Беларуская пісьменніца Святлана Курс (Ева Вежнавец) учора звярнулася да беларусаў па дапамогу. Нядаўна ёй паставілі цяжкі дыягназ: рак яечніка з метастазамі ў брушыну і лімфатычныя вузлы. Неабходную суму і нават больш сабралі за ноч. Па стане на 11:30 раніцы сабрана больш за 14 000 еўра з 10 000 еўра. Збор працягваецца.
«Гэта той самы «ціхі забойца», які доўга хаваецца і праяўляе сябе ўжо на позняй стадыі.
Ужо некалькі тыдняў я адчувала, што з маім целам нешта не так: цяжар у жываце, сцісканне мачавога пузыра, стомленасць. Я лячылася ад запалення — але гэта быў анкалагічны асцыт.
Усе астатнія органы ў мяне здаровыя — ныркі, печань, сэрца, лёгкія — і менавіта таму ў дактароў ёсць надзея: шанец на лекаванне, на працяг жыцця.
А я так не хачу яго адпускаць...», — напісала яна.
На лячэнне Святлане патрабавалася 10 тысяч еўра. Асноўнае лячэнне — бясплатнае. Дзякуючы польскай медыцынскай сістэме, пісьменніца пройдзе хіміятэрапію, падрыхтоўку да аперацыі, саму аперацыю і наступнае лячэнне бясплатна, у Нацыянальным анкалагічным цэнтры.
Але трэба грошы на бытавыя выдаткі (жыццё пасля лячэнне, інфраструктуру вакол лячэння, аплату дарогі да медыцынскіх цэнтраў, у тым ліку — у іншыя гарады), арэнду транспарту або таксі, калі фізічна цяжка ехаць грамадскім транспартам, чаканні і начлег пасля працэдур (калі трэба быць побач з клінікай), куплю базавых медыцынскіх сродкаў, якія не выдаюцца па страхоўцы (уколы, апрацоўкі, апараты для падтрымкі арганізма) ды інш.
Збор працягваецца. Падтрымаць Святлану Курс можна па спасылцы.