Пачатак чэшскай прысутнасці на землях Літвы-Беларусі адносіцца да Сярэднявечча, аднак аж да XIX ст. колькасць чэхаў (і славакаў), менавіта як сталых пасяленцаў, тут была нязначнай. У часы Расійскай імперыі царская практыка па запрашэнні замежных каланістаў і наданні ім шэрагу льгот адчыніла беларускія межы і для чэхаў са славакамі. Бурлівы пачатак ХХ ст. адбіўся на лёсе як беларусаў, так і чэхаў: адныя з каланістаў ператвараліся ў палонных або выгнанцаў, другія — у змушаных эмігрантаў або ўцекачоў. Але давайце пагаворым пра ўсё тое па парадку.
Як развіваліся гістарычныя адносіны паміж Чэхіяй і ВКЛ, хто быў першым вядомым айчынным студэнтам у Празе, калі і па якой прычыне адбылася буйная хваля чэшскай эміграцыі ў Беларусь, што вядома пра першых беларускіх палітэмігрантаў у Чэхію, піша Змітро Пілецкі.
Брачыслаў ці Бржэціслаў? Да пытання першых кантактаў
На сённяшні дзень мы не так шмат ведаем пра стасункі эпохі еўрапейскага Высокага Сярэднявечча (прыблізна ХІ-ХІV стст.), а менавіта — пра маштабы сувязей, якія існавалі (ці маглі існаваць) паміж нашымі землямі і заходнімі славянамі ў тую эпоху. Звязана гэта найперш са станам першакрыніц: іх кола даўно вядома і практычна не пашыраецца, а археалагічныя знаходкі назапашваюцца марудна, і без падтрымкі наратывамі не заўсёды ясна асэнсоўваюцца.
Першым чэшскім гаспадаром, які звярнуў свой погляд на нашыя землі, быў Пржэмысл Отакар II (ён заключыў дамову з Тэўтонскім Ордэнам 19 верасня 1267 г., па якой прызнаваў за крыжакамі раней занятыя імі прускія тэрыторыі, а тыя абяцалі дапамагаць каралю авалодаць Галіндыяй, Яцвягіяй і Літвой). Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ў Пржэмысла былі больш маштабныя планы: стварыць у Літве дзяржаўнасць на свой лад, а таксама пераўтварыць мараўскае Оламоўцкае біскупства ў арцыбіскупства з распаўсюдам ягонай юрысдыкцыі на Галіндаў, Яцвягаў і Літву.
«Тронная» і «конная» пячаткі Пржэмысла ІІ Отакара, каля 1270 г. Аматары айчыннай сфрагістыкі і геральдыкі абавязкова заўважаць, што пячатка злева падобная на безлегендную пячатку, якую традыцыйна прыпісваюць Міндоўгу, а правая, з вершнікам — кампазіцыйна блізкая да пазнейшых вялікакняскіх пячатак з Пагоняй (крыніца: Wikimedia; public domain)
Аднак ёсць меркаванні, што ў яшчэ больш раннія часы, і Дрыгавіцкая зямля, і Полацкая княская дынастыя былі нейкімі, больш шчыльнымі, сувязямі злучаны з заходнеславянскімі княствамі, і ў прыватнасці — з Чэхіяй. Так, напрыклад, на курганным могільніку каля вёскі Азярцо пад Мінскам былі выяўлены заходнеславянскія рэчы, якія датуюцца сярэдзінай X — першай паловай XI ст. Праўда, такія знаходкі прызнаюцца вельмі рэдкімі — яны, як правіла, адзінкавыя. Але ёсць і іншыя прыклады. У грашова-рэчавым скарбе сярэдзіны XI ст., які быў знойдзены каля вёскі Дзягцяны Капыльскага раёна Мінскай вобласці, каля 40% ад знойдзеных манет складаюць чэшскія і мараўскія дынарыі, а сярод іх абсалютная большасць (115 са 123 адзінак) — гэта грошы князя Бржэціслава I.
Дзягцянскі грашова-рэчавы скарб сярэдзіны ХІ ст. (з выставы ў Нацыянальным гістарычным музеі) і тыповая манета Бржэціслава І (1005−1055). Здымак аўтара
Недзе ў чэшскіх і, магчыма, суседніх польскіх землях былі выраблены і ўпрыгожанні, якія складалі рэчавую частку дзягцянскага скарбу.
Вельмі рэдкае імя для ўсходнеславянскага княскага імёнаслова Брачыслаў упершыню атрымаў сын полацкага князя Ізяслава Уладзіміравіча; затое для чэшскай і мараўскай знаці XI-XIV стст. такое імя даволі тыповае.
Сярэбраныя дынарыі князя Бржэціслава І (1005−1055) (уверсе) і ягонага сына, Бржэціслава ІІ (1060−1100) (унізе). Выправы чэшскага Бржэціслава і полацкага Усяслава Брачыславіча супраць асноўных сваіх апанентаў, польскага Гнезна і Ноўгарада Вялікага адпаведна, выглядаюць неверагодна падобнымі. Супадаюць нават дэталі — напрыклад, вываз званоў, знятых з кафедральных сабораў і там і там. Падобнымі былі і мадэлі паводзінаў абодвух уладароў (крыніца: Wikimedia; public domain)
Крыніцы, храналагічна блізкія да жыцця князя Бржэціслава, перадаюць яго імя вельмі падобна на імя полацкага князя: на манетах яно чытаецца як Bracizlavs ці Bracislav, і як Bracizlaus запісана ў лацінскім тэксце «Хронікі чэхаў» Казьмы Пражскага.
