У лістападзе мінулага года на нашым сайце быў апублікаваны спіс найбольш знакавых кніг за 500 гадоў беларускага кнігадруку, які быў склаладзены нашымі экспертамі ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць”. Мы вырашылі не проста актуалізаваць яго, але падрабязней засяродзіцца на кожнай кнізе. Крытык Ціхан Чарнякевіч падрыхтаваў серыю матэрыялаў, у якіх ён коратка раскрывае важнасць усіх выданняў са спіса. Вашай увазе другая частка (першая тут).
40. Уладзімір Арлоў, Зміцер Герасімовіч. Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя. — Martin, Slovakia, 2003. 320 с.
Напачатку мінулага стагоддзя Вацлаў Ластоўскі выдаваў свой катэхізіс «Што трэба ведаць кажнаму беларусу» брашуркай, а ў 1990-я, калі праблема актуалізавалася, узніклі даволі бляклыя пытанні і адказы з гісторыі Беларусі на газетнай паперы, з жахлівымі чорна-белымі ілюстрацыямі. «Краіна Беларусь» Уладзіміра Арлова паказала, што Беларусь – гэта асляпляльна прыгожа, багата і шыкоўна. Быць беларусам – гонар, і гэта неверагодна прыемна, і гэта захапляе дзяцей і дарослых.
39. Ёган Вольфганг Гётэ. Фаўст : Трагедыя / Пер.з ням. В. Семуха; Мінск : Маст. літ., 1976. 430 с.
Беларусы дзесяцігоддзямі целяпаліся ў каланіяльным хвасце расейскіх перакладаў, але калі Сёмуха ў 1960-я гады пераклаў “Фаўста”, гэта стала сапраўднай бомбай. І як пераклаў – хлёстка, смачна, незалежна, з энэргіяй, якой і цяпер зайздросцяць перакладчыкі. Аздобленая графікай Арлена Кашкурэвіча, кніга выглядае сапраўдным артэфактам і ўзорам айчыннага мастацкага выдання. Верылася, што неўзабаве з’явяцца і “Дон-Кіхот”, і Рабле, і “Іліяда” з “Адысеяй”, але… на іх свайго Сёмухі так пакуль і не знайшлося.
38. Тарас на Парнасе и др. белорусские стихотворения. Могилев : , 1900. 24 с.
“Тарас” – адзін з першых (разам з “Гапонам” Дуніна-Марцінкевіча) аўтарскіх беларускамоўных твораў, не звязаны ніякімі пупавінамі з прамінулымі аналагамі. Доўгі час хадзіў па руках і вуснах як ананімная паэма, пераказваўся сялянамі ў самых розных варыянтах, таму склаўся і стаў знакавым менавіта як твор, а не кніжка. У 1896 годзе, публікуючы тэкст, Еўдакім Раманаў казаў, што “яго ва ўсякай хаце знайсці можна”. Народным “Тараса” зрабілі мясцовыя рэаліі і прыемнае ўсведамленне таго, што вясёлы мужык, нават і трапіўшы ў сваім інфернальным падарожжы да вялікіх паноў на Парнас, а тады і да алімпійскіх багоў з усімі выгодамі і прысмакамі, папрасіў аднаго – вярнуцца дадому. “Тарас на Парнасе” выходзіў брашуркамі за царскім часам і раскупляўся тысячамі асобнікаў. Таму нашаніўцы нават не сталі яго перавыдаваць – попыт быў цалкам задаволены.
37. Алесь Разанаў. Шлях-360. Мінск: Мастацкая літаратура, 1981. 110 с.
Першая адкрыта і падкрэслена мадэрнісцкая кніга беларускай паэзіі – без усякіх скідак, агаворак і рэверансаў да паноўнай традыцыі. Кніга-стваральніца пакалення паэтаў-філосафаў, паэтаў-авангардыстаў, заглыбленых у нетры беларускай мовы і сутнасці быцця, дзе пастаянна ідуць выпрабаванні і эксперыменты. Знайсці ў кнігарнях фактычна немагчыма: гэтую кнігу крадуць, выпрошваюць ці атрымліваюць у падарунак.
36. Янка Брыль. Птушкі і гнёзды: Кніга адной маладосці: Раман. Мінск : Беларусь, 1964. 347 с.
Пакуль усе пісалі пра вайну і немцаў, Янка Брыль напісаў раман пра сябе. Бацькі, браты, тонкая лінія заходнебеларускага дзяцінства, і праз асобнага чалавека праступаюць як на шкле абрысы айчыннай гісторыі: трагедыя непрыналежнасці да саміх сябе – то да палякаў, то да нямецкіх унтэраў, то да больш блізкіх камісараў. Адысея і падарожжа героя ва ўласныя ўспаміны, з няпростымі, але добра пастаўленымі пытаннямі. Скарыстаная магчымасць уцячы ад афіцыёзу і ідэалогіі.
