Небяспека інфекцый усё яшчэ актуальна, самазаспакойвацца рана — санэпідслужба Мінска

Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі адзначае, што насельніцтва сталіцы стала час ад часу не захоўваць меры бяспекі, рэспіраторнага этыкету і асабістай гігіены, хоць магчымасць заражэння рознымі віруснымі інфекцыямі ўсё яшчэ высокая. Аб асноўных прэвентыўных мерах сёння нагадала галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Мінска Нэлі Гіндзюк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

000022_1591711483_88428_big.jpg

«Апошнім часам адзначаецца некаторая самазаспакоенасць мінчан у плане прафілактыкі рэспіраторных і іншых інфекцый. Хоць яны па-ранейшаму актуальныя. Гэта датычыцца і рэспіраторных інфекцый, і - з надыходам гарачыні - вострых кішэчных інфекцый, - сказала Нэлі Гіндзюк. - Таму толькі асноўныя правілы прафілактыкі дапамогуць пазбегнуць інфекцый, далейшага іх распаўсюджвання, каб захаваць здароўе нашых гараджан».

Рэспіраторны этыкет уключае некалькі простых правіл. Пры чханні або кашлі трэба прыкрываць рот і нос аднаразовай сурвэткай, якую пасля выкарыстання трэба акуратна выкінуць. Калі сурвэткі побач няма - чхаць у згін локця, пасля апрацаваць рукі антысептычным сродкам. Рукі трэба мыць і апрацоўваць як мага часцей, абавязкова - пасля наведвання грамадскіх месцаў, транспарту, да і пасля ежы. Як і дэзынфіцыраваць мабільныя тэлефоны, іншыя прадметы, да якіх людзі часта дакранаюцца на працягу дня. Для гаджэтаў падыдзе сурвэтка з мікрафібрай, намочаная вадой з мыйным сродкам, альбо спіртазмяшчальны дэзынфіцыруючы сродак.

Усё яшчэ актуальна і сацыяльнае дыстанцыраванне - на адлегласці мінімум 1,5 м адзін ад аднаго. «Гэта важна, незалежна ад таго, дзе мы знаходзімся: у магазінах, на рынках, на пляжах ці ў іншых месцах. У месцах з вялікай колькасцю людзей неабходна насіць сродак аховы - маску, якую трэба мяняць праз кожныя дзве гадзіны. За непатрэбнасцю яе трэба зняць і пакласці ў чысты пакет. Ні ў якім разе не трэба насіць яе на вуху або пад падбародкам, тым самым інфіцыруючы спачатку маску, а потым і сябе», - падкрэсліла Нэлі Гіндзюк.

Тым, хто знаходзіцца на самаізаляцыі, трэба строга прытрымлівацца ўсіх правіл яе выканання, каб не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі.

Пры з'яўленні прыкмет заражэння і захворвання трэба выклікаць урача дадому, пазбягаць кантактаў і выконваць усе рэкамендацыі медыкаў.

Таксама галоўны дзяржаўны санітарны ўрач нагадала аб рызыках заражэння кішэчнымі інфекцыямі, якія ў далейшым могуць прывесці да захворванняў эндакрыннай сістэмы і іншых, пры набыцці прадуктаў у неўстаноўленых месцах і іх спажыванні.

Прадпрыемствам і арганізацыям, асабліва тым, якія наведвае шмат людзей, важна забяспечыць усе магчымыя меры бяспекі і прафілактыкі. Рабочыя месцы павінны размяшчацца на адлегласці не меншай за 1,5 м, тая ж дыстанцыя рэкамендуецца наведвальнікам. Супрацоўнікі павінны быць забяспечаны сродкамі аховы. У выпадку пастаяннага кантакту з наведвальнікамі пажадана, каб рабочае месца было аддзелена ахоўным шклом. Абавязковае прыбіранне з прымяненнем дэзынфіцыруючых сродкаў (размова аб апрацоўцы не толькі падлогі, але і ўсіх паверхняў, да якіх часта дакранаюцца людзі), наяўнасць антысептыкаў у бачных месцах і іх пастаяннае папаўненне.

«Выкананне прафілактычных мерапрыемстваў дасць магчымасць нам папярэдзіць і прадухіліць распаўсюджванне рэспіраторных і іншых інфекцый. І тыя матэрыяльныя затраты, што патрэбны для гэтых мерапрыемстваў, намнога меншыя, чым шкода здароўю, якую могуць нанесці інфекцыі», — сказала на заканчэнне Нэлі Гіндзюк.