Калі кіеўскія князі імкнуліся ладзіць шлюбы, так бы мовіць, на міжнародным узроўні — з найбольш уплывовымі дынастыямі Еўропы (так, адзін з сыноў князя Уладзіміра, Вышаслаў, па адной з версій, быў сынам «чэхіні»), то што замінала так рабіць Рагвалодавічам, якія імкнуліся ўвесь час адасобіцца да Рурыкавічаў?
Бітва на рацэ Судоме паміж Брачыславам і дружынай Яраслава Уладзіміравіча, мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу (XV ст.) (крыніца: Wikimedia; public domain)
Паколькі звесткі пра шлюбныя стасункі (а іх было звычайна некалькі за жыццё манарха) полацкіх князёй фрагментарныя, можна толькі гіпатэтычна меркаваць, што сярод іх жонак і матак магла апынуцца і свая «чэхіня». Чэшскі князь Святы Вацлаў, патрон Чэхіі, ушанаваны як каталікамі, так і праваслаўнымі, зваўся ў нашых землях Вячаславам. Імя Вячкі, брата Еўфрасінні Полацкай, скарочанае ад «Вячаслаў», магло ўзыходзіць да культу гэтага святога — на гэта ўскосна паказваюць стылі і вобразы фрэсак у Полацкай Сафіі. З ХІІІ ст. упаміны полацкай дынастыі робяцца яшчэ больш рэдкімі і фрагментарнымі, а тым часам на міжнародную арэну выходзіць новая ўплывовая дзяржава ў рэгіёне — Вялікае Княства Літоўскае.
Ад Гедзімінавічаў да «дынастычнай імперыі» Ягелончыкаў
Гістарычныя адносіны паміж Чэхіяй і новай уплывовай дзяржавай у рэгіёне пачалі развівацца ўжо з другой паловы XIII ст. Першымі пасярэднікамі паміж літвінскімі і чэшскімі землямі сталі гандляры і місіянеры. Пасля Пржэмысла Отакара самым актыўным з чэшскіх манархаў па наладжванні кантактаў з ВКЛ быў Ян Люксембургскі. Напрыклад, у 1327 г., у час, калі лівонскія рыцары ўзялі Рыгу ў аблогу, на Жамойць напала 18 тысяч чэшскіх, нямецкіх, англійскіх вояў арміі Яна Люксембургскага. Гедзімін, хаця і не выступіў супраць яго, вымушаны быў трымаць сваё войска ў Аўкштайціі і адмовіцца ад дапамогі Рызе.
Расколераваная прамалёўка коннай пячаткі Яна, графа Люксембургскага і караля Багеміі, з гербамі падуладных краінаў (крыніца: alamy.com; public domain)
Чэшскі храніст Бенеш з Вейтміле распавядаў сваю версію смерці Гедзіміна: «У той самы год літоўскі князь, жадаючы прыняць хрысціянскую веру, запрасіў да сябе 10 святароў і мноства хрысціян (з Багеміі). Свае ж, параіўшыся, князя атруцілі».
У час зацятага супрацьстаяння Літвы і Тэўтонскага ордэна ў 1365 годзе Бутаўт, сын князя Кейстута, названы ў крыніцах князём драгічынскім, перабег да крыжакоў і першым з дынастыіі Гедзімінавічаў прыняў каталіцкі хрост пад імем «Генрых» у 1365 г. у Кёнігсбергу. Крыжакі разлічвалі выкарыстаць Бутаўта, каб захапіць Вільню. І сапраўды, Генрых-Бутаўт правёў крыжацкае войска пад віленскія муры, аднак выправа скончылася паразай.
Пячаткі Кейстута, бацькі Бутаўта-Генрыха — (а) пры дакуменце за 1353 г. і (б) як князя Трокаў, у 1379 г. (крыніца: Wikimedia; public domain)
Перабежчык затым знайшоў сабе месца пры двары імператара Святой Рымскай імперыі, якім быў у той час чэшскі кароль з дынастыі Люксембургаў Карл IV. Да смерці імператара ў 1377 г. узгадваецца Генрык-Бутаўт сярод світы манарха ў Празе, у Італіі і Германіі, як «герцаг літоўскі» (dux Lithwanie), або «кароль літвінаў» (rex Litwinorum).
Карл IV у вобразе караля-рыцара, на шчыце якога багемскі леў. Мініяцюра з Гейнхаўзенскага кодэксу (канца XIVст.) (крыніца: Wikimedia; public domain)
Больш цесныя адносіны завязаліся падчас кіравання Ягелончыкаў, дынастыя якіх правіла ў Вялікім Княстве Літоўскім, Польшчы, Чэхіі і Венгрыі. Пікам актыўнасці гэтых адносін стала адкрыццё ў 1397 г. калегіі для літвінскіх студэнтаў у пражскім Карлавым універсітэце (падрабязней крыху ніжэй). На мяжы XIV і XV стст. пры двары Ягайлы знаходзілася даволі шмат чэхаў. Частыя кантакты з Прагай ішлі праз часовае закрыццё Кракаўскага ўніверсітэта ў 1370 г.
