У лістападзе мінулага года на нашым сайце быў апублікаваны спіс найбольш знакавых кніг за 500 гадоў беларускага кнігадруку, які быў склаладзены нашымі экспертамі ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць”. Мы вырашылі не проста актуалізаваць яго, але падрабязней засяродзіцца на кожнай кнізе. Крытык Ціхан Чарнякевіч падрыхтаваў серыю матэрыялаў, у якіх ён коратка раскрывае важнасць усіх выданняў са спіса. Вашай увазе трэцяя частка (першая тут, другая – тут).
30. Францішак Аляхновіч. У капцюрох ГПУ. Вільня : Выд-ва аўтара, 1937. 158 с.
1 студзеня 1927 года Францішак Аляхновіч, чатыры дні як савецкі грамадзянін, быў арыштаваны ў цягніку “Віцебск-Мінск”. Пачаліся доўгія блуканні па пакутах – ГПУ, турма, Салавецкі лагер асобага прызначэння і ўрэшце абмен на вязня польскай турмы Браніслава Тарашкевіча 6 верасня 1933 года. Крывавая сталінская мясарубка толькі набірала абароты, і Аляхновіч здолеў заспець гэты момант, уратавацца і апісаць, як працуе савецкая прапаганда. Першы наш экспартны бестсэлер – кніга Аляхновіча ў 1930-я гады, акрамя як па-беларуску, выйшла на партугальскай у Бразіліі, на рускай у Парыжы, двойчы на польскай, а таксама на італьянскай і ўкраінскай мовах.
29. Янка Купала. Тутэйшыя : трагічна-смяшлівыя сцэны ў 4 дзеях / Янка Купала; уступ Р. Склюта. – Мюнхэн: Выдавецтва “Бацькаўшчыны”, 1953. – 83 с.
ʼʼТутэйшыяʼʼ, як і раней згаданы Мрый і шмат што іншае з антысаветчыны, уцялесніліся кнігай толькі на эміграцыі. Самі ж яны ўвайшлі ў гісторыю як спектакль – і двойчы. Першы раз яго забаранілі ў 1926 годзе, пад час Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, за русафобію. Другі – на пачатку 2000-х, калі высноўванне шматметровага, на ўсю глядзельную залу Купалаўскага тэатра, бел-чырвона-белага сцягу зусім перастала супадаць з эстэтычнай сістэмай мінкульта. Пакуль існуюць ʼʼВаршава панская і хамская Маскваʼʼ, ʼʼТутэйшыяʼʼ застаюцца нязручным і знакавым тэкстам.
28. Максім Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. – Вільня: Кошт У. Знамяроўскага і Э. Будзькі, Друкарня кооп. Таварыства “Друк”, 1920. – 207 с.
Калі вы зноў трапіце ў Вільню і, пасля агляду Вострае Брамы, збочыце налева паглядзець Базыльянскія муры, будынак Віленскай беларускай гімназіі і “цэлю Конрада”, то, выходзячы, звярніце ўвагу на два вакны па-над аркай – гэта кватэра Максіма Іванавіча Гарэцкага, дзе ён напісаў “Гісторыю беларускае літаратуры”. Як і ў выпадку з “Геаграфіяй” Смоліча гэта не проста першы падручнік па сабжы, а бліскуча напісаны раман пра пісьменнікаў. Не адмоўце сабе ў задавальненні пагартаць гэтую кнігу ў нацыяналцы – колер старонак нагадае вам шурпатыя сцены царквы святой Троіцы і перанясе ў 1920 год, калі ўсё толькі пачыналася.
27. Святлана Алексіевіч “Галасы Утопіі”.
Алексіевіч амаль у сярэдзіне спісу – прывітанне шведскім акадэмікам. Нарэшце ейны манументальны цыкл уваходзіць у экспертны канон. Пачынаючы ад “У вайны не жаночы твар”, яе кнігі дрэйфуюць да большай ускладненасці, структураванасці мовы. Першая кніга не мела, бадай, жорсткай структуры, а вось астатнія былі прывязаныя да маналогаў “саўдзельнікаў” – маналогі, зрэшты, і ўтваралі змест кнігі. Што да “Часу сэканд-хэнд”, то ў ім самая ідэя кнігі аўтаркай мысліцца крыху больш глабальна: вядома, сам змест па-ранейшаму дыктуе структуру, аднак самаарганізацыя кнігі таксама адбываецца. Паасобныя часткі і нават тэмы кнігі становяцца лейтматывамі, пранікаюць на найніжэйшыя ўзроўні расповеду, з’яўляюцца словы, якія будуць трапляцца на ўсім працягу кнігі, усплываць у тым ці іншым маналогу і не паходзіцьмуць з самога зместу.
26. Анатоль Сыс. Пан лес : Вершы. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. – 111 с.
Зборнік-сімвал паўставання незалежнасці, згустак эмоцый 1980-х, ад якога ўзнікае эфект прысутнасці ў тым часе, калі аднаўляліся старыя яркія фарбы ў нібыта спарахнелай архаіцы, а сучаснасць адступала прэч, анямела назіраючы ўваскрэсенне птушкі Фенікс. Анатоль Сыс, як у сваю пару Купала, адчуў і ўвайшоў у ролю містагога, паэта-шамана, які заклінае містэрыяльнае тварэнне нацыі. Выклаўся дарэшты ў гэтай кнізе, бліснуў шаравой маланкай на шматтысячных мітынгах і згарэў, страціўшы адчуванне містэрыі – адзінай стыхіі, якая была яму роднай.
25. Янка Купала. Спадчына. – Менск: Беларускае кааперацыйна-выдавецкае таварыства “Адраджэнне”, 1922. – 221 с.
