«Трэба даказваць, што тваё жыцьцё мае каштоўнасьць, нават калі яно не зьмяшчаецца ў графу „афіцыйная занятасьць“». Яна Вольская пра Год жанчыны

23.07.2026
2026 год афіцыйна абвешчаны ў Беларусі Годам жанчыны. Чаго лагічна было б чакаць ад такога года і што адбываецца ў рэальнасці? Пра гэта разважае пісьменніца і публіцыстка Яна Вольская.

zhanczyna-darmajedka-02.jpg

Чаго варта было б чакаць ад Года жанчыны?

Вы, напэўна, ведаеце, што ў Беларусі абвешчаны Год жанчыны. І першая рэакцыя, верагодна, зьвязаная з чаканьнем пераменаў: вось нарэшце зьявяцца праграмы падтрымкі жанчынаў, будуць створаны моцныя жаночыя супольнасці — прафэсійныя, творчыя і па інтарэсах. Галасы жанчынаў загучаць больш упэўнена, а перад імі адкрыюцца новыя магчымасьці ў самых розных сфэрах: у бізнэсе, навуцы, творчасьці, кіраваньні, дыпляматыі.

Можна было б чакаць, што Год жанчыны стане нагодай для размовы пра роўнасьць і пераадоленьне дыскрымінацыі. Напрыклад, пра тое, што маладая жанчына, якая ўладкоўваецца на працу, мае права плянаваць сям’ю і дзяцей без страху, што гэта будзе прычынай адмовы з боку працадаўцы. Што маленькае дзіця не павінна ператварацца ў кляймо «ненадзейнай супрацоўніцы», якая «часта будзе хадзіць на бальнічны». Што жанчына, якая ўжо працуе і выхоўвае дзяцей, не павінна сутыкацца з пакараньнем ці асуджэньнем за тое, што часам мусіць абіраць сям’ю.

Можна было б чакаць, што Год жанчыны стане крокам да сапраўднай роўнасьці: роўнага доступу да прафэсіяў, роўнай канкурэнцыі, роўнага разьмеркаваньня хатніх абавязкаў. Што ён дапаможа зьмяніць постсавецкае ўяўленьне пра тое, што клопат пра дом, дзяцей, гатоўку, прыборку і тло сямейнага жыцьця — выключна зона жаночай адказнасьці.

Магчыма, больш увагі маглі б атрымаць выбітныя дасягненьні жанчынаў у розных галінах — у навуцы, культуры, мастацтве. І беларускам сталі б больш вядомыя жанчыны, якія зьмянялі гісторыю краіны, каб кожная магла бачыць перад сабой прыклады сілы, таленту і незалежнасьці. 

Ці зьявілася б падтрымка жаночага прадпрымальніцтва, рамесьніцтва, малога бізнэсу — сфэраў, якія часта створаны жанчынамі і атрымліваюць разьвіцьцё дзякуючы ім.

zhanczyna-darmajedka.jpg

Што адбываецца насамрэч?

Усё больш жанчынаў у Беларусі сутыкаюцца з сытуацыяй, у якой яны атрымліваюць афіцыйнае вызначэньне — «дармаедка».

Напрыклад, жанчына знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Яна даглядае маленькае дзіця і адначасова жыве ў рэжыме бясконцых клопатаў, недасыпу і адказнасьці. Але замест падтрымкі яна чытае такое паведамленьне: афіцыйна яна не працуе, значыць, мусіць даказваць, што не зьяўляецца «дармаедкай». І цяпер да пялюшак, малочных сумесяў і бяссонных начэй дадаецца яшчэ адна задача — зьбіраць даведкі, пацьвярджаць сваё права на выключэньне з базы дармаедаў і тлумачыць дзяржаве ўласнае становішча.

Альбо іншая сытуацыя: скончыўся дэкрэтны адпачынак, дзіця яшчэ маленькае, а жанчына шукае працу. Але рынак працы не заўсёды гатовы адразу прыняць яе — ці то праз спэцыфіку прафэсіі, ці то праз перапынак у кар’еры, ці то праз тыя ж стэрэатыпы пра жанчынаў з дзецьмі. Час ідзе, прапановаў на сумоўе няма, затое прыходзіць «ліст шчасьця» з паведамленьнем пра «дармаедзтва». І зноў трэба даказваць, што тваё жыцьцё мае каштоўнасьць, нават калі яно не зьмяшчаецца ў графу «афіцыйная занятасьць».

Але, магчыма, найбольш парадаксальная сытуацыя адбываецца тады, калі жанчына сьвядома абірае іншы шлях.

1.png

Яна выхоўвае дзяцей, даглядае дом, падтрымлівае сям’ю, займаецца гаспадаркай, дапамагае дзецям з вучобай, возіць іх на дадатковыя заняткі. У рэдкія вольныя хвіліны разьвівае ўласную справу або творчасьць: малюе, шые, стварае мастацкія вырабы, здымае відэа, вядзе блог. Муж бярэ на сябе фінансавае забесьпячэньне сям’і.

Гэта можа быць традыцыйная мадэль жыцьця, якая камусьці падыходзіць, а камусьці ня вельмі. Але ў ёй таксама ёсьць штодзённая праца. Ёсьць час, энэргія, адказнасьць і ўнёсак у дабрабыт сям’і.

Але ў Беларусі такая жанчына таксама можа апынуцца ў статусе «дармаедкі»! Бо афіцыйна яна нідзе не працуе.

Атрымліваецца дзіўны парадокс: ад жанчыны чакаюць усяго адразу. Яна павінна быць пасьпяховай супрацоўніцай, якая ніколі не адсутнічае на працы праз сямейныя абставіны. Яна павінна будаваць кар’еру, дасягаць вынікаў, адначасова весьці гаспадарку, займацца дзецьмі, выглядаць прыгожа, быць здаровай, энэргічнай і заўсёды ўсьміхацца.

Той самы ідэальны вобраз, які штодня ствараюць сацыяльныя сеткі: жанчына, якая ўсё пасьпявае, усё кантралюе і ніколі не стамляецца.

Але за гэтым вобразам часта хаваецца іншая рэальнасьць: моцная, але стомленая; пасьпяховая, але выгаралая; прыгожая, але зьнясіленая.

Жанчына, якую ўсё адно могуць назваць дармаедкай.

Год жанчыны ў Беларусі.

Толькі ці сапраўды гэта размова пра жанчыну XXI стагодзьдзя?

Яна Вольская, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org