У бітве пад Грунвальдам 1410 г. ордэнскіх крыжакоў і саюзных ім еўрапейскіх феадалаў супраць хаўруса ВКЛ і Польшчы вызначыўся і атрад чэшскага рыцара Гневаша (Gniewosz) з Далеміц. Гневаш Старэйшы, бацька рыцара, зрабіў кар’еру пры польскім каралі Уладзіславе Апольчыку, а потым пры двары Ягайлы. Падчас падрыхтоўкі да паходу польскіх войскаў на Тэўтонскую дзяржаву Гневаш-малодшы вяртаўся ў Сілезію і Чэхію, а ў Грунвальдскай бітве камандаваў наёмнай харугвай чэхаў, маравянаў і сілезцаў. Знакам харугвы быў герб роду Гневашаў — Стшэгомя (Касьцеша). Гневаш удзельнічаў і ў іншых бітвах і за гераічную адвагу быў адзначаны польскім храністам Янам Длугашам. З 1420-х гг. Гневаш фігуруе ў дакументах толькі ў сувязі з гаспадарчымі аперацыямі і сямейнымі нягодамі.
(а) Польска-чэшска-мараўскія рыцары з харугвы Гневаша (у сучасным уяўленні), якія стаяць побач з літвінскімі харугвамі падчас Грунвальдскай бітвы; (б) імаверны выгляд прапара найміцкай харугвы пад Грунвальдам (па апісанні храніста Яна Длугаша) і (в) родавы герб «Стржэгомя» Гневашаў (крыніца: prussia. online)
Пад аховай св. Вацлава: літвінскія студэнты Карлава ўніверсітэта
Аматарам роднай гісторыяй, а тым больш тым, хто пабываў турыстамі ў Чэхіі, пры ўпамінанні Прагі адразу ўзгадваецца славутае імя Францішка Скарыны. Аднак задоўга да нашага першадрукара (які, дарэчы, вучыўся ў Кракаве і Падуі) літвінскія шкаляры выпраўляліся на вучобу ў славуты Карлаў універсітэт, а некаторыя з іх нават займалі там адміністрацыйныя і выкладчыцкія пасады.
Прамалёўка старажытнай пячаткі Карлава ўніверсітэта. На матрыцы адлюстраваны ўкленчаны перад святым Вацлавам кароль чэшскі і рымскі, які абедзвюма рукамі працягвае складзеную ўстаноўчую грамату з віслай пячаткай (крыніца: Wikimedia; public domain)
Пасля 1377 г. хронікі паведамляюць пра сына Генрыка-Бутаўта (гл. вышэй), Войдата, які збег у 1381 г. «ад літвінаў і русінаў» у прускі горад Рызенбург, адкуль скіраваўся ў Прагу на двор караля і імператара Вацлава IV, сына Карла IV. Магчыма, што Войдат, прыняўшы імя Ян, стаў у 1401 г. рэктарам адноўленага Ягайлам Кракаўскага ўніверсітэта. Вядома, што Ян «вывучаў тэалогію ва ўніверсітэце», а на той час гэта мог быць толькі ўніверсітэт у Празе. Такім чынам, фігуральна Ян-Войдат можа лічыцца першым вядомым айчынным студэнтам у Празе.
А вось некалькіх цікавых прыкладаў пра першых літвінаў у Пражскім універсітэце.
Навучанне ва ўніверсітэце. З мініяцюры да рукапіса 1350 г. (крыніца: Wikimedia; public domain)
Крыштаф з Літвы — адзін з літоўскіх студэнтаў, пазначаных у кнізе дэкана факультэта свабодных мастацтваў у Празе. Атрымаў ступень бакалаўра ў 1401 г. Мацей з Вільні (Mathias de Wylna), стаў бакалаўрам у 1404 г., а ў 1408 г. скончыў магістратуру вольных мастацтваў. Грыгоры з Літвы (Gregorius de Litwania) належаў да студэнтаў, залічаных у Лейпцыгскі ўніверсітэт у зімовым семестры 1409 г. і не заплаціўшых унёсак; верагодна, да таго ён навучаўся ў Празе. Ян з Добрыні (Joan de Dobrun), які ў 1389 г. паступіў на юрыдычны факультэт, тэарэтычна мог паходзіць з Добрыня на Падляшшы, якое на той час належала ВКЛ.
Навучальная класа ў Багеміі. Мініяцюра з чэшскага рукапісу канца XIV ст. (крыніца: Wikimedia; public domain)
За першых 30 гадоў дзеяння ўніверсітэта ў ім навучалася 37 студэнтаў з ВКЛ, што, праўда, складала менш за 1% ад агульнай колькасці студэнтаў на той перыяд. У наступныя стагоддзі літвінскіх шкаляроў не надта пабольшала, бо, па-першае, аднавіў сваю дзейнасць Кракаўскі ўніверсітэт, па-другое, больш заможных шкаляроў прывабліваў Лейпцыгскі ўніверсітэт, ну і па-трэцяе — неўзабаве пачаў дзейнічаць і свой, Віленскі ўніверсітэт.
Багемізмы: моўныя кантакты
У XVI ст. на нашыя землі прыбывалі рамеснікі, вайскоўцы-найміты, асобы духоўнага звання (у прыватнасці, «чэшскія („мараўскія“) браты»), а таксама «олеяры» («алеяры») — славацкія вандроўныя гандляры алеем і лекамі. Пачынаецца працэс пранікнення чэшскіх запазычанняў («багемізмаў») у старабеларускую мову і засваення іх старабеларускай пісьменнасцю. Шлях запазычанняў мог быць і непрамым — праз польскую мову і літаратурныя крыніцы: напрыклад, «гарцаваць» (уступаць у двубой перад шыхтам войскаў), «гасла» (пароль), «табар» (абоз, табар) і г. д. Але больш цікавым ёсць кірунак непасрэднага запазычання са старачэшскіх крыніц і жывой гаворкі. Вядома, што некаторыя старабеларускія помнікі, сярод якіх біблейскія пераклады Францішка Скарыны, «Сказанне пра Сівілу-прарочыцу», «Песня песняў» з рукапісу 588 Сінадальнага зборніка, «Аповесць пра Таўдала-рыцара», «Кніга Тавіта», узыходзяць да чэшскіх рэдакцый.
