Раскопкі на Верхнім замку Віцебска
Цяжкасці пры вывучэні парэшткаў матэрыяльнай культуры
З тымі парэшткамі маецца шмат складанасцей.
Па-першае, у зямлю трапляе толькі малая частка матэрыяльнай культуры — згубленыя ці выкінутыя рэчы ды розныя там падмуркі, парэшткі будоўляў.
Па-другое, не ўсе рэчы ў зямлі захоўваюцца працяглы час — шмат што гніе ці ржавее.
Па-трэцяе, не ўсе ацалелыя ў зямлі рэчы трапляюць у рукі да археолагаў. Культурны слой знішчаецца пазнейшай жыццядзейнасцю, асабліва ў гарадах і на палях, а ў апошнія дзесяцігоддзі расквітнела «чорнае» камерцыйнае капальніцтва.
Далей ужо пачынаюцца ўласна археалагічныя цяжкасці, якія яшчэ больш звужаюць зыходную базу даследавання. Бо навуковыя раскопкі ахопліваюць толькі нязначную частку ацалелых помнікаў, а з тых рэчаў, што трапілі да археолагаў, не заўсёды выцягваецца максімум інфармацыі з-за адсутнасці адпаведных тэхналогій альбо недастатковай кваліфікацыі даследчыка.
Таму культурны слой — кансервант арганікі значна ўзмацняе навуковы патэнцыял археалогіі праз істотнае павелічэнне колькасці артэфактаў, даступных для вывучэння.
Сярэднявечны абутак. Фота: mediabrest.by
Можна сабе ўявіць вартасць і каштоўнасць для беларускіх археолагаў захаваных вырабаў Х—ХVI стст. (месцамі і ХVIІ—ХVIІІ стст.) з дрэва ці косці, скуры, тканіны, а таксама амаль да бляску цэлых металёвых рэчаў.
Зялёная трава ХІІ стагоддзя і іншыя каштоўныя артэфакты
Адзін даследчык Старога замка ў Гародні распавядаў, як адкапаў у культурным слоі ХІІ ст. пасму травы, якая захавала не толькі колер, але нават пах! Адверг сумненні наконт магчымага сучаснага перакопу з травой ХХ ст., бо знаходка адбылася in situ, г. зн. у непарушаным культурным слоі. Доказ — над травой захаваўся цэлы, некрануты, не праламаны дваровы насціл з дошак.
Гародня ХІІІ ст. Малюнак Паўла Татарнікава
Асабліва каштоўныя для беларускай археалагічнай навукі артэфакты — ацалелыя вырабы з дрэва, якія займалі асаблівае месца ў працы і побыце нашых продкаў. Беларусь была і застаецца краінай лесу, у той час як у Заходняй Еўропе з-за яе перанаселенасці лясы масава павысякалі ўжо да ХІV ст.
У сярэднявечнай беларускай гаспадыні асартымент драўлянага посуду быў нават багацейшы за гліняны. У нас паўсюдна будавалася драўлянае жытло, больш зручнае і цяплейшае за цагляныя ці каменныя дамы, а на захадзе Еўропы ўжо ў развітым Сярэднявеччы будаўнічая драўніна была раскошай. Радзівілы ў ХVIІ ст. у Гародні паставілі сабе палац з дуба зусім не з беднасці, а якраз наадварот.
Якім чынам захаваліся артэфакты з арганічных матэрыялаў
Чаму менавіта на месцы сярэднявечнага горада засталося ў зямлі найбольш артэфактаў, створаных з матэрыялаў арганічнага паходжання?
Адказ просты — з-за цеснаты, бо галоўным клопатам сярэднявечных гараджан была бяспека. Кожны імкнуўся мець жытло на пасадзе, аточаным колцам абарончых валоў, сцен і вежаў. Ва ўмацаваных частках горада панавала неверагодная цесната і шчыльнасць забудовы. Тыповы дом простага месціча меў памеры ўсяго 3 на 4 м — 12 квадратных метраў!
Берасце. Жытло з ХІІІ ст.
Дзеля бяспекі ахвяравалі бытавымі выгодамі, напрыклад, маглі жыць літаральна ў балоце, як у Менску (Замчышча) ці Берасці. Бо там найбольш зручныя для абароны мысы пры ўпадзенні малой рэчкі ў вялікую былі нізіннымі і вільготнымі. Ад цеснаты культурны слой нарастаў настолькі хутка, што арганічныя рэчы ў ім не паспявалі згніць і на вякі кансерваваліся пад тоўстым слоем шчыльнай чорнай зямлі.
Зруб драўлянага дома спачатку збіраўся за горадам (з-за той жа гарадской цеснаты), потым кожны вянец нумараваўся засечкамі, зруб разбіралі на бярвёны, а потым складалі наноў ужо непасрэдна на месцы жытла. Усяго праз пару гадоў перад уваходам трэба было разграбаць зямлю, каб адчыняліся дзверы. Дом служыў каля двух-трох дзясяткаў гадоў, потым згараў або разбіраўся. За гэты час тры-чатыры (часам і больш) ніжнія вянцы ўжо былі пад зямлёй.
Неверагодныя адкрыцці чакалі археолагаў у Берасці — знайшлі адзін будынак, які заплыў культурным слоем ажно на 12 вянцоў! Нават спецыялісты не хацелі даваць веры, што такое магчыма, але пераканаўчым доказам сталі якраз засечкі ад нізу да верху на кожным вянцы — усяго 12!
Музеефікаваны раскоп у Берасці. Фота: mediabrest.by
Сёння самая вялікая цікавостка на тэрыторыі Берасцейскай крэпасці — Археалагічны музей «Бярэсце» ў выглядзе павільёна над раскапаным драўляным горадам ХІІІ ст.
Археалагічны музей «Бярэсце». Фота: bangkokbook.ru
Праўда, хутка выявілася адна праблема — захаванне адкапанай сярэднявечнай драўніны, бо на свежым паветры працэс гніення неверагодна паскараецца, нібыта наганяе ўпушчаныя стагоддзі. Пачаліся ліхаманкавыя пошукі спосабаў і сродкаў кансервацыі адкапаных драўляных будынкаў і рэчаў, але гэта ўжо іншая — найноўшая — гісторыя.
Канстанцін Семяновіч, budzma.org
Глядзіце яшчэ:
Як фарміраваўся сярэднявечны горад на беларускіх землях.