35. Алесь Гарун. Матчын дар: Думы і песьні, 1907-1914 г.г. / Выдана коштам Народнага Сакрэтарыяту Беларусі. Менск : Друк. Я. Грынблята, 1918. 128 с.
Кніжка з трагічным лёсам: напісалася ў 1914-м, выдадзена Радай БНР у Менску ў 1918-м, і так і не патрапіла ні да нашаніўскага канону, і перад вайной прачыталася вельмі сціпла, “дзякуючы” прывітальнаму слову Гаруна да Пілсудскага. Дзякуючы таму ж – выкрэслілася з усіх падручнікаў і гісторый, і толькі ў 1988-м, з вялікімі праблемамі, крывёю і потам вярнулася – але ці прачыталася? Містычная кніга аднаго з найвыдатнейшых нашых паэтаў-метафізікаў – з усімі спадарожнымі смяротнымі страхамі, зданямі, ваўкалакамі і вурдалакамі, зазіраннем у тагасветную цемру, напаўдрымотным змаганнем сібірскага выгнанца з абрыдлай явай і ўласнай звонкагалосай музай.
34. Рыгор Барадулін. Ксты. Мінск : Рым.-катал. парафія св. Сымона і св. Алены, 2005. 470 с.
Барадулін быў важным для літаратуры ад першага свайго зборніка, але эксперты спыніліся на познім, духоўным. Гэтак завершыўся яго зямны лёс – ад шасцідзясятніцкай “новай шчырасці” і зухаватасці да, фігуральна кажучы, засяроджанага перабірання пацераў, сабраных у нітку з вушацкай мовы, хрысціянскай сымболікі, старых і найноўшых герояў, заўсёднага краявіду з птушкамі.
33. Энцыклапедыя “Вялікае Княства Літоўскае”. Мінск. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2005—2010. У 3 тамах. 684 с. + 788 с. + 690 с.
“Доўгі час, калі цябе не было…” А Вялікага Княства і праўда зусім не было ў падручніках па гісторыі, альбо дзейнічалі там чужыя беларусам літоўскія князі, якія займаліся ўсялякай непатрэбшчынай. Потым былі дзясяткі энтузіястаў, і ўрэшце – прызналі, было беларускае ВКЛ, і спісваць яго са сваіх рахункаў на чужыя ёсць поўным ідыятызмам. Трохтамовая шыкоўная энцыклапедыя ВКЛ, якая імгненна знікла з паліц кнігарняў, давяла: не тое, што попыт, а проста голад і смага ёсць на рыцарскую Беларусь. Праўда, другога выдання дзяржава рабіць не спяшаецца.
32. Кузьма Чорны. Выбраныя творы / Уклад., прадм.: Тычына М. Мінск : Беллітфонд, 2000. 605 с.
Эксперты не ўдакладнілі, якое менавіта выбранае мелася на ўвазе, але няхай ім будзе “кнігазбораўскі” том Чорнага, складзены Міхасём Тычынам, які і сфармаваў канон чорнаўскага паслясавецкага аднатамовіка – без розных кампрамісных і прымусовых твораў. Тычынаўскі Чорны пераліваецца ад мастака настрояў у 1920-я да экзістэнцыяліста 1940-х з балючым і поўным нянавісці да саветчыны дзённікам апошніх дзён жыцця 1944 г. Балючае ўслухоўванне ў бездань беларускага лёсу, нібыта праклятага кімсьці і асуджанага на вечнае паўтарэнне памылак. Чорнага варта чытаць усяго, але квінтэсэнцыя – тут, у аднатамовіку.
31. Андрэй Мрый. Запіскі Самсона Самасуя. Мюнхэн: Выдавецтва “Бацькаўшчыны”, 1953. 88 с.
Выцягнуты ў першы шэраг эміграцыйным крытыкам Антонам Адамовічам, Мрый стаўся выратаваннем перабудоўчага літаратуразнаўства: запоўнілася вакансія антысавецкага сатырыка. Насамрэч, няўрымслівы Самасуй – дзядзька дужа складаны і шматслойны. Гэта і збор гумарыстычных прыказак Інбелкульта, і юрлівыя героі постсімвалізма, і мора спасылак і алюзій на біблейныя і гістарычныя сюжэты, адсылкі да савецкай молада-зялёнай бюракратыі, вясковай архаікі ды зухаватых беларусізатараў. Можна сказаць, поўная энцыклапедыя беларускіх 1920-х – каша, завараная Мрыем, дагэтуль вельмі густая.
Працяг – неўзабаве!
Ціхан Чарнякевіч