Злаве — аркуш «Казання аб Сівілы-прарочніцы» і справа — аркуш старабеларускай версіі папулярнай па ўсёй тагачаснай Еўропе «Аповесці аб Трышчане» — перакладныя рукапісы XVI ст. (крыніца: Wikiwand; public domain)
Багемізмы ў гэтых літаратурных помніках з’яўляюцца прамымі запазычаннямі чэшскага паходжання (напрыклад: «вражделникъ», «горкость», «мръха», «ѡскварокъ», «повлаць», «прелишь», «штиръ»), хаця далёка не ўсе яны засталіся ў сучаснай мове — прыблізна палова з вызначаных даследчыкамі двух сотняў «багемізмаў» і «славакізмаў».
Некаторыя прававыя помнікі ВКЛ, а менавіта Вісліцкі статут 1438−1439 гг., Статуты 1529, 1566, 1588 гг., Метрыка ВКЛ ствараліся з выкарыстаннем чэшскай юрыдычнай тэрміналогіі, чэшскіх прававых норм і тэкстаў.
У цэнтры гусіцкіх жарсцяў
Удалы хаўрус Вітаўта і Ягайлы прынёс перамогу пад Грунвальдам, а з ёю — міжнароднае прызнане і павагу. У 1412−1413 гг. гарады Вільня, Віцебск і, верагодна, Полацк, наведаў бліжэйшы паплечнік Яна Гуса (рэктара Пражскага ўніверсітэта і кіроўцы чэшскага вызвольнага і рэфармацыйнага руху), — гусіцкі прапаведнік Геранім Пражскі. У сваіх прамовах магістар Геранім выкрываў злоўжыванні каталіцкага духавенства, выступаў супраць нямецкага панавання ў Чэхіі.
«Спаленне Гераніма Пражскага», мініяцюра з «Хронікі Канстанцкага сабора» (выданне 1536 г.). Геранім Пражскі нарадзіўся і вучыўся ў Празе, з 1396 г. працягваў вучобу ў Оксфардзе, адкуль прывез на радзіму першыя багаслоўскія сачыненні Уікліфа. Пазней працаваў у Гайдэльбергу, Кёльне і Парыжы. У 1413 г. наведаў для распаўсюджання гусіцкага вучэння землі ВКЛ (крыніца: Wikimedia; public domain)
Кракаўскі біскуп з хваляваннем адзначаў, што Геранім Пражскі выклікаў «невядомае раней у гэтым краі хваляванне ў святарстве і народзе».
Падчас гусіцкіх войнаў вялікі князь Вітаўт атрымаў у 1419 г. ад чэхаў прапанову стаць іх каралём. Каб пазбегнуць жорсткага канфлікту з каталіцкім светам (бо на чэшскі сталец прэтэндаваў і імператар Святой Рымскай імперыі Сігізмунд І), вялікі князь паслаў замест сябе пляменніка Жыгімонта Карыбутавіча з пяццю тысячамі літвінаў. Жыгімонт, які ў Грунвальдскай бітве камандаваў асабістай харугвай, паказаў сябе і тут, узяўшы штурмам замак Нэстаў у Маравіі, адкуль паслаў грамату па краіне, абвясціўшы, што прыйшоў кіраваць краінай і бараніць яе ад ворагаў.
Злева — Жыгімонт Карыбутавіч з Пагоняй на штандарце ўваходзіць у Прагу (Хроніка Дзібольда Ляўбера з Хагенаўу, Нацыянальная бібліятэка Аўстрыі ў Вене). Справа — Жыгімунт Карыбутавіч побач з целаахоўнікам прадстаўнікоў рымскай папскай курыі (па сучаснай рэканструкцыі). На ўклейцы — пячатка Жыгімонта з Пагоняй, 1432 г. (крыніца: Wikimedia; public domain)
У маі 1422 г. Жыгімонт увайшоў у Прагу. Чэшскі сойм абвясціў яго каралеўскім месцатрымальнікам (чэш. zemský správce, нем. Statthalter). Новы гаспадар прысягнуў кіраваць згодна з хрысціянскім правам і Божымі запаветамі. У 1424 г. Жыгімонт прыняў прычасце паводле гусіцкага абраду. Больш за дзесяць гадоў літвіны поплеч з чэхамі разбівалі антыгусіцкія крыжовыя наезды, біліся поруч з войскам Яна Жыжкі. Ідэі гусізму ў ВКЛ настолькі пашырыліся, што дзеля барацьбы з імі ў 1436 г. была ўведзеная інквізіцыя, аднак яе дзейнасць у верацярпімай дзяржаве трывала толькі 43 гады.
Вялікі князь Свідрыгайла, у часе барацьбы за вялікакняскі сталец, у пошуках ваеннай падтрымкі вёў перапіску з гусіцкімі лідарамі. Захаваліся два лісты, напісаныя ад імя вялікага князя ў Навагрудку ў 1431 г. і адрасаваныя князю Жыгімонту Карыбутавічу і вышэйшым чэшскім чынам. У сваю чаргу, з Чэхіі Свідрыгайлу быў накіраваны ліст ад гусіцкіх гетманаў Бочка і Вілема Пукліцаў, які датуецца 1436 г. Згаданыя лісты былі напісаны па-чэшску.
