Якія кнігі пазмагаюцца за званне найлепшай?

Распачынаецца новы прэміяльны сезон найбуйнейшай незалежнай узнагароды Беларусі — літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця, якая штогод уручаецца за найлепшую кнігу прозы, напісаную на беларускай мове. Сёлета ў прэміі ўдзельнічаюць кнігі, выдадзеныя ў 2024 годзе.
premija-hedroitsa-2025.jpg

Поўны спіс намінантаў на літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця 2025 года апублікаваны на сайце Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў:

«Мое баба — діректор морга» — Вольга Аполька (Голя з Ополя), самвыд

«Самы цымус: смакі і водары беларуска-габрэйскай кухні» — Алесь Белы, выдавецтва Gutenberg Publisher

«Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» — Вольга Вялічка, выдавецтва Gutenberg Publisher

«Вольнеры. Бясконцы дзень» — Валер Гапееў, выдавецтва «Янушкевіч»

«Псіхараман. Уводзіны ў сучасную культуру» — Язэп Гніль, выдавецтва «Лысы Чэрап»

«Гульні Цырцэі» — Зміцер Дзядзенка, фонд Kamunikat. org

«Занзібар. Сталенне маладой душы» — Сяргей Дубавец, выдавецтва «Вясна»

«Стагоддзе НН» — Сяргей Дубавец, выдавецтва «Вясна»

«Сфагнумы» — Андрэй Дудко і Ветэраны карнай псіхіятрыі, платформа для электронных кніг Smashwords

«Стрыжэ і піша» — Сяргей Календа, выдавецтва Gutenberg Publisher

«Перамена месцаў» — Югася Каляда, выдавецтва «Пфляўбаўм»

«Калі я выйду на волю» — Ганна Комар, выдавецтва Skaryna Press

«Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» — Аляксандар Лукашук, выдавецтва «Вясна»

«Апошняе пакаленне» — Макар, выдавецтва «Янушкевіч»

«Жыццё ў дванаццаці апавяданнях» — Аляксей Правалоцкі, выдавецтва «Янушкевіч»

«Залатое зерне» — Мечыслаў Ян Супрон, выдавецтва Gutenberg Publisher

«Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» — Анка Упала, выдавецтва Alena Kazlova

«Гвалт» — Аляксандр Чарнуха, выдавецтва «Янушкевіч»

«Забойства на вуліцы Макаёнка» — Клёк Штучны, аўдыявыдавецтва Audiobooks. by і выдавецтва «Янушкевіч»

Журы літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця складаецца з вядомых літаратараў, перакладчыкаў, даследчыкаў і культурных дзеячаў, чыя кампетэнтнасць і розныя перспектывы забяспечваюць ацэнку кніг.

Сёлета сярод публічных асобаў у складзе журы: беларусістка, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Катажына Дрозд-Урбаньска; літаратуразнаўца, крытык, драматург, галоўны рэдактар навуковага часопіса «Studia Białorutenistyczne» Сяргей Кавалёў; паэт, перакладчык, літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч.

Заснаваная ў 2012 годзе, літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця стала адной з найбольш прэстыжных узнагарод у беларускай культурнай прасторы. Яна не толькі адзначае творчыя дасягненні, але і фармуе вобраз сучаснай беларускай літаратуры.

Прэмія арганізуецца Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы амбасады Рэспублікі Польшча ў Мінску і Польскага інстытуту.