адпраўляецца на пошукі ежы ўначы, сваім выглядям нагадвае пра фрак шведскіх трунароў і можа да 15 хвілін нерухома ляжаць дагары лапкамі. А таксама ён адыгрывае важную ролю ў расшчапленні многіх прыродных рэчываў. Пра сустрэчу з рэдкім насякомым распавялі супрацоўнікі нацпарку «Белавежская пушча».
Некаторыя насякомыя, раней самыя звычайныя і шматлікія, становяцца рэдкімі пад уплывам розных фактараў. Змена клімату, высечка лясоў, меліярацыя, і, як ні дзіўна, санітарныя нормы і змена чалавечай дзейнасці.
Так, з ростам урбанізацыі ў сельскай мясцовасці памяншаецца колькасць гаспадарак, дзе ўтрымліваюцца жывёлы (у першую чаргу буйная рагатая жывёла і да т.п.). Знікаюць волкія неацяпляльныя склепы і падвалы. Збажжасховішчы і склады ўсё лепш абароненыя ад пранікнення шкоднікаў і спадарожных ім арганізмаў. Усё гэта прыводзіць да знікнення шэрага відаў, якія жылі сумесна з чалавекам, і якія раней былі звычайнымі насельнікамі вёсак і хутароў.
Адзін з іх нядаўна сустрэўся прадстаўнікам навуковага аддзела Белавежскай пушчы на адной з пушчанскіх сядзіб — жук-чарнацелак — мядляк-вяшчальнік (Blaps mortisaga), яшчэ яго называюць медляком падвальным. Гэта самыя буйныя чарнацелкі нашай фауны, яны дасягаюць у даўжыню 20-30 мм, цела ў іх чорнае, звычайна матавае, надкрыллі на вяршыні выцягнутыя ў кароткі «хвосцік». Насякомыя гэтага роду не ўмеюць лётаць, бо заднія крылы ў іх не развітыя. Пра гэта таксама кажа тое, што іх вельмі цвёрдыя надкрыллі быццам «спаяныя» паміж сабой і шчыльна прыціснутыя да ніжняга боку брушка.
Медлякі — начныя жукі, днём яны хаваюцца ў цёмных хованках па шчылінах і норках. Уначы ж адпраўляюцца на пошукі ежы. Сілкуюцца арганічнымі адходамі, якія раскладаюцца часткамі раслін, старой драўнінай, драўнянымі губкамі, мёртвымі насякомымі, падаллю і экскрэментамі. Яны адыгрываюць важную ролю ў расшчапленні такіх рэчываў. Від нельга назваць шкоднікам запасаў, у горшым выпадку ён становіцца «забруджвальнікам» запасаў, калі занадта размнажаецца.
Жук жыве некалькі гадоў і таксама лёгка можа ўтрымлівацца ў няволі. У выпадку небяспекі ён замірае з выцягнутымі нагамі — прыкідваецца мёртвым (танатоз) і выдзяляе на канцы брушка смуродны ахоўны сакрэт для адпуджвання ворага. Сакрэт вельмі смярдзючы і ўстойлівы, так што ў медляка практычна няма ворагаў у прыродзе.
Большасць медлякоў — пустынныя жыхары і аматары засушлівых месцаў. Але гэты від — адзіны ў родзе, які аддае перавагу вільготнаму асяроддзю. У Беларусі жыве выключна ў населеных пунктах, дзе пасяляецца ў сырых падвалах і гаспадарчых пабудовах (стайнях, свіранах, складах і да т.п.). У дзікай прыродзе ў нас яны практычна не сустракаюцца.
Першапачаткова гэтага жука ўпершыню апісаў легендарны шведскі вучоны Карл Ліней у сярэдзіне XVIII стагоддзя як Tenebrio mortisagus. Назва віда літаральна азначае «легенда аб смерці» або «той, які прадказвае смерць» і намякае на старажытнае народнае павер’е, паводле якога гэтыя бяскрыўдныя казуркі з’яўляюцца фатальным прадвеснікам смерці. Яшчэ больш развіў гэтую змрочную тэму датчанін Іяган Фабрыцый, які стварыў у 1775 г. род Blaps, назва якога з’яўляецца вытворнай ад грэчаскага дзеяслова, які азначае «шкоду, зробленую вядзьмарскім нагаворам».
У фальклоры скандынаўскіх народных вераванняў прысутнасць гэтага жука ў доме была жудаснай прыметай, якая прадвяшчае смерць яго жыхарам. Цяжка сказаць, адкуль пайшло гэтае павер’е, тым больш што гэты жук не абарыгенны для скандынаўскіх краін і быў, хутчэй за ўсё, завезены ў Швецыю караблямі ў XVIII стагоддзі. Цалкам магчыма, што на гэта паўплывала здольнасць казуркі прыкінуцца мёртвай (можа валяцца нерухома дагары лапкамі да 15 хвілін) або яго вонкавы выгляд — які нагадвае фрак шведскіх трунароў.
У наш час ён стаў сустракацца значна радзей. Усё менш старых драўляных дамоў і гаспадарчых пабудоў, дзе такія жукі могуць жыць. І сустрэча з ім для шматлікіх даследчыкаў — гэта не прадвеснік няшчасця, а самы сапраўдны поспех.
Фота Антон Кузьміцкі