Пячаткі Уладзіслава (1471−1516) і ягонага сына Людовіка (1516−1526), каралёў чэшскіх і вугорскіх (крыніца: Wikimedia; public domain)
З сярэдзіны XV ст. дынастыя Ягелонаў, якая ў той час правіла ў Польскім каралеўстве і Вялікім Княстве Літоўскім, прыходзіць таксама на чэшскі і венгерскі трон. Уладзіслаў быў першым з Ягелончыкаў, хто заняў чэшскі трон (1471−1516). Яго знаходжанне ва ўладзе, а пасля і яго сына Людовіка, прыводзіла да частых спрэчак з Польскім каралеўствам і ВКЛ.
У ценю гісторыі (XVII-XVIII стст.)
З канца XVI ст. і да пачатку XІX ст. кантакты паміж чэшскай краінай і Літвой-Беларуссю былі мінімальнымі. На гэта паўплывала іх унутрыпалітычнае развіццё: у Чэхіі — дынастычныя перамены і каталіцкая рэакцыя, а таксама ўдзел у буйных еўрапейскіх войнах як, напрыклад, Трыццацігадовая вайна; а ў ВКЛ — ваенныя канфлікты з усходнім суседам, спад пратэстантызму, які пашыралі Радзівілы, каб збіць каталіцкі ўплыў у княстве, і фактычная перамога Контррэфармацыі. За гэты перыяд можна адзначыць усяго некалькі падзей.
У XVII-XVIII стст. на землях ВКЛ мела хаджэнне білонавая (сплаў срэбра і медзі) манета наміналам у паўтара гроша, якая спачатку называлася «паўтарак», а потым, калі атрымала распаўсюджанне ў Маскоўскай дзяржаве — «чэх» у нямецкамоўных краінах гэтая манета звычайна называлася «драйпёлькер». У ВКЛ паўтаракі біліся ў кароткі прамежак часу на віленскай мынцы: пры Жыгімонце Вазе (1619, 1620, 1622) і Яне Казіміры (1650, 1652).
Мал. 15а. Тыповы «чэх»: на аверсе — гішпанскі гэральдычны шчыт з двума Арламі і Пагонямі па дыяганалі; у цэнтры герба малы шчыт са Снапом — гербам Вазаў. Над шчытом Карона, пад шчытом лічба 3 — тры паўгрошы. На рэверсе — лічба 24 азначае вартасць — 1/24 талера (крыніца: Wikimedia; public domain)
Супрацоўніцтва з польскімі і літвінскімі пратэстантамі спрабаваў наладзіць Ян Амос Каменскі (1592−1670) — чэшскі гуманіст, педагог, грамадскі дзеяч. Яго намаганні дасягнулі поспеху, князь Станіслаў Альбрэхт Радзівіл прапанаваў яму рэфармаваць адукацыю ў ВКЛ, але Каменскі замест сябе адправіў прапаведніка Адама Гартмана. Ян Амос называў сваім вучнем Уладзіслава Дарагастайскага (1611−1638), крайчага ВКЛ, які пражыў нядоўгае жыццё, але пакінуў пасля сябе славу апекуна навук, заступніка пратэстантаў і праваслаўных вернікаў. Каменскі прысвяціў Дарагастайскаму твор «Брама да моваў», выдадзены ў Гданьску ў 1634 г.
З 1656 г. Каменскі жыў як выгнаннік, хаваўся ў Галандыі. У Амстэрдаме выдадзены збор яго педагагічных прац («Матчына школа», «Вялікая дыдактыка», «Пансафічная школа», «Свет, які бачым у малюнках» і інш.). Грунтам педагагічнай сістэмы Каменскага была ідэя «пансофіі» — усеагульнага і ўсеабдымнага навучання і выхавання дзяцей любых саслоўяў, нацыянальнасцей, рас. Ён падкрэсліваў, што выкладаць трэба на роднай мове, спалучаць навучанне з карыснай працоўнай дзейнасцю (крыніца: Wikimedia; public domain)
Ураджэнец Прагі, чэшскі езуіт Бернгард Леапольд Францыск Танер у 1678 г. адправіўся ў Маскву разам з пасольствам Рэчы Паспалітай, у якое ўваходзілі князі Чартарыйскі і Сапега. Пасля паездкі, у 1689 г., Танер выдаў на лацінскай мове кнігу «Апісанне падарожжа польскага пасольства ў Маскву», дзе дастаткова падрабязна расказвае і пра гарады і мясціны ВКЛ.
Малюнак да запісак Танера — «Пасольства Рэчы Паспалітай уязджае ў Маскву» (1678)
Вось як Танер апісвае, да прыкладу, тагачасны Мінск:
«Праехаўшы 3 мілі, мы праз Лошніцу (Lossica) дасягнулі нарэшце Мінска. Гэта горад вялікі, які шырока раскінуўся па ўзгорках і далінах. Ён пацярпеў ад маскавітаў, якія амаль яго зруйнавалі; але з цягам часу стаў ён прымаць лепшы выгляд: манастыры дамініканаў і францысканцаў, калегія айцоў братэрства Ісусава, заснаванне якіх ужо распачатае, зноў нададуць гораду немалую прыгажосць. Ды й не благія і досыць шматлікія цэрквы схізматыкаў (непрыяцелем-схізматыкам скарб іх застаўся не кранутым) і зараз робяць горад прыгожым.
