У лістападзе мінулага года на нашым сайце быў апублікаваны спіс найбольш знакавых кніг за 500 гадоў беларускага кнігадруку, які быў склаладзены нашымі экспертамі ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць”. Мы вырашылі не проста актуалізаваць яго, але падрабязней засяродзіцца на кожнай кнізе. Крытык Ціхан Чарнякевіч падрыхтаваў серыю матэрыялаў, у якіх ён коратка раскрывае важнасць усіх выданняў са спіса. Прапануем вашай увазе першую частку.
50. Наталля Арсеннева. Пад сінім небам : вершы (1921―1925 г.) – Вільня : “Віленскае выдавецтва” Б. Клецкіна, 1927. – 141 с.
Дэбютны зборнічак маладой 24-гадовай Арсенневай. Вершы спадзявання і першыя апёкі ад жоўтага лісця, снегу, паглядаў каханага, апублікаваныя ў адноўленай “Нашай Ніве” у 1920-м і ўхвальна сустрэтыя Антонам Луцкевічам. Поўная адсутнасць левых і правых заклікаў. Нешта было прысвечана і Максіму Гарэцкаму, улюбёнаму выкладчыку літаратуры Віленскай беларускай гімназіі ў Базыльянскіх мурах. Нешта – мужу, Францішку Кушалю, з якім потым пройдуцца шматлікія дарогі праз Польшчу, акупаваны Менск, лягеры Нямеччыны і амерыканскія штаты.
49. Міхась Стральцоў. Выбранае: проза, паэзія, эсэ. // – Мінск: Мастацкая літаратура, 1987. – 607 с.
Апошняя ўкладзеная Стральцовым кніга, куды ён уключыў усё сваё найдаражэйшае, а некалькі дзясяткаў вершаў узяў ды й перапісаў па новай. Туман і трагічная радасць існавання, вясковыя прыцемкі з дзяўчынай, цыгарэтныя “два радкі з гаркотай на губах” і гарадскія ліхтары, якія палаюць “асуджана-роўна, нібы не верачы ў сваё святло”. Палёты ў сне і наяве, якія не могуць скончыцца, аднойчы пачаўшыся.
48. Аркадзь Смоліч. Географія Беларусі / Рэд. шк. каміс. Бел. навук. т-ва. Вільня : Прамень, 1919. – 200 с.
Калі хачу ўявіць, якою магла быць мова беларускай літаратуры, дастаю з паліцы першае выданне “Геаграфіі Беларусі”, некалі купленае за дваццаць баксаў на блышыным рынку. Пераняць гэтую мову немагчыма, ёю трэба было дыхаць. Нібыта трывіяльны падручнік, а насамрэч – універсальная энцыклапедыя беларускай гісторыі, краязнаўства, архітэктуры, мастацтва. У 1920-я гады савецкая цэнзура выразала адтуль фразы цэлымі сотнямі – настолькі гэта ўсё пагражала бальшавіцкаму погляду на свет.
47. Пачынальнікі: З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. / Укл. Г.В. Кісялёў. Мінск: Навука і тэхніка, 1977. – 543 с.
А гаварылі і гаварылі ўсё, маўляў, ну колькі той літаратуры ХІХ стагоддзя – Багушэвіч, Марцінкевіч і Тарас з Энэідай, але ж і невядома пра яе нічога. Вось пасля Вялікага Кастрычніка – гэта да… Узяў Генадзь Васілевіч Кісялёў і знайшоў гэтае “нічога”, пералапаціўшы без перабольшання дзясяткі тысяч архіўных дакументаў. Вось вам, кажа, больш за паўтысячы старонак у цвёрдай вокладцы, занудам і тролям па галаве. І адкрыліся захапляльныя сюжэты і найцікавейшыя біяграфіі, мысляры, паэты, празаікі, перакладчыкі і іхнія суддзі ў імперскіх мантыях. Бясспрэчная кніга-бомба, якая ўзарвала некалі ўяўленне пра ХІХ стагоддзе і падаравала чытачам смак старой, вытрыманай беларушчыны.
