Блытаніна паміж айчыннымі пісьменнікамі набыла настолькі мемны характар, што нават трапіла ў школьную праграму: сучасны падручнік па беларускай літаратуры прапаноўвае вучням знайсці памылку на вокладцы календара, дзе фотаздымак Янкі Купалы падпісаны «Якуб Колас». Ну а тым, хто выканае такое заданне, можна смела пераходзіць на новы ўзровень, паспрабаваўшы адрозніць Петруся Броўку ад Пятра Глебкі. Дапаможа ў гэтым новая выстава, якая адкрылася 20 студзеня і будзе працаваць да 25 чэрвеня. Разбіраемся, чаму варта яе наведаць.
Броўка і Глебка ў 1930-х: знайдзіце 5 адрозненняў. Крыніца: brouka.museum.by
Пятрусь Броўка і Пятро Глебка — сапраўды розныя людзі?
Супольнага і праўда шмат. Цёзкі і аднагодкі, яны абодва вучыліся на педагагічным факультэце БДУ, дзе і адбылося іх знаёмства. На будучага сябра Броўка пазіраў з павагай, бо Глебка быў не толькі на курс старэйшым, але і больш вядомым як паэт. Невядома, з чаго гэта пачалося, аднак навакольныя сталі блытаць як саміх творцаў, так і іх прозвішчы. Даходзіла нават да кур’ёзаў: Пятро Глебка з тыдзень выступаў на літаратурных вечарах у Віцебскай вобласці, а газеты ў справаздачах надрукавалі, што гэта быў... Пятрусь Броўка.
Ларыса Александроўская ўспамінала, што ў тыя часы можна было пачуць такі жарт: «Не ідзі па глебцы, а ідзі па броўцы!». Абодва Петрусі сустракалі яго рогатам, падчас якога хто-небудзь дадаваў: «...і сцеражыся крапівы». Тут ужо нібыта падключаўся і сам Крапіва (неверагодна, але факт: суровы Кандрат Кандратавіч і праўда мог смяяцца).
Сваё сяброўства паэты пранеслі праз паўстагоддзя і былі настолькі блізкімі, што ў сталым узросце нават пабудавалі побач летнія сялібы ў Ждановічах, дзе некалі былі разам у камандзіроўцы (трэцім да сябе ўзялі таго ж Крапіву). «Канпетры» — жартаваў Пімен Панчанка, называючы так гэтую мясціну ў гонар Кандрата ды двух Пятроў.
Новая выстава прапануе больш пільна зірнуць як на саміх паэтаў, так і на іх стасункі паміж сабой і з іншымі пісьменнікамі. А загадак і цікавостак тут хапае.
Сям’я Броўкаў: Юрый, Алена, Пятрусь. 1955. Крыніца: brouka.museum.by
Ці былі Броўка і Глебка такімі ўзорнымі савецкімі грамадзянамі, як гэта прынята лічыць?
Здавалася б, сябры пражылі проста бездакорнае жыццё: акадэмікі, дэпутаты, члены КПСС, яны займалі адказныя пасады і не былі заўважаны ў чым-небудзь сумніўным. Аднак гэта толькі на першы погляд.
Напрыклад, нават у самы «гарачы» савецкі перыяд Пятро Глебка хаваў у сябе вялікую колькасць забароненай літаратуры, за што можна было лёгка пазбавіцца не толькі партбілета, але і свабоды. Вядома, такі скарб паэт мусіў трымаць у сакрэце ад усіх наведвальнікаў. Да нас не дайшла дакладная інфармацыя пра тое, як ён гэта рабіў, аднак яго жонка яшчэ падчас нямецкай акупацыі адпрацавала ідэальны механізм абароны крамольных кніг ад цікаўных позіркаў. Што за кнігі і што за механізм? Пра гэта можна даведацца на выставе.
І ў сямейным жыцці, дарэчы, былі свае тайны: Глебка доўга не мог дараваць жонцы ўчынак, здзейснены ў ваенны час. А ў Броўкі дома ўвогуле быў «сакрэт», пра які ведалі абсалютна ўсе, у тым ліку супрацоўнікі адпаведных органаў. Асабліва няёмкая сітуацыя атрымалася, калі ў госці завітаў сам таварыш Панамарэнка — першы сакратар партыі...