Пасля схізматыкаў — усяго больш тут жыдоў з іх сінагогамі. Уносячы заўсёды акуратна магнатам велізарныя падаткі і будучы праз гэта ім вельмі карысныя, яны валодаюць і немалою воляй. Галоўнае ўпрыгожанне плошчы — ратуша, якая стаіць у сярэдзіне, акружаная мноствам крам. Лад жыцця і адзенне, асабліва жаночы ўбор, храмы, параўнальна з іншымі больш прывабныя, упрыгожаныя пры ўваходзе карцінамі, паказваюць на заможнасць гараджан. Панам сваім горад прызнае Яна Казіміра Сапегу, ваяводу полацкага, прызначанага ў той час паслом ад вялікага княства літоўскага. У яго жыллё; пабудаванае на гары і забяспечанае ўсім неабходным, за яго адсутнасцю нас не пусцілі; мы спыніліся ў горадзе, жыхары якога прынялі нас ветліва, шчыра частавалі мёдам, півам і іншымі прынашэннямі».
Вымушаныя каланісты (доўгае ХІХ стагоддзе)
У пачатку 1860-х гг. (а па некаторых дадзеных, ужо ў 1850-х) адзначаецца буйная хваля чэшскай эміграцыі ў Беларусь. Перасяленне было следствам абеззямельвання чэшскага сялянства, прамысловага крызісу і, па выніку, беспрацоўя і голаду ў Чэхіі. Ва ўмовах дэфіцыту мясцовай працоўнай сілы, пасля адмены прыгоннага права ў 1861 г., памешчыкі Расійскай імперыі пачалі запрашаць чэшскіх сельскагаспадарчых рабочых сяліцца і працаваць па кантрактах у сваіх маёнтках. Чэхі-каланісты перасяліліся пераважна ў Мінскую губерню (у Рэчыцкі і Мазырскі паветы). Усяго ў маёнткі Мінскай губерні прыбыло 818 чэхаў-каланістаў. Умовы кантрактаў працадаўцамі выконваліся не поўнасцю, таму частка пасяленцаў вярнулася на Радзіму, але ў той жа час большасць каланістаў палічыла за лепшае застацца.
Галоўчыцы, сядзіба Горватаў, сённяшні стан (крыніца: orda.of.by)
Найбуйнейшыя чэшскія паселішчы ў Беларусі ў канцы ХІХ ст. месціліся на землях Горватаў — у маёнтках Галоўчыцы (Галоўчыцкія Чэхі) і Барбароў (Барбароўскія Чэхі) Рэчыцкага павета. Тут чэхі атрымалі найвыгаднейшыя ўмовы пражывання і працы. Найбольш распаўсюджанымі прозвішчамі ў гэтых чэшскіх калоніях былі: Протывенскі, Ціхі, Старак, Важанілёк, Ружычка, Доуброва.
Чэшская міграцыя на тэрыторыю сучаснай Беларусі ішла на працягу другой паловы XIX — пачатку XX ст. Чэхі захавалі родную чэшскую мову, культуру і традыцыі, хаця ўмовы іх пражывання пачалі пагаршацца: у 1888 г. скасаваныя чэшскія парафіі, а ў 1891 г. — мясцовы самаўрад.
Частка чэхаў, падобна немцам Беларусі, перасяліліся з Валыні ў 1900-я — 1910-я гг. — асноўным месцам іх пражывання стала вёска Санюкі і наваколле (урочышча Ляхаўшчына і інш.) у сучасным Ельскім раёне (былым Каралінскім) той жа вобласці.
Сучасная вёска Санюкі некалі прываблівала чэшскіх каланістаў (крыніца: gp. by)
Яшчэ адну спецыфічную групу склалі каланісты канца ХІХ ст. з Аўстрыйскай Сілезіі, сярод якіх былі і палякі, і чэхі, і «слензакі"-сілезцы, што пазначалі сваю моўна-культурную адметнасць. Месцам іх пражывання сталі невялічкія хутарскія гаспадаркі ў сённяшнім Петрыкаўскім р-не (Слензакі Дарашэвіцкія, Слензакі Макарэвіцкія) і на Мазыршчыне (Чэхі Асавецкія, Чэхі Каралінскія). Пасяленцы хутка пазнаёмілі тубыльцаў з новымі метадамі апрацоўкі зямлі і збору ўраджаю, а ўжо ў другім пакаленні сталі двухмоўнымі, пераняўшы і беларускую.
Рэформы 1860-х гг. у Расійскай імперыі прыцягнулі і высокакваліфікаваных прамысловых рабочых з Багеміі — спецыялістаў у галіне вытворчасці шкла. Чэхі ўнеслі значны ўклад у развіццё шкляной прамысловасці Беларусі. Заснавальнікам гуты «Нёман» у канцы XIX ст. стаў чэх Юліюс Столе. Да пачатку Першай сусветнай вайны яму таксама належалі гуты ў Ганцавічах і Барысаве.
Юліюс Столе нарадзіўся ў 1855 г. ў Паўночнай Чэхіі. У 1875 г. эміграваў у Польшчу. У 1879 г. пераехаў у Дзяцькава Бранскай губерні на крыштальны завод, заснаваны сям’ёй Мальцавых. У 1891 г. Столе разам з галоўным інжынерам завода, Вільгельмам Краеўскім, пераехалі ў Лідскі павет і арандавалі завод
Развіццё чэшскай абшчыны сур’ёзна пацярпела ад ліквідацыйнага заканадаўства супраць падданых антырасійскіх дзяржаў падчас Першай сусветнай вайны: шэраг указаў 1915 г. забараняў землеўладанне і землекарыстанне гэтай катэгорыі насельніцтва, хаця большасць чэхаў Беларусі на пачатак вайны складалі чэхі-каланісты «першай хвалі» і іх нашчадкі.