46. Simeon Polockij (1629—1680) Vertograd mnogocvetnyj/ed. By Anthony Hippisley a. Lydia I. Sazonova. With a forew. by Dmitrij S. Lihačev. Kohln etc.: Bohlau, 1996—2000 (Bausteine zur slavishen Philologie u. Kulturgeshichte. R.B. edition… Bd. 10) т.1-3
Апошняя кніга славутага палачаніна ХVII стагоддзя – збор шалёна-разнастайных па тэматыцы і выкананні вершаў, напісаных у адпаведнасці з прынцыпамі альфабэту. Першы радок верша распачынаецца пэўнай літарай і цягам кнігі рухаецца ад «А» да «Я», развіваючы маральна-этычныя, апавядальныя, гістарычныя і багаслоўскія тэмы – фактычна, лірычны падручнік ад знакамітага барочнага паэта, які навучыў расейцаў вершы пісаць.
45. Скарына “Малая падарожная кніжка”. Вільня, 1522.
А чаму так далёка забраўся, дзяддзька Францішак? Гэта ж менавіта “Малой падарожнай кніжкай”, выціснутай у Вялікім Княстве, усё на нашых землях і пачалося. Зацямніла твой віленскі поспех залатая Прага. Затое ж і кніга не абы-што, 23 часткі: малітвы, псалтыр, акафісты, каноны, вершы, каляндар, праграма тэлеперадач. Мала было свой партрэт у Біблію ўставіць, але ж і тут нахуліганіў, змясціў акафіст аўтарства нібыта нейкага Феакціста, а першыя літары шчырай малітвы раптам апынуліся акравершам: “Делал доктор Скоринич Францискус”.
44. Цётка. Першае чытанне для дзетак беларусаў. Пецярбург : Друкарня К.Пянткоўскага, 1906. 30 с.
Не ўпадабаўся экспертам ні Гаўрыла з Полацку, ні Банадысь Асака, а вось Цётка толькі, і тое – не пра «цара павесіць трэба» і іншае буравесніцтва, а менавіта што найцяплейшае, «для дзетак-беларусаў». Першая кніжка для новай беларускай школы, з кранальнымі аповедамі пра нашу вёску і гаспадарку, казкамі і прыпавесцямі, пацешнымі прыпеўкамі і дасціпнымі загадкамі. Адна з першых кніг пецярбургскага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца».
43. Васіль Цяпінскі “Евангелле”. 1570
Пераклад Васіля Цяпінскага, у адзіным асобніку захаваны, сапраўды ўнікальная рэч. Найперш таму, што гэта пераклад на рэальную старабеларускую мову, без усякіх скарынаўскіх гульняў. Па-другое – з шыкоўнай нацыяналістычнай прадмовай, дзе раздаецца па шыі ўсякім дармаедам і марнатраўцам з беларускай шляхты і магнатэрыі, якія замест таго, каб “хабарам і подкупам дзеля займання пасад” займацца, а лепш бы выдаткоўвалі грошы дзеля навукі, не чужой, а сваёй, “не такой, як цяпер на адвечны свой сорам толькі ледзь-ледзь прачытаць на сваёй мове збольшага вучацца”. Бо “іхняя мудрасць як толькі пакінула іх, дык на яе месца адразу такое вартае жалю невуцтва прыйшло, што некаторыя (з іх) ужо і пісьма свайго, і асабліва ў слове Божым, саромеюцца”.
42. Юры Станкевіч. Любіць ноч – права пацукоў : Раман, аповесці, апавяданні. Мінск : Маст.літ., 2000. 332 с.
Адзіная ў спісе сучасная кніжка прозы сучаснага аўтара. Пераадолела ўсе пакаленні, суполкі, рухі і –ізмы. Трагічныя гісторыі жыцця беларускай правінцыі, на кожнай старонцы якіх чакаеш горшага, але адбываецца ўсё нашмат горш, чым ты мог сабе ўявіць. Ненаіўнае сведчанне пра беларускую рэчаіснасць, што з ружовай стабільнасці можа лёгка ссунуцца ў чорнае бяздонне, дзе спатрэбяцца сіла, пісталет і важкае добрае слова.
41. Ніл Гілевіч. Родныя дзеці : Раман у вершах. Мінск : Маст.літ., 1985. 192 с.
Выклік на спаборніцтва не абы-каго, а самога Якуба Коласа, найноўшы раман у вершах – каханне, вёска, характары і гумар, познесавецкая рэчаіснасць і лірычныя адступы, дзе сфармулявана асноўнае крэда Ніла Сымонавіча, які зусім нядаўна, яшчэ некалькі месяцаў таму назад быў з намі. Няма сумневу, што горыч гэтай страты моцна паўплывала на экспертаў, бо мне здаюцца найцікавейшымі якраз вершы Гілевіча апошніх гадоў, дасканалыя па форме, спакойныя і мудрыя.
Працяг – неўзабаве!
Ціхан Чарнякевіч