Кандрат Крапіва, Іван Шамякін, Пятро Глебка, 1960-я. Крыніца: ЦНБ НАН, ф. 24
Калі яны і праўда не былі такімі ідэальнымі, то як уратаваліся ў змрочныя часы?
Паэтаў звязвае не толькі доўгае сяброўства, але і агульны досвед выжывання. Іван Шамякін прыгадваў у сваіх дзённіках, што ў неадназначных, палітычна напружаных выпадках «Броўка браў Глебку, і яны ўдвох ехалі да Крапівы».
Але аднойчы над творцамі навісла сур’ёзная небяспека: на імя таварыша Панамарэнкі прыйшла дакладная запіска наркама ўнутраных спраў з прозвішчамі 12 беларускіх пісьменнікаў, сярод якіх былі Броўка, Глебка і нават... Атраховіч, то-бок Крапіва. Не забыліся, дарэчы, і пра Купалу з Коласам. Змест дакумента быў такі, што санкцыя на арышт выглядала ўсяго толькі дзяжурнай фармальнасцю. Аднак што пайшло не так? Магчымую версію можна пачуць у музеі.
Ліст Петруся Броўкі да Ноніка, 1934 (уласнае фота).
А што наконт прыватнага жыцця?
Аказваецца, былы вясковец Пятрусь Броўка быў настолькі далікатным кавалерам, што адной сваёй звычкай завочна спадабаўся будучай жонцы, нават не ведаючы яе. Праўда, Алена Міхайлаўна была жанчынай з характарам: возьме, напрыклад, і адмовіцца ісці ў кіно, бо не падабаецца фільм. Але прадбачлівы паэт прыдумаў свой лайфхак і на гэты выпадак...
А Пятро Глебка, які дасканала разабраўся ў сямейным жыцці, жартаваў: «Баюся сваёй жонкі — гэта ўжо важкі доказ мужчынскасці». А тая, у сваю чаргу, называла яго «Нонік» (цікавая атрымалася пара: Ніна і Нонік). Пяшчотную мянушку ўпадабаў і Пятрусь Броўка, звяртаючыся так да сябра нават у пісьмовай карэспандэнцыі. Як узнікла гэтая мянушка? На гэты конт вам распавядуць ажно 2 версіі...
Лукаш Бандылевіч: таямнічая постаць, звязаная з паэтамі (шарж Заіра Азгура «Пратаплазма Бандылевіча», 1932).
Якімі людзьмі яны былі ў побыце?
Вельмі рознымі: спакойны і лагодны Глебка ўраўнаважваў выбухнога Броўку. Вось што першы з іх запісаў у дзённіку за 25 чэрвеня 1942 г. падчас знаходжання ў Маскве: «Трохі папілі гарэлачкі, пагутарылі. Жывуць нашы хлопцы крыху багемна, асабліва Пятрусь — напіваецца і залішне бузіць. Янка таксама тут і таксама выпівае. Нешта каля сутак ад яго не выходзілі Твардоўскі і Святлоў». Праз тры дні ў гэтым дзённіку дрыготкая рука Глебкі зробіць яшчэ адзін запіс пра Купалу: «Аб абставінах, у якіх адбылася гэта жудасная смерць, я не маю сіл запісаць». Здаецца, Пятро ведаў пра трагічнае здарэнне значна больш, чым ведаем мы...
Ды і ўвогуле народныя паэты стварылі шмат загадак. Чаму, напрыклад, Броўка не трапіў ва «Узвышша» да сваіх сяброў Глебкі і Крапівы? Чаму ніводзін з іх, нягледзячы на ўгаворы, не пакінуў пасля сябе мемуараў? Чаму не варта верыць, што яны былі добрымі кухарамі? Хто такі Лукаш Бандылевіч? І, нарэшце, што значыць дзіўная фраза «Кулямёты брахалі мопсікам»?
Новая выстава прапануе нам паглыбіцца ў гэтыя ды іншыя пытанні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю двух Петрусёў: адначасова вядомых і невядомых. У лютым будуць арганізаваны куратарскія экскурсіі, сачыць за раскладам якіх можна на старонках музея ў Instagram і Facebook.
Юрась Гарэлка, budzma.org