У віры новай дзяржаўнасці
З пачаткам «Вялікай вайны» пачалі дзейнічаць разрозненыя чэшска-славацкія культурна-асветніцкія дабрачынныя арганізацыі, гурткі, камітэты, набыўшы затым палітычную афарбоўку. Як былыя падданыя Аўстра-Венгрыі, чэхі ў час вайны былі прымусова эвакуяваны ўглыб Расійскай імперыі і пэўны час жылі ў былой Арлоўскай губерні.
На тэрыторыі сённяшняй Беларусі змагаліся жаўнеры чэшскага і мараўскага паходжання. У 1917 г. запасны батальён Чэхаславацкага корпуса нядоўга кватараваў у Бабруйску.
Баракі чэшскага батальёну ў Бабруйску, 1917 г. Чэхаславацкі запасны батальён быў створаны 30 лістапада 1916 г. у складзе Чэхаславацкай стралковай брыгады. Камандаваў падраздзяленнем падпалкоўнік Дзмітрый Нікіціч Макараў. Зменны батальён знаходзіўся ў Бабруйску з сакавіка па верасень 1917 г. У ліпені 1917 г. часць наведаў будучы прэзідэнт Чэхаславакіі Томаш Масарык. Ад гэтага перыяду захавалася некалькі фотаздымкаў. У верасні 1917 г. батальён перадыслакаваўся у Жытомір ва Украіне (крыніца: www.mzv.cz)
Шмат чэшскіх палонных з аўстра-вугорскай арміі засталіся на землях Гомельскага Палесся ў 1917−1918 гг. Зафіксаваны чэхі і пасля савецка-польскай вайны (1922). Па землеўпарадкавальнай рэформе беззямельных і батракоў надзялялі надзеламі ў асобных «чырвоных пасёлках», што вяло да далейшай асіміляцыі чэшскіх пасяленцаў. Паводле перапісу 1926 г., з 650 чэхаў і славакаў БССР у Мазырскай акрузе жыло 486 чал. (з іх 288 чал. роднай мовай лічылі чэшскую). Падчас калектывізацыі чэшскія сем'і падпалі пад палітычныя рэпрэсіі. Праз нешматлікасць чэхаў Беларусі і іхнюю асіміляванасць доўгі час ніякага нацыянальна-культурнага будаўніцтва не вялося. Толькі ў 1933−1934 гг., калі найбольш спрыяльны час для нацыянальных меншасцей БССР мінуў, у пасёлку Чэхі была арганізавана пачатковая чэшская школа.
Перадавіца БССР, «Звязда», бадзёра рапартуе аб арганізацыі нацыянальных школ, у т. л. і чэшскай (№ 198 ад 1 верасня 1935 г.)
Падчас Другой сусветнай вайны чэшскіх салдат на Беларусі не было (за выключэннем нешматлікіх партызан чэшскай нацыянальнасці). Трагічным момантам у гісторыі абедзвюх краін стала знішчэнне як мінімум 5000 чэшскіх габрэяў у Баранавічах і канцлагеры Малы Трасцянец у перыяд з ліпеня па верасень 1942 г.
З лютага 1948 года і да распаду Савецкага Саюза пытанні аб узаемным супрацоўніцтве вырашаліся на аснове двухбаковых адносін паміж Чэхаславакіяй і СССР, а таксама на ўзроўні ЧСР і БССР як часткі Савецкага Саюза. Да 1950-х — 1960-х гг. чэшскую мову яшчэ было чуваць у пасяленнях з чэшскім складнікам — напрыклад, пры адпяванні нябожчыкаў.
Ад «Пражскай вясны» да незалежнасці
Курс на дэмакратызацыю і рэформы, прыняты ў Чэхаславакіі пасля абрання ў 1968 г. першым сакратаром ЦК КПЧ А. Дубчака, быў негатыўна прыняты ў Маскве, дзе з восені 1966 г. ішоў працэс рэсталінізацыі. Кіраўніцтва СССР прыклала ўсе намаганні да мінімальнага інфармавання насельніцтва краіны пра чэхаславацкія падзеі і правядзення ідэалагічнай апрацоўкі на месцах. Перамены ў ЧСР павінны былі ўспрыняцца як «пагрозы контррэвалюцыі». У БССР на сходах партарганізацый прымалі рэзалюцыі з асуджэннем чэхаславацкага «дэмакратычнага сацыялізму».
Мітынг, арганізаваны партарганізацыяй на Мінскім заводзе аўтаматычных ліній у 1968 г. Зацемка з газеты «Чырвоная Змена» (крыніца: fly-uni.org)
Грамадства Беларусі, пазбаўленае інфармацыі, даволі пасіўна адрэагавала на падзеі: на прадпрыемствах і ў арганізацыях праходзілі мітынгі і сходы ў падтрымку ўводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію, шмат хто абураўся па кухнях, баючыся рэпрэсій, хаця па ўсёй краіне знаходзіліся адзінкі, якія асуджалі савецкую інтэрвенцыю, нават пісалі ў газеты, у парткамы, раскідвалі антываенныя ўлёткі. Дакладная колькасць асоб, прызваных з запасу з тэрыторыі БССР і накіраваных у Чэхаславакію, невядома. Сярод беларускіх ваеннаабавязаных таксама знаходзіліся людзі, не гатовыя выконваць злачынныя загады.
