«Маладосць, натхненне, вера ў сябе і ў тое, што ўсё лепшае — наперадзе», — так аўтары анансуюць новы выпуск літаратурнага праекта, прысвечаны Алесю Дудару. Ініцыятыва «Непаслухмяныя дзеці кастрычніка» паўстала на пачатку гэтага года, аўтары абяцаюць агучваць творы рэпрэсаваных і расстраляных у 1930-я гады пісьменнікаў і паэтаў.
У першым выпуску «Непаслухмяныя дзеці кастрычніка» прадставілі «Мар’ю» Міхася Зарэцкага.
«Асэнсоўвайце той час, атрымлівайце асалоду ад літаратуры, дзяліцеся нашай спадчынай, што мае гучаць», — заклікаюць слухачоў стваральнікі новага літаратурнага падкаста.
У камандзе за голас адказвае Алесь, за працу з гукам і музыку — Ганя, за дызайн — Алена.
«Як мінімум, слухачоў падкаста чакаюць пяць твораў паэтаў і пісьменнікаў таго пакалення. Гэта тэма — страчанай нашай літаратуры, нашага мастацтва, увогуле наступстваў тых часоў — яна не перажытая, не выплаканая, не асэнсаваная добрай часткай беларусаў. І праз гэтыя творы можам таксама асэнсоўваць тое, што адбываецца зараз з беларусамі. Бо сёння, мне падаецца роўна тое ж з намі, што было тады, калі жылі гэтыя паэты і пісьменнікі. Гэта і наш унёсак у дарозе да нацыянальнага адраджэння, гэта і знаёмства з літаратурай — у школьных падручніках гэтыя творы не друкуюцца, іх не ведаюць школьнікі, гэта літаратура, лічы, пад негалоснай забаронай сёння», — так распавядала напярэдадні старту праекта адна з яго стваральніц Ганя.