“Спадчына” – магчыма, адзіная кніга Купалы, дзе ён, не азіраючыся ні на якую цэнзуру і ні на якое атачэнне, нарэшце напоўніцу выказаўся пра тое, што яго хвалюе: “а мы, як цені з таго свету, ідзём, не знаючы куды”. Адвечны шлях беларуса ў адным зборніку – з войнамі, пакутамі і беспрасвеццем, з памкненнямі, якія пастаянна заводзяць цябе на гібельныя сцежкі-дарожкі. Змрок і надзея міжчасся – паміж першай вайной і другім абвяшчэннем БССР, праз калатнечу і замірэнне. Найцяжэйшая і адкрытая, як крывавая рана, кніжка ненаіўнага дзядзькі Купалы.
24. Словарь белорусского наречия : / составленный И. И. Носовичем. – Санкт-Петербург : издание Отделения русского языка и словесности Императорской Академии наук, 1870. – 755 с.
1843 год: у посны дзень, на Івана Галавасека, пабожны 55-гадовы дырэктар гімназіі Іван Насовіч зайшоў у госці да свайго віленскага начальніка і адмовіўся ад кавы з вяршкамі. Праз дзень Насовіч вылецеў з працы, але за наступныя 34 гады, якія яму намералі зверху, склаў аднатамовік беларускіх прыказак, анталогію беларускіх песень, гістарычны слоўнік старабеларускай лексікі і ўрэшце першы тлумачальны “Слоўнік беларускай мовы”, больш за 30 тысяч адзінак – прычым выключна беларускіх (ніякай “нагі”, “рукі” і “галавы” вы там не знойдзеце). Акадэмікі-рэдактары выкасавалі з назвы слова “мова”, замяніўшы яго “гаворкай”, “цікавым адгалінаваннем” рускай мовы, не зразумеўшы, што нават і з скалечанай назвай гэткім талмудам, выдадзеным на грошы рускага імператара, можна прыбіць любога, хто пачне ляпаць языком пра неіснаванне беларусаў.
23. Сымон Будны. Катихисис то ест наука стародавная христианьская от светого писма для простых людей языка руского в пытаниях и отказех собрана. – Несвиж, 1562.
Заўзяты дыскутант і такі інтэлектуал, якіх і праз пяцьсот гадоў у Беларусі пашукаць трэба, Сымон Будны арыентаваўся ва ўсіх шматлікіх школах і плынях Рээфармацыі, ведаў старажытныя і новыя мовы, але застаўся ў гісторыі дзякуючы старабеларускай. На якой і напісаны “Катэхізіс” і якая дзякуючы дзеячам Рэнесансу і Рэфармацыі стала мовай друкаванай кніжнасці – урэшце навукоўцы, перакладчыкі, пісьменнікі сышлі з нябёсаў на зямлю, да непасрэднага чытача-шляхціца, якога можна навучаць весці справядлівыя войны і не ўдзельнічаць у захопніцкіх, шанаваць свае святыні і ў тым ліку ўжываць родную мову, а не польскую. Дарэчы, “ужываць”, “настаўнік”, “краіна”, “мова”, “надзея” – усе гэтыя словы ёсць у “Катэхізісе”. І ці не яго менавіта ўпершыню набылі яны друкаваны выгляд?
22. Беларуская граматыка для школ / напісаў кандыдат філалогіі Петраградскага ўніверсітэта Б. Тарашкевіч. – Вільня : выданне “Беларускага камітэту”, 1918. – 76 с.
Увогуле спачатку, калі нашаніўцы толькі даведаліся, што акадэмік Шахматаў шукае сабе аспіранта па беларускай мове, то вельмі хацелі паслаць у Пецярбург Максіма Багдановіча. Аднак хворага Максіма Адамавіча не выпусціў з дому бацька, і ў выніку ў 1911 годзе ва ўніверсітэт адправіўся іншы Адамавіч, абцёрты ў польска-беларускіх палітычных гуртках віленчук Браніслаў Тарашкевіч, па мянушцы Тарас. Ужо ў верасні 1913-га Янка Купала пісаў яму: “Што чуваць у вас з беларускай граматыкай? Граматыку Вашу хоча Таварыства выдаць і пусціць у свет у “назидание” маладому беларускаму пакаленню. Дык варушыцеся, дзядзька, і ў шапку не спіце». Але ўсе дэдлайны, канечне, былі завалены і першая наша граматыка выйшла толькі ў 1918-м. А чаму – ясна чаму. БНР упершыню адкрыла шырокую сетку беларускіх школ, і падручнік быў патрэбны кроў з носу. Не было ўжо куды далей цягнуць.
21. Якуб Колас. Сымон-музыка : паэма. Менск: Дзяржаўнае Выдавецтва Беларусі, 1925. – 277 с.
“Я зрабіў асобныя запісы, як толькі наладзіў турэмны побыт: раздабыў аловак і навучыўся хаваць паперы” – распавядаў Колас пра першыя старонкі “Сымона-Музыкі”. І далей, пасля таго як прыйшоў дамоў з Пішчалаўскага замку беспрытульным былым палітзняволеным: “Накідаўшы збольшага запеўку, зразумеў, што гэтая работа цяпер будзе для мяне стрыжнем. Утрымаюся за яго – значыць, не звар’яцею, не сап’юся, наогул, не пайду наніз, у падонкі, у паслугачы”. А атрымалася светлая паэма пра хлопчыка, які перамагае ўсё і ўсіх сваёй музыкай і ідзе далей поруч са сваёй каханай. Праўда, хто ведае, каб не было савецкіх вымогаў, можа, і засталася б для Коласа праўдзівейшай першая рэдакцыя 1918 года – дзе выпрабаванні зводзяць і Сымона, і ягоную чарнавокую дзяўчынку ў вечны летаргічны сон.
Ціхан Чарнякевіч