Караткевіч, Разанаў і Вежнавец. 5 літаратурных адсылак у беларускай музыцы

Песняў, пакладзеных на вершы беларускіх паэтаў, шмат. Рэдакцыя КЛІК разам з рэдакцыяй праекта пра беларускую літаратуру bellit.info капнула глыбей і зазірнула, якія літаратурныя адсылкі хаваюць у сваіх творах беларускія артысты. А там — процьма цікавага: ад класікаў Караткевіча і Купалы да сучаснікаў/-іц Вежнавец і Камароўскага.

Litaraturnyja adsylki

Dzieciuki — «Ладдзя роспачы» 

У 2014 годзе гарадзенскія фолк-панкі выпусцілі анімацыйны кліп у стылістыцы South Park на песню «Ладдзя роспачы». Назва трэку наўпрост адсылае да знакамітай аповесці Уладзіміра Караткевіча пра прыгоды шляхціца Гервасія Вылівахі.

Па сутнасці, трэк і кліп з’яўляюцца вольным пераказам твора беларускага класіка. Але мы рэкамендуем спачатку атрымаць асалоду ад арыгіналу, а пасля ўжо звяртацца да яго інтэрпрэтацый.

Gods Tower — «Людзі на балоце» 

Выраз «Людзі на балоце» настолькі ўвайшоў у народ, што ўжо цяжка сказаць, ці гэта Мележ паўплываў на гомельскіх металістаў, ці нешта іншае.

«Людзі на балоце» ў выкананні Gods Tower — эпічная сяміхвілінная балада. Тэкст песні можна наўпрост чытаць без музычнага суправаджэння — гэта якасная паэзія пра экзістэнцыйныя пакуты, выбары і лёс Беларусі і беларусаў.


 


Лайтовы — «Поўня»


Амаль год таму Аляксей выпусціў трэк, які літаральна стварыў за адзін дзень. Атрымалася медытатыўная песня з астранамічнай (ці астралагічнай) тэматыкай і запамінальнай мелодыяй. Але акрамя гэтага артыст зашыфраваў ажно дзве літаратурныя адсылкі.

Першая з радком «Пчала пачала паломнічаць» адсылае нас да назвы зборніка вершаказаў Алеся Разанава. А наступная фраза «вада пачынае жыць» ужо перакідвае слухача да назвы дэбютнай кнігі вершаў Артура Камароўскага. Вось так Лайтовы не напружваючыся і не выпячваючы паказаў сваю начытанасць.

 


Nochy, Leibonik — «Бяда» 

Дзевяць месяцаў таму беларускія артысты Nochy і Leibonik закалабіліся, каб прынесці на музычнай талерачцы свой дэкадансавы дэнс. «Бяда» атрымалася не толькі рытмічным трэкам з трывожнай дынамікай, але і з адной цікавай літаратурнай адсылкай.

У куплеце Сяргея Башлыкевіча ёсць наступныя радкі: «Рэйс без пасадкі, ніхто не саскоча. Які ў нас курс? Па што ідзеш, воўча?». Такім чынам артыст адсылае слухача да знакамітага рамана Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?», які зусім нядаўна пераклалі на польскую мову.



SP Kava & Angst — «Думалі»

Песня, запісаная для трыб’юту «Песняроў», якая зусім не з’яўляецца каверам на лендарны гурт. Рэфрэнам тут гучыць «Малітва» Песняроў, але артысты капнулі глыбей.

«Думалі» па сваёй сутнасці з’яўляецца лістом да Уладзіміра Мулявіна і Янкі Купалы ад сучаснага пакалення. А сама назва трэку адсылае да купалаўскага верша, дзе «думалі» ўтварылася на стыку словаў у радку «Я буДУ МАЛІцца і сэрцам і думамі». Вось такая атрымалася літаратурная галаваломка ў беларускіх рэпераў.