Як ставіўся асабіста Машэраў да «Пражскай вясны», з прамых крыніц невядома, але стыль яго кіраўніцтва дазваляе меркаваць, што лідар БССР дапускаў магчымасць існавання чэхаславацкага шляху. Вынікам саўдзелу БССР у здушэнні «Пражскай вясны» стала ахалоджванне зносінаў з Чэхаславакіяй, асабліва ў культурнай сферы, на працяглы час, а таксама непрыязнае стаўленне да прадстаўнікоў Беларусі, якия наведвалі замежныя краіны ў той час.
Беларускія паселішчы ўсё яшчэ захоўваюць памяць пра чэшскіх каланістаў: вёска ЧЭХІ ёсць на Астравеччыне і ў Нараўлянскім р-не, на Вілейшчыне і ў Мядзельскім р-не; свая ЧЭХАЎШЧЫНА ёсць ў Гарадзенскім і Лідскім раёнах, на Валожыншчыне і пад Мёрамі. ЧЭХАЎЦЫ — гэта вёскі ў Іўеўскім раёне і Лідскім раёнах (крыніца здымкаў у калажы: orda.of.by)
Далейшыя стасункі паміж Чэхаславакіяй і БССР праходзілі і ўмацоўваліся ў межах агульнай савецкай палітыкі да краін-чальцоў «Варшаўскай дамовы». У новы фармат адносін краіны ўступілі пасля 1991 г., калі Беларусь стала незалежнай краінай, а ў 1993 г. прызнала Чэшскую Рэспубліку.
Па перапісе 1999 г. у Беларусі жыло 176 чэхаў і 39 славакаў. Па перапісе 2009 г. зафіксаваны ўжо 121 чэх і 24 славакі. Афіцыйныя даныя з перапісу 2019 г. не даюць звестак пра іх.
Колькі словаў пра беларускую эміграцыю ў Чэхію
Звесткі пра першых беларускіх палітэмігрантаў адносяцца да 1905 г., калі яшчэ Аўстра-Вугоршчына давала ім прытулак. У тым жа годзе ў Чэхіі была створана першая беларуская арганізацыя «Табар». Падчас Першай сусветнай вайны на чэшскай тэрыторыі былі створаны лагеры для ваеннапалонных, дзе ўтрымліваліся таксама вязні беларускага паходжання. Пасля ўтварэння Чэхаславакіі ў 1918 г. была створана Беларуская нацыянальная рада (БНР). Беларускія палітыкі лічылі, што Чэхаславакія можа стаць пасярэднікам і абаронцам іх інтарэсаў. Аб гэтым сведчыць ліставанне і наступная сустрэча прэзідэнта Масарыка з Антонам Луцкевічам.
Беларусы Прагі. Здымак 1920-х гг. (крыніца: Wikimedia; public domain)
Хаця Масарык ставіўся да гэтага адмоўна, у Празе паміж урадам Чэхаславакіі і БНР у 1921 г. была заключана дамова, па якой студэнтам-беларусам выдзяляліся ўніверсітэцкія стыпендыі. У верасні 1921 г. ў Празе адбыўся Усебеларускі з’езд, які меў вялікі ўплыў на ідэю незалежнасці Беларусі.
Да пачатку Другой сусветнай вайны Прага стала цэнтрам беларускай дэмакратычнай эміграцыі. Палітычная эміграцыя з Беларусі групавалася вакол консульства БНР, створанага ў лістападзе 1918 г. У 1923 г. у Прагу пераехалі ўрад і прэзідыум Рады БНР, якія дзейнічалі да сакавіка 1943 г. (як эмігранцкі ўрад да 1925 г.). У міжваенны перыяд існаваў шэраг беларускіх устаноў: Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф. Скарыны, Беларускі навуковы кабінет. Аслабленне дзейнасці адбылося пасля прызнання Чэхаславакіяй Савецкага Саюза, а значыць і Беларускай ССР. Пасля Другой сусветнай вайны ў Празе жылі 300 беларускіх сем’яў. Беларускае жыццё зноўку актывізавалася ў 1990-я гады, а ў 2013 г. чэшскі ўрад прызнаў беларусаў Чэхіі нацыянальнай меншасцю.
Сёння балюча і горка чытаць навіны, падобныя на сітуацыю 1968 г., калі зноў чужыя імперскія інтарэсы разрываюць добрасуседскія адносіны, выбудаваныя стагоддзямі паміж Беларуссю і Чэхіяй. Цяжка вызнаваць факт, што зноў Беларусь разглядаецца на міжнароднай арэне як суагрэсар у чужой палітыцы, а чэшскі ўрад сыходзіць у халодную фазу зносін з прадстаўнікамі нашай краіны… Застаецца толькі спадзявацца, што «Пражская вясна» або «Вясна народаў» хутка надыдзе для ўсіх дзяржаў і нацый, зацікаўленых у мірных стасунках, а беларусы і чэхі, як у лепшыя часы, апынуцца пад адным сцягам.
Асноўныя крыніцы:
Česko-běloruské vztahy od dob nejstarších až po současnost
Kotau Pavel. Studenti z velkoknížectví litevského na univerzitách Střední Evropy do r. 1500. Stav a možnosti výzkumu. 2009
Алексяевіч
Варонін В. А. Беларускія землі і Чэхія ў X-XII стст.
Гужалоўскі А. Пражская вясна 1968 г. у люстэрку беларускага грамадства. Часткі 1 і 2.
История чешской диаспоры на Гомельщине.
Чехи белорусского Восточного Полесья во второй половине ХІХ — первой трети ХХ века: формирование диаспоры.